Выбрать главу

Выбірачкі прыйшлі загуменнем; пралезлі ў плот, сагнуўшыся і адсунуўшы ля нізу, ля самай зямлі, жэрдку, — Наста наперадзе, другія за ёй; паскідалі з плячэй суконныя жакеткі і сачыкі: ведаюць наперад, што ўгрэюцца, — і сталі займаць гранкі, кідаючы ў барозны, яшчэ здалёку, новыя белыя каранёвыя кошыкі. Наста прынясла з сабой з дому на плячы мяшкі; пайшла баразной, скідаючы іх адзін за адным на гранку, каб пасля далёка не насіць у руках поўныя кошыкі; дастанецца і так: гранкі даўгія, ад фермы ад мяжы да самай вуліцы, — пастой, сагнуўшыся карчом увесь дзень, пагрэбай зямлі, што курыца...

Выйшла Верка з двума кошыкамі на руцэ — згледзела, мусіць, у акно выбірачак, пазносіла жэрдзе ад спрагі на мяжу ў гарод, загаманіла здалёку да Насты і паставіла кошыкі ў баразну ад вуліцы — будзе гнаць гранку адтуль, чаго яшчэ ісці гэтулькі, каб заняць ад фермы. Панок убачыў, што яна прынясла ў кошыку мяшкі, дастала, мусіць, новыя ў сенцах з шафарні. Можа, цяпер, калі Наста прыйшла са сваімі, яны абыдуцца, не трэба будзе ісці пазычаць да Махоркі.

Верка вытрасла з кошыка мяшкі на мяжу, ля самага акопа. Абмежак ад вуліцы быў увесь скапаны, яго парылі партызаны з «Жалезняка», калі стаялі двое сутак у вёсцы, а ў Сушкаве былі немцы. У вёску тады немцы не прыйшлі, не пусцілі партызаны.

Мяжа здалёку ўся чорная ад зямлі, здратаваная, налета яе ўжо не абаб'еш касой. Гарод іхні якраз на гары, проці маста, з яго відаць аж далёка на грэблю, і партызаны зрабілі ў ім дзот. На самай паспешцы ля мяжы — паспешка яшчэ не была скапана — вырылі яму глыбака, да гліны, нацягалі з-за плота з дзядзінца чосанага Боганчыкавага бярвення — Боганчык часаў бярвенне на свіран — і склалі дзот у два накаты. Тырчыць з зямлі ў гародзе, як бугор, жоўты зверху ад пяску; пясок высах, абсыпаўся, і відаць здалёку новае белае бярвенне. Партызаны былі нанасілі ў дзот саломы; салома, лежачы, адсырэла, і з дзота пахне цвіллю, што вясной з ямы, дзе ляжала не адкрываная ўсю зіму бульба.

Ля дзота Панок яшчэ не разганяў гранак: паспешка тут скапана ад вуліцы аж да палавіны гарода. Ад фермы можна будзе пасля раскінуць хвасты, выберацца мяшкоў шэсць на насенне, а астатняе дазбіраецца за плугам, як будзе пераворвацца ўвесь гарод, — пойдзе ў маленькую загарадку, свінням, у яму не павязуць. Калі будзе гэтак суха, як цяпер, гарод можна пабаранаваць; бульбы з-пад бараны свінні не наядуцца, мех-паўтара будзе, затое бараной збярэцца мёрзлы бульбеўнік — дуддзё — і пырнік. Спаліць яго можна пасля, як высахне; на двор жа не прынясеш, каб кінуць ля хлеўчыка пад ногі ў гразь. Пырнік перазімуе, а тады з гноем вясной зноў яго вязі на калёсах у гарод.

Ад фермы з гары конь ідзе гранкай, не завальвае ў баразну, і не трэба тузаць лейцамі. Паліца адкідае далёка, аж праз гранку ў баразну, раллю з бульбай і каменнем; не збіраецца ў кучу і не падпірае пад дышаль пырнік з бульбеўнікам; скрыгоча толькі па каменні ў зямлі нарог — трэба трымацца за ручкі: можа выскачыць наверх плуг, адсядай тады назад, тапчы бульбу. Калі едзеш ад фермы — баразна роўная, што пад шнур, і чыстая: ступаеш што па ўбітым гліняным таку, і чуваць, як спаднізу ад сырой зямлі холадна ў ногі. Чуваць яшчэ — падае ззаду на дно ў баразну бульба і каменне і лучае па костачках; трэба было ўссунуць што на ногі, хоць басанож.

Шваргочуць выбірачкі; доўга яшчэ будуць падымаць, сагнуўшыся ў гранках, адна да адной галовы, трасуць кошыкі, узяўшы за ручкі — падсяваюць бульбу, каб не насіць лішні пясок у мяшкі, і яна грукае ў сухіх каранёвых кошыках. За выбірачкамі ззаду сохне ўвачавідкі чорная ралля: бялее зверху, нібы яе хто пасыпаў дробна попелам праз пальцы. На падсохлай раллі відаць чырвоная бульба — асталася па бульбіне — і белае дробнае каменне, якога летам не было — павыворвалася спаднізу; капаюцца куры, грэбаюць нагамі свежы пясок, дзяўбуць белае карэнне ад пырніку, тады збягаюцца ў адно месца і кудахчуць на ўвесь гарод — не падзеляць чарвей.

Пасля зноў гамоняць і гамоняць выбірачкі, адагнуўшыся і носячы поўныя кошыкі высыпаць у мяшкі. Белыя высокія мяшкі стаяць на гранках ля плота, насыпаныя аж па завязку; яны не завязаныя, і з іх здалёку відаць чырвоная бульба, па кулаку. Мяшкі выбірачкі не завязваюць, іх завяжа сам Панок, калі перапражэ каня ў калёсы. Завязваць мяшкі трэба мужчынскія рукі; кожны мех, узяўшы за рагі, даводзіцца трасці, каб зляглася бульба і было за што зверху акруціць завязку, бо мяхі выбірачкі насыпаюць поўныя, хоць адсыпай; не ўсе і мяшкі з завязкамі — лазь тады з рукамі па кішэнях, шукай аборыну ці кавалак рубца ад падала старой кужэльнай кашулі...

Бульба тырчыць у мяшках вялікімі гузакамі, і мяшкі аж распаўзаюцца па швах: бульба вялікая, з прыгоршчы, сіськаватая; пад вуліцу, дзе ніжэй, яна зусім збуяла і ляжыць у гранках як карчы — на яе не ступіць нагой: спатыкаешся, што на каменні.