Выбрать главу

Храпе, цёпкаючыся ў вадзе, конь, б'е ў хамут і рве аглобні — могуць лопнуць акрутні, старыя ўжо, служылі цэлую зіму; верне, каб вылезці з каляіны, з вады на сухое — можа перакуліць воз, і трэба ўсю дарогу тузаць за лейцы. Чуваць, як пад вадой палазы дастаюць да самай зямлі і скрыгочуць па каменні, што свінні зубамі; аселі развалы, салома шуршыць і шапоча па снезе, аціраючыся з воза; задзёрся ўгару парубень, мусіць, ад'ехала вяроўка. Каню цяжка, не ў сілу, не трэба было класці такі воз — упоравень са страхой. Салома жытняя, збітая, ляжала ў пуні ў Янэчыка пластамі. Ад добрага жыта — бо слізгалася ў руках і блішчала. Пора ў шчаку, што дубцамі, калі спатыкаешся і ўпіраешся ў воз.

Стары Янэчык, выйшаўшы з хаты, прасіўся, каб не бралі многа, але на яго крыкнуў Сухаў, і Янэчык, адышоўшыся да ганка, стаяў і глядзеў, як уціскалі воз.

Сухаў — з «Барбы»; некалі, як толькі паявіліся партызаны, — немцы прыйшлі летам, а партызаны паявіліся ўвосень, — Сухаў з напарнікам — Махорка ўжо забыўся, як таго звалі, той даўно недзе дзеўся, і Сухаў пра яго не ўспамінаў — стаялі ў Дальве ў Боганчыка: і днявалі і начавалі. Іх звалі «штатнымі». Нечага, відаць, глядзелі — закапана, можа, дзе іхняе было што блізка. Пасля, як за Леснікамі стала ў лесе «Барба», Сухава ўжо ў вёсцы не было, ён прыязджаў толькі па падводы — ехаць у абоз. Сухаў быў невысокі, чорненькі; у чорным, падпяразаным дзягай кажуху — на дзязе ззаду кабура з пісталетам; у чорных валёнках і чорнай вялікай кубанцы з чырвонымі, пацямнелымі палосамі накрыж. За плячом ён насіў доўгую вінтоўку — сэвэтэ. Яна ў яго была яшчэ тады, калі ён паявіўся ў Дальве і стаў у Боганчыка.

Сухаў астаўся ў Рагозіне; сказаў — дагоніць іх у Дальве.

Храпе ззаду Боганчыкаў жарабок, блізка, за самым возам; чуваць, як мацюкаецца Боганчык — ідзе з гэтага боку, дзе і Махорка. За Боганчыкам едзе Сяргеішын Алёша — сядзіць на возе. У Алёшы кары з казой; на бабы пакладзены дошкі; воз у яго доўгі, яму цяжэй абярнуцца, і яго пасадзілі на воз яшчэ ў Рагозіне ў Янэчыка на двары: загібее ў вадзе.

У Разанцы зусім сцямнелася; усхадзіўся вецер, сыпаў і сыпаў крупамі і ныў збоку ў возе ў саломе; за Рагозінам, адкуль яны ехалі, пад'яснілася, пабялеўшы, неба. Было відаць, як па ім беглі хмары. Пасля там выехаў маладзічок, вузенькі, востры і чырвоны — што з агню. Нізка, ля самай зямлі.

Заблішчала ўперадзе на дарозе вада.

Далёка за Рагозінам — мусіць, у саміх Альковічах, дзе быў гарнізон, — застукаў кулямёт, глуха, што з-пад зямлі. Натапырыўся конь, задзёр галаву. Пасля ззаду рэдка і доўга стралялі з вінтовак — як і кожную ноч.

Пад нагамі пабольшала вады — спускаліся ў Разанку. Нахіліўся воз, пад вадой не было відаць следу, не пакіруеш. У Разанцы яшчэ не прарвала дарогу, вада ішла поверху, па лёдзе, разліваючыся шырака, на паўганей. Сплываючы пасля за дарогай у вузкі і чорны ручай, яна пёрлася як шалёная — вірам — і стагнала, што ў рацэ.

Махорка пусціў каня аднаго: конь стары, сам знойдзе дарогу. Ускінуўшы лейцы яму на спіну ля падсядзёлка, ён сышоў з дарогі і пайшоў пасля ззаду за возам.

Вада зайшла за калені, набегла ў валёнкі, халодная, як лёд. Закалола адразу ў пальцы.

— Но-о!.. Но-о!.. — крычаў Махорка, упёршыся ў воз ззаду ля вяровак; чуў, што аслаблі вяроўкі, адпусціліся, і баяўся, каб не выехала з-пад парубня салома... Хроп уперадзе конь, рваў сані; вада апала, не даставала да калень, і Махорка падумаў, што праехаў Разанку, што конь захроп, беручы пад гару. Трэба было ўзлезці на воз, пацягнуў бы конь, а то здурнеў — самахоць памачыў ногі. Стала холадна, падскочыла злосць; забегшы наперад, Махорка схапіў лейцы і замахнуўся з-за вуха... Але конь чапаў і чапаў, напяўшыся, аж скрыпелі гужы — ведама, сырамец, расцягваліся, — і трашчалі пад саломай аглобні — маглі лопнуць акрутні. Махорка зноў ускінуў лейцы каню на спіну.

Стралялі цяпер ужо бліжэй, у Рагозіне. Уверх ляцелі кулі, чырвоныя, як іскры, і гаслі аж тут, над Разанкай. Зрабілася зусім цёмна, схаваўся маладзік; пабольшаў вецер, заныў у возе ў саломе, усё роўна што дзе завылі ваўкі; падрабнелі крупы і секлі ў шчокі, як пяском.

— Мірон!.. — клікнуў раптам Боганчык, сіпата, усё роўна што захліпаўся.