Выбрать главу

Каса ў яе раскруцілася зусім і аб'ехала на шыю; на лбе, было відаць, выступіў пот. Маці ўгрэлася, выцірала лоб даланёй і вадзіла ёй па ручцы ў рыдлёўцы: мачыла, каб не соўгалася рука. Пасля нагіналася, станавілася нагой на рыдлёўку, падымала на ёй пясок і, выпрастаўшыся, кідала назад, на праціўню, неяк бокам, з-за вуха. Алёша згледзеў, што ў яе расшпіліўся ў нажутцы верхні гузік, зачырванеліся шчокі і шыя, нават рукі сталі чырвоныя па локці. Маці ўсягды гэтак чырванела, калі жала пад Карчаваткамі жыта, — Алёша хадзіў памагаць ёй зносіць снапы. Яна спяшаецца, нават не стане, каб адсапнуцца, і яму, Алёшу, загадвае, не адгінаючыся — глядзіць усё на рыдлёўку пад ногі. У вёсцы даўна ўжо ўсе пазарывалі ў зямлю куфры: і Панок, і Махорка. Наста закапала ў хлеве вялікую чорную капусную кадзь — Алёша бачыў — і скідала на тым месцы старое сена з бульбеўнікам.

На дварэ над фермай гудзелі самалёты; пасля пачало вухаць на Плавах, моцна і часта, аж уздрыгвала, здавалася, пад рыдлёўкай зямля.

— Дзе гэта, сын? — спыталася маці, гледзячы з-за пляча на праціўню.

Алёша выскачыў з ямы і, ступаючы ля сцяны па сасновых кругляках, падбег да дзвярэй. Вылезла з ямы маці. Падышоўшы да дзвярэй, яна аперлася побач на рыдлёўку, і яны стаялі цяпер адно ля аднаго і глядзелі праз дзверы за плот — на Плавы. Там памінутне грукала, што таўклі ў ступе. Было чуваць, як звінелі ў хаце ў вокнах шыбы і шашчэў, асыпаючыся ў яму на дно, пясок.

— У Тартаку дзе...

— Не, сын. На Красным... Тартак прама, на пасеку якраз... О-ха-ха...

Узышло сонца, паказалася з-за Плавоў, з-за рудога туляга, жоўтае, калючае. У гародчыку зашумела ад ветру рабіна — шастала галлём па плоце. Алёша пачуў, як яго ўсяго калоціць.

— Марш у яму... Настаяліся... — загадала маці. — Бандзіты... — правячыся, яна пайшла і ссунулася з берага ў яму. Раскруціўшы зусім касу і перакінуўшы яе на грудзі, яна зноў стала кідаць з ямы з-за вуха жоўты пясок. Алёша чуў, як бразгае, чапаючы каменне, у яе пад рукамі рыдлёўка, як стукаюць аб дошкі ў дзвярах камкі цвёрдай гліны; як маці дыхае і дыхае, моцна і цяжка; як яна зноў выцірае даланёй шчокі і лоб ад поту; як пасля кашляе доўга і рэдзенька — «праганяе перхаўку».

Ёй не дае нагінацца каса, з'язджае на вочы, і яна ловіць яе рукамі і хавае ля шыі пад нажутку, зашпіліўшы верхні гузік. Цяпер маці толькі згінаецца і адгінаецца: пускае рыдлёўку і з-за вуха і цераз сябе — цераз галаву. Нават пот не выцірае даланёй, і ён блішчыць у яе на лбе, выступіў кроплямі, што раса.

У маці рыдлёўка з доўгай ручкай, і Алёшу цесна ў яме. Ён прыціскаецца да берага і дзяўбе пад нагамі — ссякае гліну.

— У штых бяры, не дзюбай... І памногу не чэрпай. За табой усё назад асыпаецца... — зноў яму загадвае маці.

Горача стала ў яме. Алёша адгінаецца і, як маці, выцірае лоб.

На Плавах было сціхла, тады пачало бухаць зноў, усё роўна як пабліжэўшы.

— Не ляніся, сын. Я ўсё чую... Не ляніся. Астанёмся і голыя і галодныя... — зноў на яго крычыць маці. Яна ўжо стаіць у яме па пахі; ногі ў яе ўсе ў гліне; усё роўна як яна месіць яе на ферме ў збітым з дошак карыце на цэглу — перарабляць печ. Гліна паналіпла да калень, абсыхае і валіцца на зямлю дробнымі камячкамі.

Маці кашляе: «праганяе перхаўку», дыхае з сябе, што хворая, але не стане, каб адсапнуцца. Махае і махае рукамі, падымаючы рыдлёўку. На спіне ў яе ўжо змокла ад поту белая нажутка, пацямнела; на галаву ў валасы насыпалася пяску. Алёша зірнуў тады на складзеныя сасновыя круглякі ля тыну, дзе ляжала матчына белая ў кропачкі хустка. І на кругляках і на хустцы было поўна жоўтага пяску — панасыпала маці. Пясок насыпаўся і высака на сцяну — на павучынне.

— Не плюй на рукі... Мазалі ўскочаць... — маці была адагнулася і глянула на яго. Яна цяпер была ўся ў гліне: і нос і шчокі. Алёша пачуў, што ў яго ўжо гараць агнём далоні.

«Ад ручкі, — падумаў ён. — Каструбаватая, як палена».

Калі цяпер грукала на Плавах, здавалася — недзе зусім блізка, ля рэчкі. Дрыжала зямля. Маці ўзялася рукамі за бераг, як усё роўна баялася, каб не абрыўся. З кучы пяску, зверху, кацілася каменне і покала ў яму пад ногі.

— Не бойся, сын. Далё-ёка... Вылезь наверх і адгарні з берага пясок на сярэдзіну. У зямлі яно вунь як чуваць, ты скажы... Што за плотам усё адно бухаюць.

На двор нехта прыйшоў да студні па ваду: бразгала вядро на кручку, тады заскрыпеў асвер.

— Выскач, сын, прычыні дзверы. І не вылазь на двор укачаны ў гліну... — маці нават не адагнулася ад рыдлёўкі. Нажутка ў яе была ўжо ўся мокрая аж да паясніцы.

Саскочыўшы зноў на дно ў яму, Алёша пачуў, што холадна ў ногі. Пад глінай пайшоў жвір, руды і дробны, усё роўна як пасечаны, і калолася ў ступні.