Тады Алёша згледзеў, што ўсе мужчыны, нават Янук Тваюмаць, стаяць наперадзе на дарозе, недалёка ад Боганчыкавага жарабка, адзін ля аднаго, падняўшы ўгару рукі, і глядзяць назад, на падводы. З аднаго і з другога боку ля іх блізка стаялі немцы з аўтаматамі ў руках: па двое. Алёша падумаў, што і яго гоняць да мужчын, не загадалі толькі падняць рукі.
Ён хацеў азірнуцца, каб паглядзець, дзе Наста, але ззаду зноў закрычаў немец: «Вэр! Вэр!» — і Алёша ўбачыў толькі яго бліскучыя боты.
Пасля Алёша згледзеў, як да доўгіх Панковых развод падскочылі два немцы, тоўстыя, у пілотках, і пачалі торкаць аўтаматамі ў мяхі. З калёс на дарогу пасыпалася жыта. Тады немцы сталі мацаць мяхі рукамі, кожны мех, і паказваць нешта адзін аднаму пальцамі.
Немцы былі і ля Таніных калёс — стаялі, сагнуўшыся ў крук над мяхамі, на якіх ляжала, не ўставаўшы, Таня. Ля Таніных калёс была Наста, прыбегла, кінуўшы аднаго Буланчыка. Наста ўсё махала і махала рукамі — паказвала ўперад на дарогу — мусіць, на мужчын — і гаманіла, моцна, каб усе чулі. Алёша ўспомніў, што яна і ў вёсцы, у Махоркі ля тыну, калі падыходзіла да немцаў, гаварыла моцна, на ўсю вуліцу.
Немцы былі і на самай гары, абступілі Буланчыка...
Больш Алёша не бачыў ні Насты, ні Тані на калёсах. Яго падагналі да мужчын і паставілі збоку ля Янука. Янук стаяў, высака задзёршы рукі, вышэй за ўсіх, — закасаліся рукавы, і ў яго былі відаць белыя локці. Янук быў без кепкі: недзе, мусіць, згубіў ці пакінуў на возе; мокрыя сівыя валасы на галаве скруціліся ў каслаўкі і папрыліпалі да вушэй. Палатняная рубашка выехала з-пад паясніцы і даставала падалом да калень. Янук павярнуўся і глядзеў на Алёшу нейкімі балючымі вачыма, як шкадаваў усё роўна. Мужчыны, падняўшы рукі, стаялі ціха — ніхто не кратаўся. Алёша ўбачыў, як збялеў Панок; у яго памінутне падскаквалі ўгары плечы — яму цяжка было стаяць, задзёршы рукі: кашляў.
Немец, які прыгнаў Алёшу, крыкнуў тым, што стаялі ля мужчын, моцна і дзярката: «Вэр! Вэр!..» — і тыя суса кінуліся да Боганчыка і Махоркі і сталі мацаць далонямі па грудзях, па жываце, па штанах у паясніцы. Перамацалі пасля ўсяго Панка — ён стаяў і без аддухі кашляў; тады — Янука, чапляючыся рукамі за падол яго доўгай палатнянай рубашкі. Алёшу не кранулі...
Пасля немец у шырокай разношанай пілотцы, што гнаў Алёшу, падскочыў да Махоркі — Махорка стаяў пярэдні, — паказаў аўтаматам на дарогу і крыкнуў зноў моцна і дзярката: «Вэр-вэр!..» Немец паказаў быў яшчэ Махорку падняць вышэй рукі: той быў апусціў іх да самых плеч.
Мужчыны павярнуліся і пайшлі па пяску — па дарозе з гары, — Алёша чуць спраўляўся з імі.
Ззаду зноў загаманіла Наста: мусіць, нешта гаварыла немцам. Пасля крычала. Яе ўжо не было відаць з дарогі.
Алёшу стала ўсяму горача; пясок пад нагамі зрабіўся гарачы-гарачы...
Збоку ля мужчын, якраз ля Боганчыка і ля Махоркі, ішлі два немцы з аўтаматамі перад сабой і круцілі па баках галовамі; за Алёшам ззаду, чуць не наступаючы на пяты, ступаў немец у сівым пінжаку і сівой разношанай пілотцы, той, што гнаў яго да мужчын. Алёша глядзеў на дарогу пад ногі і бачыў яго бліскучыя боты. Калі немец забягаў Алёшу наперад, у яго быў відаць разрэзаны ззаду сівы суконны пінжак і высака, аж пад пахай, чорны пісталет. Было чуваць, як грукаюць па карэнні цяжкія боты, што калодкі, і шуршыць, перасыпаючыся, пясок на дарозе пад нагамі ў мужчын.
Боганчык увесь згорбіўся, угнуў шыю. Рукі ў яго былі задзёрты ўгару, адна вышэй, другая ніжэй, і ён часта згінаў галаву, даставаў шчакой да пляча: выціраўся. Мокрыя аж да калень калошы ў яго папрыліпалі да лытак; на калошы набралася пяску, і яны былі здалёку што яловая карына. Боганчык ступаў дробна і часта, маленькімі крокамі, зусім не падымаючы ног ад зямлі.
Алёша раптам падумаў, што іх вядуць страляць. Адвядуць з дарогі і пастраляюць...
Махорка ішоў пасярод дарогі, па самым пяску, — Алёша, ідучы ззаду, лучаў нагамі ў яго сляды — і то апускаў ніжэй, то падымаў угару рукі. Шырокія плечы ў яго хадзілі хадуном — Махорка часта дыхаў, як змарыўшыся. Аб'ехалі штаны, і на паясніцы была відаць белая палатняная кашуля — сабралася ў фалды. Махорка не варочаў галавой, як Боганчык, глядзеў перад сабой: блізка ішоў немец, наставіўшы аўтамат яму пад паху.
Панок увесь час кашляў; у яго аж пасінела шыя; немец, што ішоў збоку ў Махоркі, дагнаў быў Панка і парнуў яго два разы аўтаматам у спіну: не любіў, відаць, кашлю. Панок закашляўся яшчэ горш: яго пачало тузаць. Немец тады закрычаў. Панок не мог ісці — захлынаўся: пыл з-пад ног лез яму ў горла. Ён хацеў саступіць на сцежку, але на яго наставіў аўтамат немец. Тады Панок пачаў харкаць на дарогу — немец адскочыў ад яго і зноў закрычаў: «Вэр! Вэр!..»