Здрыганулася недзе падыспадам зямля, і стала адразу ціха.
З калёс з меха пасыпалася жыта — яму на рукі.
Ён згледзеў яшчэ, што ў галавах у яго расце авёс, насеяўся на дарозе: малады, зялёны, з цёмным доўгім зернем.
«А нам, татарам...» — падумаў ён і яшчэ быў падняў руку...
14
Конь напінаецца ў аглобнях, усё роўна як у пастронках, калі ідзе гранкай, запрэжаны ў плуг. Завальваюцца колы ў выбітыя ямы на дарозе, і Панку зноў здаецца, што ён дома ў гародзе ад фермы ганяе гранкі...
Выскоквае плуг, ссоўваючы ў баразну разам з зямлёй мёрзлы чорны бульбеўнік, хоць крук ад ворчыка зачэплены аж на крайні зазубень, і тады трэба яму, Панку, ідучы баразной, трымаць ручкі адной рукой, а другой хапаць за тугую павіваную новую пяньковую лейчыну і цягнуць на сябе што ёсць сілы. Лейцы паўзуць на спіну — Панок быў зачапіў іх за шыю, і ён спыняе каня. Скідае лейцы з шыі і завязвае іх на засмаржку ля белай новай бярозавай ручкі, якую сам вычасаў учора тапаром, на дрывотні агабліў скоблямі і прапёк у ёй, нагрэўшы ў пячуры ў чырвоным вуголлі шыла, дзірку, каб асадзіць на пляскаты жалезны канец.
Ручка не выслізганая, за яе добра трымаць плуг, і Панок паклаў на яе даланю, падпёршы знізу, а пальцамі напінае лейцы. Каню цяжка ісці высокай гранкай: параконны плуг з шырокай паліцай лезе аж да жоўтага пяску, адкідаючы ў мелкую ад акучніка баразну шэрую густую раллю.
Трашчыць пад нагамі ў каня і пад дышлем у плузе каліўе мерзлага сухога бульбеўніку — яго не паспелі зжаць, схапіў мароз; стукае адно аб адно каменне — скочваецца з гранкі на дно ў баразну; лопае ззаду ў баразне крыллем певень — кліча курэй.
Пахне зямлёй і сухім авечым гноем, які не згніў за лета на гародзе пад ферму; пахне сырой глінай і свежым хрэнам, парэзаным у зямлі вострым нарогам, — гэта ля самай мяжы ад вуліцы.
Пахне бульбай на ўвесь гарод, як у варыўні з загарадкі...
Калі Панок на завароце пускае каня на мяжу ў лебяду і канаторжнік і, узяўшы ў руку пугаўё ля самага канца, счышчае ад гліны і пяску паліцу ў плузе, тады адгінаецца, каб перавясці дух і адкашляцца, — бачыць чорную гранку з бліскучай баразной на дне. Баразна блішчыць там, дзе ішоў палазок, — доўгая, ад віліцы аж да фермы, і ўся жоўтая ад паспешкі і сібіркі. Ля самых ног на чорнай раллі ляжаць, што дробная бульба, скручаныя ў кольцы белыя чэрві з жоўтымі галовамі — павыворваліся глыбака з зямлі, і іх клююць куры, кудакчучы на ўвесь гарод. Куры бягуць услед за плугам, даганяюць і дзяўбуць за канец — за вузел — белую вераўчаную пугу.
Додніцай быў мароз — ляжаў на траве іней, — і холадна ў баразне ў босыя ногі; на пырніку на гранках і на бульбеўніку блішчыць на сонцы раса, усё роўна што бітае шкло, якога панавозілі ў гарод з гноем за многа гадоў.
Узышло сонца, паднялося над соснікам; на чыстым небе яно аж пераліваецца, скача ўваччу, і чуваць, як пачынае грэць у спіну, усё роўна што стаіш ля чалесніка, калі топіцца ў печы.
За ракой, на Выганчыку ля грэблі, туман — падняўся ўгару роўна з альшэўнікам, і відаць, як з зямлі ад агню, дзе спалі ноччу начлежнікі, ідзе дым. Туман відаць і ля лесу на загуменні, дзе ляскочуць па дарозе калёсы.
Ціха, чуваць, як у тым канцы вёскі галяшыць певень; скрыпяць дзверы на загуменні ў некага ў пуні; з комінаў ідзе высака ўгару дым, слупам, што зімой у мароз. Неба рэдкае — днём будзе горача.
Загуменнем вядуць коней — людзі запрагаюцца выбіраць бульбу...
Спаўзае ў баразну конь, лезе наверх плуг — не памагае, што падымаеш яго ўверх за ручкі: глыбака пасеялі вясной бульбу, на пяску — баяліся, што будзе сухое лета. Горача робіцца ў плечы, яны макрэюць; ліпне да лапатак кашуля. Трэба было б паклікаць Верку вадзіць каня, але яна не спарадкавала яшчэ ў печы; пасля пабяжыць да Махоркі пазычыць мяхоў: прыйдуць з вёскі выбірачкі, каб не стаялі. Хаця, усё роўна трэба будзе ссыпаць бульбу ў кучу — накрыецца нанач бульбеўнікам, саломы можна будзе паднесці, калі пакажа на мароз... Ды і нашто яе ўсю вазіць неперабіраную на двор у варыўню... Назад у яму тады зноў вазі — насіся толькі з поўнымі мяхамі цераз парогі. Такой пагодай бульбу можна адразу вазіць і сыпаць у яму.
Пахне з двара з коміна гарэлым сасновым памялом — Верка выпаліла ў печы і садзіць хлеб. Вялікія, белыя і цяжкія буханкі, памечаныя пальцамі па краях, яна ссоўвае з шырокай, пасыпанай мукой лапаты на падмецены памялом дачыста под.
Выбірачак трэба будзе садзіць у палудні за стол; хлеб якраз спячэцца і астыне ў сенцах на шафарні, абліты зверху халоднай вадой.