Махорка тады аглянуўся назад — яго быў падхапіў вецер, чуць не скінуўшы з ног... Ззаду на дарозе чарнеў Боганчыкаў жарабок; ля яго бегаў сам Боганчык — з аднаго боку на другі. Бліснуў на вадзе агонь — мусіць, Боганчык быў з папяросай. Тады Махорка ўбачыў, як па снезе ля дарогі, абышоўшы Боганчыка з возам, ідзе Алёшаў конь, даганяе яго, Махорку. Цёпкае па вадзе, цягнучы за сабой аглобні...
— Мірон! — Боганчык крычаў цяпер аднекуль з-за воза: яго не было відаць.
Аббегшы Боганчыкавы сані, Махорка ўбачыў, што на дарозе ляжаў абернуты набок у самую прорву Алёшаў воз; відаць былі з-пад саломы кары з казой і вышараваныя белыя шыны на палазах. Вада, абмінаючы воз, хлынула ў бакі, і да яго было не падступіцца.
— Алёша!.. — крыкнуў зноў Боганчык. Ён стаяў цяпер ля сваіх саней ззаду, не адыходзіўся, як баяўся ўсё роўна вады.
Махорка толькі цяпер агледзеўся, што нідзе не відаць Алёшы.
«Прыціснула...» — падумаў ён.
Вада ля воза займала вышэй калень; чорная, з друзалкамі дробнага лёду, як насечанага.
— Алё-ёша!.. Цыган!.. — закрычаў Махорка і падумаў, што Алёшу не магло прыціснуць возам, бо ён сядзеў наверсе, яго недзе скінула ў самую прорву...
Усюды шумела вада: булькала ля перакуленых саней пад саломай і стагнала пад Рагозінам у глыбокай лагчыне...
Ламаўся лёд, ногі правальваліся на той свет — хоць бы на што аперціся...
Абышоўшы вобмацкам воз, Махорка пабег, коўзаючыся па лёдзе, ля самай прорвы ўніз, у Разанку...
Стагнала вада; вецер быў якраз у вочы; дубелі, не гнуліся ногі... Недзе ззаду ля вазоў нокаў Боганчык, паганяў жарабка: мусіць, выязджаў з вады.
— Алёша!.. Сукін сын... — закрычаў зноў Махорка і пачуў, як праваліўся пад лёд да паясніцы. — Хлапец!..
Займала дыхаць; гнала вада, збіваючы з ног...
Пасля Махорку здалося, што нехта ўчапіўся яму за кажух, ля паясніцы, моцна, як у дзве рукі... Ён аглянуўся і ўбачыў ззаду Алёшу...
— Цыган... Маць тваю так...
— Гэ-эй! Гэй! — гаманіў ззаду на дарозе Боганчык, і свісцеў у лагчыне вецер, нізка, над самай вадой.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Калі Махорку зноў таўханулі ззаду ў плечы, ён убачыў, што астаецца ад мужчын, не спраўляецца ісці. У Алёшы з носа цурчом лілася кроў, капаючы аж на дарогу ў пясок, і Алёша задзіраў угару галаву і спатыкаўся. Рука ў яго змокла, зрабілася мяккая і выслізвала — не ўзяцца.
— Легчы трэба... На зямлю... Што ж з табой рабіць?..
Алёша, папярхнуўшыся, закашляўся. Зрабіўся белы, як палатно.
Махорка, мусіць, быў стаў, бо ззаду яму зноў тарханулі ў плечы.
«Трэба данясці хлапца да вазоў. Узяць на рукі і нясці перад сабой. Не дойдзе...» — падумаў ён.
Махорка сядзеў цяпер на возе, звесіўшы ногі з ляжэйкі, а яму здавалася, што ён ідзе сцежкай, па якой ззаду паўзе гадзюка...
Цела зрабілася шорсткае, што ад асця; здавалася, на скуры высыпала сыпка. Між лапатак стаяў холад — там не высыхала мокрая рубашка. Траслося ўсё ўсярэдзіне, і вунь як не хацелася ехаць — хоць забі.
«Вот табе і Пунішча. Нават не справіліся даехаць. Што цяпер?..»
Адвярнуўшыся, Махорка зірнуў на Боганчыка. Той ішоў ля калёс, узяўшыся за ляжэйку, і глядзеў уперад.
Усе былі ля сваіх вазоў — загадалі немцы. Яны загадалі яшчэ не сыходзіцца ў кучу і не гаварыць адзін з адным. Пагоняць перад сабой праз Тартак. Шаша недзе перакапана... На шашы завалы... А тут, на дарозе, яны баяцца мін. І засады баяцца... Хаваюцца за плечы, як у Камене. У Камене яны аж два разы выганялі з вёскі людзей і пёрлі перад сабой на лог да Віліі, дзе на другім беразе былі партызанскія акопы. І старых і маладых...
На дарозе грукалі нагамі немцы, як усё роўна з сосніку, з гары, сыпалася каменне, — ішлі ззаду, услед за падводамі.
Над дарогай падняўся пыл — роўна з лесам, яна стала ўся сівая, як ад дыму. Немцы падымаліся з лагчыны на гару, і здавалася, што яны вылазяць з зямлі — галовамі. Ішла, відаць, рэгулярная часць — немцы варочаліся з вёсак у Краснае ці, можа, нанава хлынулі з-за Віліі шашой, каб праз Краснае і праз Лепель прарвацца на Палік...
На дарозе ад сонца блішчалі вінтоўкі і аўтаматы, як чорнае шкло. Блішчалі, што выпацканыя ў дзёгаць, чорныя прыклады — немцы няслі вінтоўкі стваламі ўніз: на канцах прыкладаў блішчала шырокая белая бляха. Блішчалі ўгары ў пыле штыкі — нажы — і чорныя скрыначкі на плячах у немцаў, мусіць, з патронамі; блішчалі каскі, вялікія, з чыгуны, у якіх дома вараць свінням бульбу, з загнутымі кароткімі брылямі над вачыма, з белымі, маленькімі, намаляванымі матылямі над вушмі; блішчалі плешкі ад балтоў на касках, белыя, што вышараваныя ў пяску; блішчалі на дзягах белыя кацялкі; блішчалі чорныя кулямёты з доўгімі і тупымі рулькамі ў вялікія дзіркі, бліскалі мінамёты за плячыма ў немцаў — маленькія, чорненькія, на жалезных падстаўках, вузкіх і доўгіх, што ўсё роўна на бляхах, на якіх дома ў печы сушылі баравікі і ячмень на крупы...