Выбрать главу

«Як доўга гоняць... І чаму маўчаць мужчыны?»

Калі яны выйшлі з сосніку на пасеку, Алёша зноў убачыў немцаў. Яны стаялі і сядзелі на зямлі, згрудзіўшыся і заняўшы ўсю дарогу і пасеку, — мусіць, ішлі былі з шашы на Тартак. Насустрач. Над дарогай — над немцамі — падымаўся пыл; яна зрабілася шэрая ад канавы да канавы. Алёша азірнуўся — ён ішоў цяпер спераду з Махоркам — і ззаду на дарозе былі немцы. Рассыпаўшыся, выходзілі з лесу.

— Вэр! Вэр!.. — немец у разношанай пілотцы забег наперад і паказаў, каб яны сталі. Выпусціўшы з рук аўтамат — аўтамат калыхаўся ў яго спераду на жываце, — ён замахаў рукамі і пабег насустрач немцам, што былі на пасецы на дарозе.

Немцы на дарозе сталі адразу ўставаць; пярэднія схлынулі з яе набок да канавы, як са страху.

Тады на дарозе паказалася чорная — аж блішчала — легкавая машына; доўга ківалася па калдобах, тарканулася была на месцы ля немца ў разношанай пілотцы — было відаць, як выпрастаўся немец, — бліснула дзверцамі і памалу ехала насустрач. За ёю бег, махаючы рукамі і аўтаматам спераду на жываце, немец у разношанай пілотцы. Алёша пачуў, як затупалі збоку ля іх двое немцаў, якія былі сціхлі, чакаючы машыны.

Легкавая машына была як усё роўна «эмка», што прыязджала да вайны ў вёску пасля пажару і стаяла ля Махоркі на вуліцы ўвесь дзень. Такая ж чорная і пакатая...

Пад'ехаўшы, яна стала наперадзе, далекавата ад мужчын, і зноў бліснула дзверцамі. Яе дагнаў немец у разношанай пілотцы, выпрастаўся, пасля схапіўся рукамі за дзверцы і трымаў.

З машыны вылез немец і махнуў рукой — загадваў падвесці мужчын. Калі яны падышлі да машыны блізка, як на хату, і сталі, Алёша ўбачыў, што немец, які вылез з машыны і стаяў на дарозе, саставіўшы ногі, маленькі і зусім малады, усё роўна што іхні Юзюк.

Пасля немец ступіў да іх бліжэй і зноў стаў, саставіўшы ногі. Падняў быў да паясніцы руку і апусціў яе зноў уніз — адшпіліў кабуру. Немец, што стаяў збоку ля Панка, сунуў яму аўтаматам у лапаткі, паказваў вышай падняць рукі. Панок закашляўся.

Тады немец, які вылез з машыны, ступіў яшчэ бліжэй да іх і зноў саставіў ногі. Ён быў увесь у сівым, як і той, у разношанай пілотцы, што стаяў цяпер ззаду яго, узяўшыся за аўтамат на жываце. На галаве ў немца ляжала шырокая круглая фуражка з сівога сукна з чорным, бліскучым спушчаным брылём — на самыя вочы. На фуражцы — на кантах — былі беленькія вузенькія палоскі; на самім брылі ляжалі скручаныя ўдвая тоўстыя белыя аборы; над імі прыкарэлі два бліскучыя матылі: адзін вялікі, з расцягнутымі доўгімі крыллямі, другі зусім малы — здохлы. Белыя аборы былі і на сівым каўняры ў пінжаку; над локцем на рукаве быў такі ж самы здохлы матыль, як на фуражцы, толькі цямнейшы, нібы ў што ўмазаны; здохлы матыль быў у немца і на грудзях. Ніжэй локця на рукаве на чорным прыплюшчаным квадраціку ў яго прыліплі дзве бліскучыя літары: SD.

З легкавой машыны вылезлі яшчэ два немцы ў чорных пінжаках — з белымі матылямі і чорнымі, як вугаль, крыжыкамі на грудзях — выцягнутыя, падпяразаныя шырокімі дзягамі, і сталі воддаль, гледзячы на мужчын. Адзін, з двума чорнымі крыжыкамі на кішані, быў у акулярах і з убінтаванай рукой — трымаў яе на жываце. Другі немец у чорным пінжаку занёс рукі назад на паясніцу і расставіў ногі. Алёша ўбачыў, што ўсе чатыры немцы, якія стаялі цяпер спераду, глядзяць на аднаго Боганчыка: Боганчык калаціўся ўвесь, і ў яго над галавой хадзілі хадуном рукі.

Малады немец у сівым, што стаяў наперадзе, ступіў пасля яшчэ бліжэй да мужчын — да Боганчыка — і паказаў на яго пальцам:

— Бандіты?

Боганчык уздыхнуў, апускаючы ніжэй рукі.

Голас у немца быў ядраны, і гаварыў немец усё роўна як той, што біў Боганчыка на гары ля школы.

Мужчыны загаманілі ўсе адразу:

— Нарыхтоўку... тоўку...

Немец тады падняў галаву і ступіў яшчэ бліжэй да Боганчыка. Пасля загаварыў кораценька да немцаў, што стаялі ў яго ззаду: «Вэр!..» — перакладаў.

— Какую нарыхтовку?

— Хлеб... Жыта...

— У Краснае...

— Бумага ў нас...

Мужчыны зноў гаварылі ўсе разам.

— Кто імеет оружіе? — немец цяпер глядзеў на кожнага — пераводзіў вачыма з ног да галавы.

— Няма аружыя... Жыта ў нас...

— У Краснае...

— У нас бумага...

Цяпер малады немец загаварыў да немца ў разношанай пілотцы, тады сказаў нешта тым, што стаялі ззаду, пасля зноў паказаў пальцам на Боганчыка:

— Кто імеет бумагу?

Боганчык забыўся нават, што стаіць, падняўшы рукі; схапіўся адразу за кепку на галаве, перавярнуў уверх і падаў немцу, выцягнуўшы руку. Кепка дрыжала разам з рукой.

— Что такое? — немец быў хіснуўся назад.