Выбрать главу

Жых... Жых... — зверху на спіну каню і на выцягнутыя рукі яму, Панку, сыпаліся сасновыя лапкі, дробныя, што пасечаныя тапаром, нібы хто церабіў уверсе соснік.

Ззаду ля маста стагнала ўсё на свеце; здавалася, недзе кіпіць вар у вялікім гаршку...

— Махо-орка!.. — клікнуў быў Панок і аглянуўся назад, але нікога не згледзеў: ні Махоркі, ні Боганчыка. Дарога была пустая, як хто вымеў. Конь браў рэдкім соснікам пад гару: трашчала пад коламі сучча, па вачах білі калючыя сасновыя лапкі, свісталі над галавой кулі, як хто махаў ценкай пугай: піць... піць...

Тах-тах-тах... — хлебястала недзе зусім блізка ў сосніку ля маста.

Панок быў раптам пачуў, што сунецца з мяхоў некуды назад, як у яму. Ён яшчэ больш учапіўся за лейцы і глянуў пад сябе: пад ім быў пусты мяшок.

«Развязаўся...» — падумаў Панок, пасля згледзеў, што мяшок усё роўна як парэзаны касой — доўга, на дзве пядзі, ля самай завязкі. Завязка, было відаць, заціснута на засмаржку.

«Куляй разанула...» — надумаў ён. Пасля падумаў, што куля зачапіла мех ля самага сцягна і што ён, Панок, не пачуў, як высыпалася ў дзірку жыта...

Уперадзе на гары быў відаць расцяроб; доўгі, чысты і жоўты ад пяску, ён вёў соснікам уніз, у імшару.

Панок адваліўся назад, у яму на возе, дзе ляжаў цяпер пад ім пусты мяшок, ухапіўся дзвюма рукамі за левую лейчыну, каб завярнуць каня ў расцяроб. Конь не слухаў: скакаў галопам, падкідаючы высака ўгару дугу і сыплючы калючым пяском і сухім мохам у вочы... Тады Панок упёрся нагамі ў драбінку ў разводах — у перадок — і, цягнучы за лейцы, адваліўся на калёсы аж на спіну.

Адзервянелі ногі, забалелі рукі ў лакцях, смылела, як пасыпаная прыскам, здзёртая лейцамі скура ля костачак...

Конь спачатку таркануўся на месцы, спатыкнуўшыся на пярэднія ногі, тады, падцяты лейцамі, рвануў убок, да расцяробу...

Падцялежыліся разводы, крута, стоячы на адным месцы; вывіхнуліся з-пад панараду цялежкі, бліснуўшы белымі шынамі, затрашчалі, ломячыся, аглобні...

Панок пачуў, як яго раптам падкінула ўгару, ударыўшы ў бок ляжэйкай; пасля ён усё роўна як паляцеў у яму разам з мяхамі і разводамі. Калі ён угледзеў на зямлі перад сабой цялежкі — новую жоўтую дубовую вось і бліскучыя, вышараваныя аб пясок шыны на колах, — падумаў, што саскочыў падгэрац і сагнуўся недзе шворан, што конь, акруціўшыся, зноў выбег на дарогу... Панок, падцягнуўшы пад сябе на пяску ногі, ускочыў з зямлі, каб не дацца каню; пацягне назад да маста, пад самыя стрэлы... Пачуў, як яго ўдарыла ззаду ў лапатку, моцна, што конь нагой... Разанула па шыі, як нажом, высака, ля самай галавы. За каўнер аднекуль цурчом пацякла гарачая вада, што вар... Падпёр над грудзі кашаль...

Ціў... ціў... — запішчала над галавой. У каня пад нагамі ля цялежак падняўся пылок — у сухім белым сіўцы і дробным верасе. Стралялі з балота... Немцы...

Заржаў конь, кораценька і глуха, як стогнучы, усё роўна што хацеў піць і ўгледзеў вядро...

Пасля Панок пачуў, што яго моцна тузанула за рукі; закруцілася ў галаве, павярнуліся дагары зямля і новыя цялежкі з дубовай жоўтай воссю і бліскучымі шынамі...

Ён чуў яшчэ, што сунецца і сунецца некуды па зямлі, мусіць, зноў расцяробам па імшары, бо пахла аднекуль кіслым белым мохам і журавінамі... Тады здалося, што ён уваліўся ў мох між куп'я... Мох высокі, роўна з соснікам... Адпусціў кашаль, і мякка-мякка ўсяму...

Мігнулася ўваччу Верка з малымі на руках; бегла з хаты, выносячы дзяцей у аселіцу, у альшэўнік да ракі. Над дваром, над самым асверам, махаў крыллем чорны, як збіты з дошак, самалёт з жоўтым крыжам ля хваста...

Панок быў пачуў яшчэ, як пасля запахла сухім пяском — пылам, — і падумаў, што конь цягне яго дарогай — дамоў, у вёску...

15

Януку, калі ён, апёршыся галавой на рукі, глядзеў з калёс назад на дарогу, дзе ішлі немцы, здавалася, што ён дома — у Дальве ля школы. Прываліўся, падышоўшы да варотцаў, да частаколу, а немцы ідуць і ідуць дарогай з лагчыны ад могілак — з Сушкава...

У школу яны былі пераехалі адразу пасля пажару — усёй сям'ёй: ён, Янук, сын Піліп з яго, Януковай, нявесткай і малым Колечкам; пераехалі без нічога, у чым стаялі.

Школа была за грэбляй, далекавата ад Дальвы, на гары ля могілак пад Сушкавам. Драўляная — бярвенне, шырокае і чэсанае, што плашкі, парабілася ўжо сівое; накрытая чырвонай бляхай — бляха была відаць здалёку: блішчала на сонцы; з вялікімі вокнамі — знізу аж уверх на ўсю сцяну; на высокім — па пояс — падмурку з шэрага абсечанага гладкага камення, школа даходзіла да самай дарогі, шырокай, убітай калясьмі, парослай вечна сівым ад пылу падарожнікам і старым высокім, па костачкі, дзядзеўнікам.