Выбрать главу

Пасля першы, што саскочыў з веласіпеда, падбег да яго, Янука, і паказаў рукой на галаву — у немца краталіся сківіцы, відаць, загаварыў. Тады зноў паказаў на галаву — адной і другой рукой.

Янук падумаў, што немец хоча, каб ён здзеў з галавы шлём, — у яго быў надзеты шлём з задзёртымі і зашпіленымі збоку на гузікі вушамі, з пупам наверсе і з цвёрдым брылём. Новы яшчэ шлём, Піліп прынёс яго летась зімой з фінскай вайны.

Янук хацеў здзець шлём — немцы не любяць, калі з імі стаіш у шапцы, — нават задзёр рукі, як пачуў, што шлём у яго раптам схапілі з галавы — рванулі, тузануўшы за валасы. Пасля немец, сціснуўшы ў жмені шлём, што мыш — тырчаў толькі адзін пуп: уперад, — панёс яго да варотцаў, усё роўна як нёс куды на двор. Падышоўшы да варотцаў, ён паклаў яго зверху на частаколіну пупам, выхапіў аднекуль, Янук не згледзеў адкуль, белы шырокі кінжал і секануў з-за вуха. Пуп адскочыў далёка на двор на траву, у канаторжнік, што галава ў курчаці з калодкі ў трэскі на дрывотні... Шлём упаў з варотцаў у дзядзеўнік ля Януковай босай нагі. Зверху, з растапыранай дзіркі, выехала белая вата.

Галава ў Янука сашмыкнулася з рук: ссунуліся, мусіць, з калень локці, самлеўшы, і ён кіўнуўся на возе, як спрасоння. Калі ён выпрастаўся, убачыў, што былі ўжо за мастом у лагчыне і што наперадзе пагналі коней — адна Таніна рабая кабыла стаіць на месцы ў самым пяску. Пасля ён убачыў, як бег нечага назад, кінуўшы каня, Махорка, і падумаў, што ён, Янук, ехаў, гледзячы ўвесь час у зямлю, і не ведае цяпер, што робіцца наперадзе. Махорка нешта крычаў, але не яму, бо не глядзеў на яго, — махаў усё рукамі некаму ззаду: мусіць, Насце. Махоркаў конь стаяў уперадзе пасярод дарогі, пад гарой — гроб пад сябе ўсімі чатырма нагамі пясок, што коўзаўся непадкаваны на лёдзе.

Тады Янук пачуў, як недзе далёка, што пад зямлёй, загрукаў гром — гром Янук чуў кожны раз — і ўбачыў уперадзе ў лагчыне поўны соснік немцаў — аж кішыць: бягуць ад маста некуды ў балота, мінаючы абоз. Янук хацеў быў саскочыць з калёс напярэймы Махорку, але пачуў, што не слухае зусім спіна ў самым крыжы і абвялі рукі — матаюцца, што цэп ля цапільна. Стала цяжка дыхаць, гнула ў крук, што пад сырой вязкай сена на балоце; зрабілася цёпла ў паясніцы, пасля яе сцяло як жалезным абручом... Запякло ў крыжы, нібы ён, Янук, лёг дома на голай печы на спіну.

Калі Махорка мінуў яго, Януковы, калёсы, Янук убачыў, як наперадзе коціцца з-пад гары, што бурда, ад сваіх калёс Іван Боганчык, кінуўшы жарабка. Коціцца ўніз дарогай пад самыя ногі Танінай кабыле, увесь у пяску, сівы, не пазнаць. Відаць толькі яго чорная валасатая галава і чорная барада — не ўкачаў у пясок, падымаў ад зямлі.

Янук павярнуў галаву, каб убачыць, дзе цяпер Махорка, — Махоркі ён не згледзеў; пасля зірнуў зноў уперад на дарогу — Боганчыка нідзе не было. Не было відаць і яго жарабка з возам — коўзаўся толькі па пяску на дарозе на адным месцы Махоркаў конь і стаяла рабая Таніна кабыла, не сышла з месца. Янук убачыў яшчэ, што яго конь падышоў да самых Таніных калёс і варочае ў бакі галавой. На калёсах уперадзе не было відаць Тані: яе, мусіць, схапіла далоў Наста — мігнулася была ўваччу, падбягаючы да воза... Тады ён падумаў, што ззаду ля маста страляюць, бо там грукае, як гром, і адтуль бягуць соснікам немцы; падумаў яшчэ, што страляюць і немцы з балота па дарозе, бо хмыліцца конь, гледзячы туды і хаваючы вушы пад грыву.

Янук зноў павярнуў галаву, каб убачыць, дзе Махорка, — той падбяжыць, паможа злезці з мяхоў, бо могуць забіць немцы, калі страляюць сюды з балота...

Запахла аднекуль дымам — сухімі сасновымі лапкамі. Закруцілася, аж зазвінела ў галаве, што зімой на печы ад чаду; пад грудзі падвярнула блага. Ён зусім не чуў ног...

Калі ён яшчэ раз аглянуўся да маста, згледзеў недалёка ад дарогі ў лагчыне ў траве Алёшу — мігнуўся ў вачах...

— Ёска... Ёска... Тваю маць... — замычаў ён, выцягнуўшы ўперад шыю...

Яму здалося раптам, што ён пачуў сябе, як і тады, даўней, калі яшчэ не спаў на сырой зямлі на прызбе... Ён глянуў быў на свае рукі... Яны, мусіць, адняліся, раз не служаць. Калі тое было, як ён заснуў на прызбе, а рукі адняліся аж цяпер. Яны былі што чужыя — цяжкія, доўгія, і ляжалі, здавалася, не на возе, а недзе далёка на зямлі.

Яму было здалося, што ён яшчэ раз убачыў Алёшу ў лагчыне. Падумаў тады, што Колечка яго недзе далёка, на Паліку. На Паліку і сын Піліп з яго, Януковай, нявесткай...