Выбрать главу

Махорку раптам здалося, што з гары сыплюцца мышы... Усё роўна як хто касіў у тым баку на балоце ля маста і, размахнуўшыся касой, падкінуў з кургана ўверх мышынае гняздо... З гнязда рассыпаліся мышы; дробныя, сівыя, яны пішчалі, прыбітыя і парэзаныя, на чым свет стаіць, аж закладала вушы...

Махорка падумаў, што немцы лучылі на засаду, што партызаны зрабілі яе ля маста пад самым Красным, дзе іх зусім не чакалі. Немцы рынуліся ў лагчыну, бо па абозе з засады не стралялі — прапусцілі наперад... Яны хаваліся за людзей, як у Камене...

Махорка пачуў, як над галавой засвісталі кулі, кароценька і востра — цюў! цюў! — і білі па дарозе, па пяску, цвёрда і глуха, усё роўна як хто лупіў цапамі па кучы жыта на праціўні ў пуні. Застрыг вушамі і рвануўся з аглабень Алёшаў конь.

Па іх цяпер стралялі і ад маста, з лесу, з засады, і з балота, куды схлынулі з дарогі немцы... Яны цяпер, усе сямёра з падводамі, асталіся адны на дарозе... Трэба бегчы ўсім за паварот да маста — да партызан. Каб толькі Алёшу схапіць з воза...

— Кладзіся, дурная!.. — крыкнуў ён зноў Насце. Яна бегла якраз на яго, раскінуўшы рукі, усё роўна як хацела злавіць... Яму здалося, што ў яе чорныя вочы, як галавешкі, і вялікія-вялікія. Бегаюць і бегаюць, не ведаючы, за што ўчапіцца...

Ён як быў сагнуўшыся, дык і штурхнуў яе абедзвюма рукамі — у самую паясніцу... Яна расцягнулася была на траве, на белым сіўцы, выставіўшы ўперад рукі, тады раптам страпянулася ўся і, ускочыўшы, пабегла зноў наперад...

«Да Тані...» — падумаў Махорка і закрычаў:

— Назад! Назад да маста! Сам забяру дзяўчыну.

Наста бегла цяпер сагнуўшыся, як і ён, Махорка, не махала рукамі і, павярнуўшы галаву, глядзела адно, утаропіўшыся, на той бок дарогі, да маста, адкуль стралялі...

Пасля Махорка ўбачыў, як падняўся на заднія ногі Алёшаў конь — задзёрліся высака ўгару, аж стаймя, белыя аглобні — тады памалу-памалу пачаў асядаць на дарогу, усё роўна што баючыся ступіць на яе бліскучымі, вышараванымі аб пясок падковамі... Чмякнуўся пасля цяжка, што ссечанае дрэва, схаваўшы ў пясок галаву з вялікімі мокрымі вачыма... Зазвінела, лопнуўшы, атоса і стукнулася канцом па зямлі ля самых ног у Махоркі — спераду. У вочы пырснуў пясок.

Цяпер Махорка ўбачыў Алёшу высака на мяхах... Той сядзеў нагнуўшыся ўперад і, раскрыўшы рот, глядзеў на дарогу — на каня... У яго расшпілілася на грудзях чорная рубашка — раз'ехаўся замочак — і спаўзла з плячэй. Было відаць голае маленькае худое плячо — пачырванела збоку — Алёша, мусіць, адлежаў яго на мяхах, едучы ўсю дарогу.

Махорку зноў было здалося, што Алёша ўвесь жоўты...

— Далоў!.. Далоў, сукін сын... Адурнелі ўсе...

Махорка выпрастаўся ля самых калёс і ўбачыў, як з мяхоў кулем скаціўся на зямлю Алёша, нібыта Махорка яго лавіў і ён не хацеў дацца ў рукі...

— Назад, сукін сын!.. У Лажок, да маста... У Лажо-о-ок... Да ма-а-ста... На-аста!.. На Пунішча!..

Цюў, цюў... Кулі зачапілі мяхі ў Алёшы на возе, блізка, ля самых грудзей у Махоркі. Па шчацэ сцебанула жыта, усё роўна што пырснула з-пад цапоў у малатарні... Пасля ён пачуў, як яго ўдарыла ззаду нечым цяжкім і цвёрдым у плечы...

Затрашчала цяпер за мастом, на самай гары, адкуль яны ехалі, — за паваротам... Стралялі і адтуль, мусіць, удоўж па дарозе сюды, у лагчыну, куды беглі немцы...

Адняліся раптам ногі па самыя калені; Махорка хацеў быў учапіцца рукой за ляжэйку, але не слухала рука. Здалося, што дарогай пагнала жоўты пясок; пясок заняў аж па пахі, і ў ім мякка стаяць, што прыхінуўшыся на лагу да капы сырога сена. Горача стала ў плечы і мокра — гэта сена стаяла, складзенае ў капу ўсю ноч, угрэлася і гарыць...

Ён здагадаўся: па ім стралялі з балота немцы — якраз у спіну... На партызана падумалі: бегае па лесе ў чорным...

Падаючы, ён чуў, як дугала на дарозе, нібыта гналі ад маста ў лагчыну коней. Убачыў, што зноў бягуць немцы, азіраючыся і страляючы назад. Далёка, на самай гары за мастом, бушаваў агонь — высокае жоўтае полымя лізала соснік. За ім не было відаць неба.

Пасля Махорка ўбачыў, што гарыць і ля маста — гарыць лес; немцы ўсё бягуць яшчэ дарогай адтуль — заднія, мусіць, — падаюць, устаюць і зноў бягуць сюды, у лагчыну.

Ударыўшыся аб зямлю, ён пачуў, што захлынаецца ад пылу. Запахла гарам... Здалося, гарыць вёска — Сяргеішына хата і свіран — і бягуць з вёдрамі людзі...

Пасля ён убачыў угары белае неба, яно было гарачае-гарачае, як учора днём, калі зганялі ў вёсцы людзей. Горача стала ўсяму — знізу, ад зямлі. Разанула глыбака-глыбака ў плячах... Балюча зрабілася ў грудзях і мокра... Займала дыхаць...