Алёша ўжо ўвесь хаваўся ў зямлі — галава была роўна з памостам, і было цесна ў яме. У маці ліўся з ілба цурчом пот; яна памінутне тоўхалася ў плечы доўгай ручкай ад рыдлёўкі. Не слухала цяпер зусім, як грукала на Плавах.
Пасля яна раптам злякнулася, выпусціла з рук рыдлёўку і прыхінулася плячыма да беражніцы ў яме...
Захлебястала за вуліцай на ферме, стукала доўга, не сціхаючы, пасля загуло, цяжка, з перахліпамі.
— Бадай ты агнём пайшло... — маці выцерла даланёй пот на лбе і на шыі і зноў сагнулася: даставала рыдлёўку.
На ферме за вуліцай гудзеў трактар. Трактар не заводзіўся тры дні. Новы яшчэ быў зусім, нават колы блішчалі, а як прыгналі яго з Кур'янаўшчыны ў соснік за фермай — і не завядуць. А яго, як толькі сказалі, што пачалася вайна, сабраліся гнаць у сельсавет. А як пагоніш, калі ён не заводзіцца. Сёння завялі — мужчыны ўсю ноч ля яго не спалі: бразгала на ферме жалеза.
Трактар гналі з фермы ў вуліцу — хлебястала ўсё бліжэй і бліжэй, і пачала дрыжаць у яме беражніца.
— Аж вушы пазакладала... — маці зноў адагнулася ад рыдлёўкі.
Трактар раптам пацішэў, пасля заглох, недзе блізка, ля плота, мусіць, за вуліцай.
Стала адразу ціха, і было чуваць, як на варотах бразгае кручок і па двары дугаюць, не сціхаючы, нагамі. Пасля заскрыпеў асвер.
— Выскач, сын, паглядзі... — загадала маці. — Усё роўна цесна. Замінаеш толькі...
Алёша, стоячы на праціўні высака на пяску, падумаў, што ў маці шырокія ступні, і калі яна топчацца на месцы, убівае вільготны пясок і гліну, што плешча пранікам. На нагах у яе абцерлася сухая гліна, і Алёша ўбачыў, як у маці пачырванелі лыткі і на іх надуліся сінія жылы — вузламі. Пасля згледзеў, што і рукі ў яе чырвоныя, усё роўна як яна выняла іх зімой ля студні з вады і на іх гэтаксама набухлі сінія жылы, бугаркамі. Ён ніколі яшчэ не бачыў, каб у маці былі такія рукі — як пухліна на іх.
Ён падумаў, што жылы могуць лопнуць і ў маці з рук пацячэ кроў, і спалохаўся.
Як яны тады занясуць у хлеў з хаты куфар? Удваіх з бацькам не дасі рады. Куфар цяжкі, не падняць, хоць маці і павынімала з яго ўсё, нават прыскрынак апаражніла. Не станеш жа клікаць людзей. Маці не хоча, каб хто надта відзеў, дзе будзе закапаны куфар.
— Не стой. Як прырос усё роўна. Двор разнясуць. Паглядзі, можа, бацька каго прывёў... — маці зноў выцірала шыю дзвюма рукамі.
Алёша яшчэ з хлева згледзеў ваенных, траіх; яны тапталіся ля студні, разносячы па двары ботамі пясок. Боты ў іх былі сівыя ад пылу аж да калень. На плячах у аднаго была доўгая вінтоўка — бліскала на сонцы, калі ён нагінаўся над зрубам. Ваенныя бралі вядро адзін у аднаго з рук і пілі, змахваючы пасля рукамі з грудзей ваду.
Алёша падышоў да гародчыка і прыпёрся плячыма да частаколу. Ваенныя на яго нават не азірнуліся, як усё роўна яго не было на двары.
Пасля да студні прыбег з вуліцы яшчэ адзін ваенны, высокі, у пакамечанай і задранай ззаду гімнасцёрцы. На плечы ў яго набралася пылу. Нахіліўшы адной рукой вядро — вядро стаяла на зрубе, ён наліў вады спачатку ў шырокую, чорную з вечкам талерку — талерка ўсярэдзіне была белая, як міска, — закрыў вечка і тады сам крукам сагнуўся над вядром: зруб быў нізкі. Адагнуўшыся, ён зноў пабег на вуліцу, абагнаўшы ля хаты траіх, што перш прыйшлі да студні. З двара былі добра відаць з-за тыну яго шырокія плечы ў пыле і чорная галава — ківалася з боку на бок: ваенны быў без пілоткі. Алёша ўбачыў, што на вуліцы поўна пылу; пыл падымаўся вышэй тыну і поўз на гарод пад раку. За хатай моцна і глуха грукала — без сціханага... Здавалася, дрыжыць двор...
Алёша пабег ля хаты да варот.
Яму спачатку здалося, што калышацца ўся вуліца — ад плота да плота... Пасля ён падумаў, што яна ўся зялёная...
Ішлі ваенныя, заняўшы вуліцу ад іхняга аж да Панковага хлева. Ад варот цераз гароды пад рэчку было відаць, як яны спускаліся з грэблі да маста.
У вёсцы раптам стала ціха: не скрыпелі вароты, не ляскалі на ферме калёсы, не гаварылі на двары ў Панка. За туляг над Плавамі заехала сонца; над хатай і над хлевам стала сіва, як ад дыму. Здавалася, усё застыла, што ноччу. Толькі калыхалася ад плота да плота вуліца і грукала зямля: грук-грук, грук-грук... Над вуліцай падымаўся ўгару пыл, высака, роўна з тофелем, што рос у Панка ў гародчыку.
Ваенныя ішлі цяпер каля самых варот: з мокрымі ад поту плячамі, з зялёнымі мяшкамі на плячах і са скручанымі ў трубы сівымі суконнымі шынялямі; з вінтоўкамі і маленькімі зграбнымі рыдлёвачкамі пры боку; з зялёнымі каскамі і з зялёнымі кацялкамі.
Падышла маці з рыдлёўкай у руках, аперлася на ручку і глядзела на вуліцу праз адчыненыя вароты. Мокрая ўся, ва ўкачанай у пясок нажутцы, з нагамі ў гліне: як вылезла з ямы, так і прыйшла. Пасля страсанула ў руцэ хустку — схапіла з сабой, вылазячы з ямы: не паказвацца ж на вочы чужым людзям з голай галавой — і, прыхінуўшы да тыну рыдлёўку, завязала хустку на галаву. Пачакаўшы, пачала выціраць вочы.