Адзін Янук ішоў смела, ступаючы шырака, як па вуліцы. Алёша падумаў, што Янук вышэйшы за ўсіх, што ў яго не дрыжаць ні рукі, ні плечы. Янук толькі гудзеў сабе пад нос, не сціхаючы, як асва ў акне, заляцеўшы ў хату. На яго азіраліся пярэднія немцы, але не чапалі.
Калі быў зноў закашляўся Панок і, стаўшы, схапіў сябе рукамі за грудзі, яго, падскочыўшы, пачаў яшчэ больш тоўхаць у плечы аўтаматам немец, што калоў усё роўна. Сталі былі на хвіліну ўсе мужчыны, і Алёша ўбачыў, як, адвярнуўшыся, кіўнуў яму галавой Махорка. Алёша згледзеў быў яго вочы: вялікія і чырвоныя, што ўсё роўна набеглі кроўю, яны зірнулі аднекуль глыбака спадылба.
Алёша падумаў, што Махорка кліча падысці. Хоча, каб ён, Алёша, быў у яго на воку... Пасля, калі мужчыны зноў ішлі па пяску і перастаў кашляць Панок, Алёша зноў згледзеў, як яму кіўнуў галавой Махорка. Кіўнуў не азіраючыся.
«Паказвае, каб уцякаў, — падумаў Алёша. — Бо іх вядуць страляць, Махорка ведае...»
Алёшу раптам захацелася падбегчы да Махоркі і спытацца, што ён хацеў сказаць. Пасля захацелася ўчарэпіцца Махорку рукамі за штаны, як ён, Алёша, чапляўся за штаны бацьку, калі бацька гнаў яго ад сябе ў Карчаватках, згледзеўшы немцаў...
На дарозе ад мужчын пахла жытам і потам, як пахлі ўсё роўна кожны раз бацькавы штаны і рубашка на пяколку на печы, калі ён, Алёша, клаў іх нанач сушыць... Так пахла ад бацькі, жытам і потам, калі яны стаялі ўпобачкі ўчора ў вёсцы на вуліцы ля Махоркавай хаты...
Дарога сышла ў лагчыну; сюды, мусіць, нагнала дажджом з гары пяску, бо было не ступіць: ногі ўязджалі ў зямлю па калені.
Зноў запахла аднекуль дымам і сырым пяском...
Пасля Алёшу здалося, што пясок пасыпаўся на яго зверху, як дождж... Праваліліся некуды ногі, глыбака, да паясніцы... Зрабілася блага, стала цяжка дыхаць, зазвінела ў галаве...
Недзе крычала Наста — па лесе ішлі водгаласкі...
Спёрла ўсё ўсярэдзіне і стаяла пад грудзьмі.
Ён не хацеў ісці — аж самі рукі выцягнуліся ўперад і спружыліся. Пасля ён спружыўся ўвесь: і ногі, і шыя...
«Адвядуць» у лагчыне з дарогі і заб'юць...»
— Вэр! Вэр!.. — закрычаў ззаду немец, і Алёша пачуў, як яму сунулі ў плечы нечым вострым, аж засмылела адразу скура — мусіць, садралі. Пасля ён згледзеў, што ўпёрся нагамі ў зямлю і стаіць пасярод дарогі ў пяску. Зноў сталі, мужчыны, адвярнуўся Махорка і кіўнуў галавой.
— Не бойся, дурны... — сказаў пасля і зноў кіўнуў галавой: клікаў да сябе.
— Ёска... Ёска... Тваю маць... — замычэў Янук.
Алёша тады скочыў з месца і падбег да Махоркі, прыціснуўшыся яму да нагі. Немец у шырокай разношанай пілотцы падышоў за Алёшам да Махоркі і сунуў цяпер Махорку аўтаматам у плечы: «Вэр!..» — і зноў паказаў ісці наперад. Яго, Алёшу, не зачапіў.
Пад нагамі стала менш пяску; ён быў змешаны з сухой жоўтай сасновай ігліцай і калоў знізу ў ступні. Лучаліся трава і верас — высокі, сухі, ён дзёр дуддзём ногі ля костачак. З-за сосніку, з-за гары, біла ў вочы сонца; рэзалася пад павечкамі, як ад асця; горка было ў роце, высахла; хацелася піць.
Над соснікам, адкуль свяціла сонца, зноў падняўся пыл; сівы і густы, ён стаяў угары, спаўзаючы на дарогу. Забразгала недзе жалеза. Уперадзе як загаварылі. Ззаду заржаў конь, Боганчыкаў жарабок, — Алёша пазнаў.
У лагчыне, пад самай горкай, сівой ад моху, як ад пылу, тор ад калёс павярнуў управа: выводзіў на шырокую, раз'езджаную, жоўтую ад пяску дарогу, якая пачыналася ля шашы ў Пушчанцы і ішла ў самае Краснае.
Гэта была старая дарога цераз Тартак. Ёй здаўна ездзілі ў Краснае, калі не было яшчэ шашы. Шашу выбрукавалі перад вайной, і па старой дарозе хадзілі толькі леспрамгасаўскія прычэпы — вазілі дрэва. На дарозе былі яшчэ знаць павыбіваныя машынамі ямы; глыбокія, па калена, яны параслі падарожнікам і мятліцай і засыпаліся сасновым шыллём. У ямах раслі казлякі, старыя, што рэшаты, счарнелыя зверху ад пылу, — па іх было слізка ступаць.
Алёша ішоў якраз каляінай.
На шырокай дарозе іх павярнулі і павялі да шашы — назад. Алёша згледзеў, як пераглянуліся былі мужчыны — Махорка з Панком; тады на іх глядзеў — скоса, з-пад рукі Боганчык.
«Чаму яны нічога не гавораць? — падумаў Алёша. — Адвядуць усіх і пастраляюць...»
Яму захацелася бегчы. Скочыць у соснік і — бегчы. Рукі толькі трэба выставіць уперад, не забыцца, каб схаваць вочы, не высадзіць...
Ён успомніў, што яму хацелася бегчы, калі ўчора зганялі ўсіх да Махоркі на вуліцу. Пераскочыць на вуліцы ля Панка цераз тын і пабегчы мяжой на загуменне да пуні. Але ля пуні на загуменні хадзілі ўласаўцы...