Выбрать главу

Тады Боганчык паднёс кепку да сябе, схапіў другой рукой паперу і падаў яе немцу, адну, без кепкі.

Немец хуценька ўзяў у Боганчыка з рукі паперыну, расклаў яе ў пальцах і прабег вачыма, усё роўна як не чытаў. Пасля падаў яе немцу ў акулярах і доўга нешта гаварыў, павярнуўшыся: «Вэр, вэр, вэр...» Немец у акулярах падаў паперыну другому немцу; той узяў яе ў рукі, паглядзеў толькі здалёку, пасля дастаў руку з-за спіны і паказаў на мужчын:

— Вэр!.. Вэр!..

— Можете опустіть рукі... — малады немец узяў паперыну ў немца ў чорным пінжаку і падаў Боганчыку. — Где віделі бандітов?

Мужчыны апусцілі рукі — Янук толькі яшчэ стаяў, задзёршы іх высака над галавой, тады апусціў і ён, гледзячы на мужчын, — і маўчалі. У Боганчыка зноў задрыжала рука, калі ён браў паперыну. Закашляўся Панок.

— Где бандіты? — немец цяпер глядзеў на Махорку; пасля паказаў на яго пальцам — ткнуў чуць не ў самыя грудзі: — Ты! Отвечай!

Немец чакаў.

— У нас у вёсцы немцы... — сказаў Махорка. — Былі парцізаны... стаялі ў вёсцы... Цяпер немцы стаяць... Жыта вязём... Нарыхтоўку...

— Поедете впереді... До самого Красного... Быстро!.. — малады немец паказаў рукой на дарогу на Тартак. — І еслі что... — немец падняў угару руку, пасля раптам махнуў у сябе перад носам пальцам, як што калупнуў. Паглядзеў быў яшчэ раз на Боганчыка, на яго чорную бараду, тады адразу крутнуўся на нагах — ззаду ў яго растапырыўся расстрыжаны надвая сівы пінжак, высака, да самай дзягі. Пасля стаў гаварыць моцна і доўга. Да яго адразу пад'ехала ціхенька чорная бліскучая машына — ад яе засмярдзела дымам, і немцы ў чорных пінжаках, сагнуўшыся, палезлі на сядзенне.

Легкавая машына выехала на сярэдзіну дарогі і, закалыхаўшыся ў старых каляінах, акруцілася і пасунулася назад, на шашу, ціха, як баючыся.

Запахла гарам; Алёша пачуў, як у яго найшло повен рот сліны.

Пасля яму зрабілася горача; падвярнула пад грудзі, закруцілася ў галаве, і ён стаў некуды валіцца, як у яму... Падумаў быў яшчэ, што, мусіць, паслізнуўся, узбіўшыся нагамі на казлякі на дарозе, і ўхапіўся абедзвюма рукамі Махорку за паясніцу — за белую кашулю, што выехала з-пад дзягі.

— Ёска!.. Ёска!.. Тваю маць!.. — закрычаў недзе ззаду за ім Янук.

13

Калі Махорка падняў Алёшу з зямлі — пад пахі, — пачуў, што сталі мокрыя рукі і ліпнуць адзін да аднаго пальцы.

Зірнуўшы на рукі, ён убачыў, што яны чырвоныя: у Алёшы з носа пайшла кроў.

Немцы, тыя, што гналі іх сюды, завярнулі ўжо на дарозе мужчын. Махорка пачуў, як яму раптам упёрся нехта ў плечы. Ён аглянуўся — немец, той, што падбягаў да машыны, стаяў і паказваў рукой ісці да мужчын.

«Павядуць» назад, да падвод, а тады пагоняць перад сабой...» — падумаў ён, і яго раптам схапіла дрыжыка — трасла ўсяго, не адпускаючы...

Калі ён узяў на дарозе Алёшу за руку, яму здалося, што яны ў Разанцы за Дальвай...

Было гэта сёлета на згон зімы ў вялікую адлігу, калі яны ездзілі ў Рагозіна.

Адліга тады стаяла два тыдні запар — паказвала на раннюю вясну. Схавалася было надаўга сонца, асунуліся на вёску хмары; густыя, чорныя, што летам, яны ляглі на самыя стрэхі. Сыпаўся дождж, касы, востры, з ветрам — ішоў круглымі суткамі. Пад вечар драбнеў, церусіўся, як праз падсітак, і тады ападаў туман. Густы — хоць ты пратыкай; сыры і халодны — аж не давала дыхаць, ён клаўся на зямлю, хаваючы з вачэй і хаты, і дрэвы, і дарогу, — еў снег. Усюды было сіва. Усе дні.

Раскіс на дарозе снег. Ногі правальваліся ў ваду да зямлі; вада была ў выбітых конскімі капытамі ямах і ў каляінах ад палазоў; шваргатала несціхана на полі ў барознах, што ўсё роўна ля грэблі ў крыніцы па каменні, кроіла на кавалкі на сцежках лёд, размываючы яго да чорнай зямлі, і гнала ззаду за саньмі шуму і гразь.

Абляглі ў альшэўніку пад Рагозінам гурбы, зрабіліся рудыя; пачарнела поле — латочынамі. Каркалі вароны, валюхаючыся па слізкай раллі.

Пасля адлігі ў той дзень раптоўна ўзяўся мароз. Вечарам, калі яны ўжо выехалі з Рагозіна, зайшоў з Карчаватак вецер, сухі, калючы. Пасыпаліся зверху крупы, дробненькія, мяккія, заносячы выбоіны на дарозе. Свежыя крупы былі белыя, як вата. Запахла снегам — прэснай і чыстай вільгаццю.

З поля яшчэ гнала дарогай у Разанку — у глыбокую, доўгую лагчыну за Дальвай — ваду; чуваць было, як яна булькае на лагу і хлюпае пад нагамі ў каня. З-пад капытоў у яго аж у вочы Махорку — ён ішоў збоку ля аглабні — ляцелі халодныя пырскі і друзалкі мокрага, цвёрдага, што сухі гарох, лёду.

Цямнелася. Калі Махорка ўзбіваўся на цвёрдае, пад нагамі ў яго шапацеў снег, што жарства, падсыхаў на марозе; трашчаў ценкі лядок — у лужах сціналася вада. Вецер браў за шчокі. Намоклі па калені ногі ў старых, падшытых лямцам валёнках з парванымі заднікамі — другога ў ваду не было чаго абуць; рабілася холадна ў пальцы і ў пяты, і калі ён ступаў — чуў, як слізка ў валёнках нагам: пассоўваліся ў насы анучы, і ногі коўзаліся, што па гразі. У руках былі намоклыя, цвёрдыя, як луб, лейцы і рэзаліся ў голыя пальцы: рукавіцы Махорка згубіў яшчэ ў Рагозіне, мусіць, забыўся ў Янэчыка на двары, пад паветкай ля пуні, калі ўціскалі воз, — не помніць добра.