Праз некалькі гадоў ад тартака астанецца толькі званне; гэта месца: і лог у самы кут да ракі, і буй, і лес за мастом на гары — будуць зваць адно Тартаком, як завуць ужо і цяпер. Толькі доўга яшчэ будзе ляжаць ля дарогі вялікае белае каменне, пакуль не патрэскаецца, не абрасце мохам, не пачарнее і не ўедзе ў зямлю — навек. На ім зноў тады вырасце лес — падыдзе да самай дарогі, як і даўней...
На буі пахла смалой, густой, сасновай. Так пахла смала на падсочцы пад Карчаваткамі. Яна і цяпер яшчэ ляжала там у тарнітках — можна знайсці ля пнёў — застыла, цвёрдая, што камень, і бліскучая, як шкло.
Пах смалы быў сухі і горкі — хацелася кашляць. Здавалася, ён вісеў над дарогай ад учарашняга, калі пякло сонца, — вісеў у лесе, як у сценах, не баючыся халоднай начы і туману.
Немцы ішлі ззаду, услед за Насцінымі калясьмі, — ускруцілі пыл, ён падымаўся вышэй лесу, рабіўся руды ад сонца і поўз над соснікам у лагчыну на балота, — грукалі нагамі пасярод дарогі; саступалі з пяску набок, на траву, заходзячы наперад Буланчыку, агіналі калёсы, як усё роўна шырокай падковай, і зноў блішчалі на сонцы з галавы да ног, аж слеплі ад іх вочы...
Махорка падумаў, што недзе так немцы ішлі і за каменскімі бабамі, калі гналі іх да броду перад сабой...
Немцы, было відаць, ішлі ззаду з перарывам: валілі валам, тады дарога была пустая, стаяў толькі пыл; пасля зноў пачыналі ісці і ішлі без сканчонага.
Цяпер, калі Махорка азіраўся, бачыў, што пыл падымаецца аж за пасекай над лесам — ля шашы. Там раўлі машыны і глуха бразгала жалеза.
На шашы, мусіць, танкі, шашу недзе завалілі, і танкі пойдуць сюды, на Тартак...
— Паганяйце!.. — крыкнуў ён; яго ўсё яшчэ трасло: адпусціць, тады зноў схопіць, як голага...
«Мне ўжо, што зверу... трэба шукаць цёплага месца, каб дзе пагрэцца на сонцы», — падумаў ён.
Над дарогай праляцеў, цыльгікаючы, дзяцел — над самымі калясьмі; запахла аднекуль сырой зямлёй, аж зрывала нос.
Пасля на дарозе ззаду раптам зрабілася ціха, усё роўна што сталі былі і калёсы і немцы...
Калі Махорка пачуў, як стрэлілі — блізка і ядрана, аж рэха пайшло лагчынай, — не пазнаў адразу дзе: здалося, як усё роўна над вухам...
Ён спопаразку адвярнуўся: яны былі ўжо ў лагчыне — у самым Тартаку.
Ззаду за ўсімі махала і махала лейцамі Наста: астаўшыся, паганяла Буланчыка. За ёй усё яшчэ ішлі пярэднія немцы, блізка, падковай. Махорка падумаў быў адразу, што трэба было б памагчы Насце падапхнуць калёсы, бо Буланчыку цяжка па пяску. Пасля ён згледзеў, як становіцца ў пяску і Панкоў конь: пройдзе-пройдзе і стане. Панок сядзеў на возе, звесіўшы галаву. Не было на калёсах толькі Боганчыка. Пацямнела рабая Таніна кабыла — ад пылу.
Пасля адразу ад трэску зашумела ў галаве, і Махорка пачуў, як яго таўханулі знізу калёсы — рвануў, мусіць, Сібірак — і скінулі з воза. Ён, схапіўшыся за ляжэйку, ускочыў быў адразу на ногі...
Р-р-р... — трашчала ззаду на дарозе ля маста, як у агні. Над гарой, адкуль яны з'ехалі, падняўся густы пыл, засцілаючы соснік да самай зямлі. Пыл падымаўся кучкамі і на дарозе ля падвод: блізка ля Алёшавых калёс...
— На зямлю! Дзяцей на зямлю!.. — закрычаў Махорка, не чуючы самога сябе, і пабег, сагнуўшыся, назад ля падвод.
Убачыў быў, як кінула з рук лейцы Наста і пабегла яму насустрач. Страпянуўся на возе Панок: конь рвануў яго разводы з дарогі пад сосны. Панок тросся і кашляў, але яго не было чуваць.
— Дзяцей на зямлю!.. — закрычаў зноў Махорка і падумаў, што Наста яго не чуе: мінула Алёшавы калёсы і бяжыць воддаль ад вазоў наперад, сюды, да мужчын...
Махорка тады падбег да Таніных калёс і, схапіўшы Таню пад пахі, сцягнуў на пясок...
Таня ўчарэпілася яму за рукі і не пускала ад сябе...
— Не ўставай!.. — загадаў ён. — Аш-шалела...
Пасля, стоячы на каленях, убачыў, што Наста ўсё яшчэ бяжыць па пяску, схапіўшыся рукой за грудзі — задыхаецца.
— Кладзіся!.. Здурнела, маць тваю так!.. — замахаў ён на яе рукамі. — Заб'юць...
Наста ўсё бегла, мінуўшы Алёшавы калёсы, — бегла, мусіць, да Тані...
— Алёшу!.. Алёшу глядзі!.. — закрычаў ён зноў.
Але Наста бегла, не чула.
Тады ён згледзеў, што Алёша сядзіць усё на калёсах, не кратаўшыся, як прырос...
Падняўшыся з калень, Махорка пачуў, што яму стала ўсяму горача і круціцца ў галаве, усё роўна як чым яе ўдарылі...
Алёша сядзеў на калёсах, увесь жоўты, што агонь; вадзіў толькі галавой з боку ў бок... Пасля Махорка ўбачыў, што жоўтая стала зямля і мяхі... Падумаў, што гэта ў яго ўваччу.
Недзе блізка заржаў конь. Закрычаў Панок, як усё роўна наперадзе...
Махорка тады, бегучы, глянуў на дарогу і ўбачыў, як у лагчыну, сюды, дзе сталі падводы, хлынулі немцы. Беглі соснікам, прыгнуўшыся; сыпаліся дарогай адзін за адным, топчучы ўсё жывое пад нагамі; падалі пластам на зямлю ў пясок — клаліся аблогай...