Выбрать главу

Махорку здалося, што блішчыць уся дарога... Ён падумаў, што гэта б'е з-за сосніку ў вочы сонца, не дае глядзець, і адвярнуўся...

Пад'язджалі да павароту, да старога раскіданага маста ў лагчыне. За мастом злева на імшарах было недзе Пунішча...

Дарога ішла лагчынай, паабапал дарогі воддаль раслі старыя рэдкія сосны; ля самай зямлі па сівым моху слаўся малады соснік і пад'ялевец.

На глыбокім, густым і дробным, як перасеяным на рэшата, жоўтым пяску на дарозе тырчалі што ўкапаныя сасновыя пні — чорныя смалякі, абдзёртыя восямі і вымазаныя ў дзёгаць, і раслі сасонкі, дробныя, жоўтыя: не ўсталі з зямлі.

З гары, калі ішоў дождж, відаць, гнала сюды пясок, да самага маста; конь правальваўся па калені, і Махорка звярнуў набок, на цвёрдае: на сівец і верас. Ля маста было свежа; над самым соснікам нізка стаяла сонца, і ён блішчаў увесь ад расы. Запахла балотам, гразёю і сырым бабком; зафорскаў конь, чуючы ваду, — хацеў піць.

За мастом дарога выводзіла на стары буй. Пачынаўся Тартак...

На гэтым месцы, выбітым і калясьмі і леспрамгасаўскімі прычэпамі, — тут вазілі да вайны ўвесь час лес да Дзвінасы, пад самае Краснае, — стаяў некалі тартак — лесапілка. Ля лесапілкі быў і млын. Лесапілкі даўно ўжо не стала, а малоць у млын вазіў яшчэ яго бацька, калі быў жывы, Махорка помніць.

На буі ўсюды было панакідана старога дрэва. Доўгае і кароткае, круглякі і пашчапанае, яно ляжала ля самай дарогі, паўязджала глыбака ў зямлю, пагніло, патрэскалася і парасло белым мохам, струпаватым і дробным, што кароста; пазасыпалася жоўтым пяском, які невядома адкуль браўся тут, — мусіць, яго панарывалі краты, точачы норы. Ад сасновага бярвення пааставаліся смаляныя асяродкі — тоўстыя і буграватыя, яны ляжалі на самай дарозе, усё роўна як яе хто вымасціў ад гразі, і драгка было ехаць. Ляскаталі калёсы — здавалася, парассыпаюцца драбіны; кідала з боку на бок, як на грэблі ля вёскі; аднекуль з меха пырскала ў вочы жыта: па зярняці.

Была відаць здалёку белая бяроста — цэлыя кучы, усё роўна як хто нассоўваў яе ды не даў рады забраць ці спаліць; ля бяросты ляжала ўпокат чорная, у белыя пісягі, з нарастамі губы і цэру, крывая, тоўстая, не абхапіць у камлі, бяроза. Сям-там блішчалі сосновыя намазгляватыя, без кары круглякі, не пагнілі і ляжалі ўнакат — у два-тры бярны, — дзе некалі, мусіць, былі высокія, не дастаць з зямлі рукой, шліхты. Пасля іх раскацілі людзі, рассунулі бомкамі і пусцілі ў гатар. Гатар рэзаў цвёрдую з камля, што камень, сасну, засыпаючыся чырвоным ад смалы, як акрываўленым, пілавіннем; крышыў на соль доўгімі і вузкімі, нацягнутымі, як струны, піламі сухія сукі, што ішлі ў дрэве ад самага сэрца; стукаў з натугай, як надрываючыся, калі людзі, упёршыся рукамі, пхнулі яму пад зубы дрэва; пасля ныў, як шалёны, калі аставаўся парожны, раскінуўшы на бакі шырокія, тонкія, белыя, як сыр, дошкі — усё, што асталося ад дрэва. Дошкі хапалі з-пад піл чорныя, у смале, чалавечыя рукі і адкідалі далёка ў шліхту, а з другога боку зноў пхнулі на цялежках па рэйках сасновы цвёрды камель пад самыя зубы, і зноў гатар засыпаўся пілавіннем, задыхаючыся...

Вецер гнаў пілавінне далёка на буй, ці, можа, яго адвозілі далей ад лесапілкі і ссыпалі, і яно ляжыць яшчэ хоць дзе і цяпер, не пагніло. Там, дзе былі сасновыя шліхты, на зямлі блішчыць смала. Яна некалі цякла з перарэзанага непадсочанага дрэва, капала і сохла. Цяпер смала — што журавіны на балоце, калі пачынаюць спець. Яе што насыпана, і яна ўсякая: і жоўтая, і чырвоная, і белая. Лучаюцца і вялікія друзалкі, з яйцо, і меншыя, з арэх.

Ля гнілога дрэва пусціўся расці маліннік. Густы і цёмны, ён слаўся па зямлі, хаваючы з вачэй трасочнік і сівое выпетранае пілавінне. Тырчаў кустамі белы сівец, насеяўся, і пайшоў у рост верас, высокі, сухі і разгаты — адны дудкі. Далей ад дарогі на буі відаць былі кунатыя зялёныя сасонкі — раслі памялом, і адскочыў высокі і гонкі бярэзнік — яго ўжо можна было рэзаць на венікі: мясці ў хаце.

Лес засцілаў і хаваў з вачэй здратаваную зямлю, хаваў першы тартак, які зрабілі тут, калі яшчэ ў хатах ляжалі халодныя, не ступіць босай нагой, з чырвонай гліны, убітай пранікам, падлогі; калі трэба было, паклаўшы на высокія сталюгі дрэва, выразаць рукамі дошку за дошкай...

Махорка помніць: як ён быў малы — на двары ля варыўні на сталюгах рэзалі дошкі. Пілавіння было цэлы двор — аж да ганка.