Выбрать главу

Пасля яму моцна стукнула ў галаву. Здалося, секанулі кінжалам зверху па цемені — адсеклі пуп у шлёме...

Стала холадна-холадна ўсяму...

Яму здалося яшчэ, што ён ідзе дамоў у Дальву з Карчаватак ззаду за санямі: вазілі цэлы дзень з балота сена, усёй вёскай.

Падводы расцягнуліся наперадзе па сушкоўскім баку — скрыпяць толькі па снезе гружоныя сані. Ён усё чуе, нібыта і не засынаў на халоднай прызбе, і пазнае, як скрыпяць развалы — ценка і лёгка: яны кароткія, на іх і пад парубень надта добра не ўскінеш, няма дзе акруціцца; кладучы воз, стаіш, як на пні... Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкія, з шырокімі новымі палазамі, акутымі яшчэ ўвосень у калгаснай кузні тоўстай іржавай шынай, яны, звальваючыся з тору ў цалік, лезуць да зямлі і аж равуць па цвёрдай убітай дарозе, сунучы перад сабой камкі снегу... Трашчаць, як рассохшыся, кары з казой; трашчаць бабы, туга надзетыя на капылы, калі нахінаецца набок воз; трашчаць намарзні, сціснутыя з двух бакоў — знізу і зверху — вязамі; трашчаць аглобні з намёрзлымі пяньковымі акрутнямі, калі ўпіраюцца ў палазы і выгінаюцца на павароце; трашчаць вяроўкі пад вазамі — доўга былі распушчаны, на ўсе драбіны; трашчаць, намёрзшы, з сырамцу гужы ў хамуце: туга былі сцягнуты дугі; трашчыць у старым, у абхват, альшэўніку ля ракі мароз, лопаецца ўвачавідкі кара; трашчыць, здаецца, уся зямля, намёрзлая аж на тым свеце...

За вазамі не відаць коней; ідзе толькі ад іх пара, густая і белая, што дым ад саломы, і сцелецца па зямлі — па снезе. Пара ідзе і з ракі, у тым месцы, дзе крыніца; ідзе і ля берагоў з-пад лёду. Рака прамёрзла ў дно з самай восені, калі бралі нагалец маразы, і цяпер ад сонца на ёй цьмяна блішчыць здалёку лёд, шэры і халодны, што камень.

Вялікае, у два разы большае, як летам, чырвонае, што кроў на снезе, сонца доўга стаіць ля самай зямлі — над лесам за Дальвай, пасля расплываецца, заходзячы, у сінім і рэдкім, як раскалочаным, тулягу.

Усё адразу схапілася інеем: сталі халодныя вейкі, не даюць міргаць вачыма; каўнер у кажусе зрабіўся сівы, усё роўна што з белай аўчыны; пабялела сена на дарозе, што панацярушвалася з вазоў, — ляжала паблэчанае і прыбітае да зямлі конскімі, падкаванымі на гакі капытамі. Іней лёг і зверху на снег — падлятае з зямлі з-пад ног; ад яго збялеў стары голы альшэўнік за ракой, зрабіўся роўны і гонкі, хоць глядзі. Далёка за мастом відаць уся вёска, белая, што выфарбаваная. Дым ідзе з комінаў высока, аж у самае неба; каб глянуць на яго, трэба задзіраць уверх галаву. І дым белы, што снег.

Крышацца пад нагамі сырыя лазовыя дубцы — не даткніся; хрумсцяць панастывалыя друзалкі лёду, высечаныя на дарозе падковамі. Яны адлятаюць далёка з-пад ног, пакідаючы доўгі след на снезе.

Зайшло за Дальвай сонца, пакінуўшы на небе ядраныя чырвоныя палосы. Палосы сінеюць, тухнучы на вачах; ля лесу і на Выганчыку за ракой устае туман, густы, сіні. З сушкоўскага боку, з-за ракі, не стала відаць вёскі. Над Выганчыкам замахалі крыллем вароны; чорныя, дробныя, усё роўна як рассыпаныя па небе, яны ляцелі з-пад Кур'янаўшчыны, ціха, як удавіўшыся.

Скрыпяць сані, аж разлягаюцца... Цямнеецца. Уперадзе за падводамі далёка відаць белая дарога... У небе над сушкоўскім бокам — над лесам — замітусілася рэдкае Сітца.

Нанач ціснуў мароз, браўся на ўсю зіму — на ўвесь век...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Янук яшчэ чуў, як валіўся з воза: стукнуўся галавой...

16

Таню ля маста зноў пачало трасці... Зрабілася холадна ўсёй, як ноччу, калі яны станавіліся ў лесе, выехаўшы з ракі ля Завішына. Сонца паднялося, а яе трасе...

Яна падумала, што ноччу яе так не трасло. Ноччу, мусіць, яна спала: нічога не помніць. Помніць толькі, як да воза падбягалі немцы, выскачыўшы з лесу, як забралі былі і павялі мужчын... Ля калёс тады асталася адна Наста — стаяла, паклаўшы руку ёй на лоб.

Таня ўспомніла, што гэта было ўжо додніцай.

Калаціла, аж падкідала на возе. Змярцвела зусім балючая нага, торгала ніжэй калена, як хто соваў тупым ражном; стала цяжкая, не кранеш, бытта ляжала, прыціснутая чым зверху. Пякло што гарачым прыскам якраз у тым месцы, дзе нага была акручана лейцамі.

Холад браў нават спадыспаду за плечы; не сціснуць было зубоў; трасліся рукі, падскокваючы на мяхах, — рабіліся мяккія, што плёткі, не схопішся за ляжэйкі. Пасля ў плячах, адкуль ішла дрыжыка, рабілася раптам горача, як ад печы; гарачыня хапала адразу ўсю, даючы ў шчокі; пачыналі гарэць рукі, і зноў смылела зверху балючая нага. Калі Таня дыхала, чула, што ў роце суха і робіцца шорсткі язык — не павядзеш. Хацелася піць.