Выбрать главу

— Ва-ады... — прасіла яна, але не чула сябе: мусіць, горла сціснула сіпка.

Пасля яе зноў кідала ў стужу і пачынала трасці.

Рабілася ўсюды шэра, як цямнелася, толькі далёка відаць было сонца — жоўтая круглая пляма — дрыжала, расцягвалася, падскоквала высака ўгару... Здавалася тады, што ў хаце ля стала гарыць у светачы смаляны агарак. Да стала — да светача — падышла ад печы маці з доўгай лучынінай у руцэ — выцягнула з-за коміна. Узяла ў зубы канцом, расшчапіла, тады выняла, круцячы ў пальцах, агарак са светача і ўшчаміла яго ў доўгую — на ўсю хату — лучыніну. Новая лучыніна гарэла цьмяна і ціха, угараючыся ад агарка. Яна яшчэ не высахла, упарылася толькі за комінам, куды маці паклала яе раніцай сушыць, нашчапаўшы з сырых намазгляватых брускоў.

Пасля маці вярнулася да сцяны ў запечак, дзе ляжала на ложку Таня, і паклала ёй руку на лоб.

— Блузніць, бедная... Прастыла.

Маці стала нейкая зусім другая, пацямнела, нос у яе выцягнуўся і зачырванеліся шчокі, як у Насты. І рука — шырокая і халодная — чужая. У маці ўсягды была цёплая рука, нават калі маці паіла зімой ля студні карову без рукавіц. Маці не баялася холаду ў рукі — ад марозу яны рабіліся ў яе толькі чырвоныя, што буракі.

Пасля маці пайшла ў другую хату і прынясла кажух, новы, жоўты і доўгі, і ўкрыла ім Таню аж па галаву. Сцягнуўшы з печы з лучыны старую, вынашаную сівую суконную жакетку, ускінула на ногі.

— Гарыць агнём... Пал у дзяўчыны...

І голас у маці, што ў чужога, усё роўна як у Насты.

Маці доўга пасля нідзе не чуваць. Круціцца ў галаве, як ад чаду, і ад холаду аж страсае... Грукае недзе далёка, мусіць, у сенцах. «Драбіна», — здагадваецца Таня. Маці ставіць драбіну ў сенцах да сцяны, палезе на гару па журавіны. Журавіны на гары ў начоўках — поўны начоўкі, аж з коптарам; журавіны насілі ўсю восень з Карчаватак. У начоўках яны выспелі, парабіліся чырвоныя і здалёку пахлі мохам і кіслёй. Таня набірала іх у місачку кожны раз, калі лазіла на гару развешваць на мароз мокрую бялізну.

Маці дастане з гары мёрзлых журавін і пакладзе іх — па ягадзіне — ёй, Тані, у вушы. Журавіны недзе мёрзлыя, што костачкі, яны не адразу адтануць у вушах.

Няма чым дыхаць — гэта з печы, з-за засланкі, пахне гарэлым хлебам, густа, аж захлынаешся. Маці нават юшку адчыніла, стаўшы ля коміна на ўслончык, а ўсё роўна пахне гарэлым хлебам і памялом на ўсю хату. Памяло недзе тлее; маці, мусіць, згубіла яго ў печы, падмятаючы под, і не згледзела...

Прынёсшы з гары журавін, маці дасць і пакаштаваць. Па адной будзе класці сама ёй у рот, бо яна, Таня, не можа падняць рукі — саслабла. Ад мёрзлых журавін будзе аж калоць у зубы...

Зноў доўга грукае недзе ў сенцах і на двары ля хлева. Маці доўга не ідзе ў хату, злезшы з гары. Тады Таня думае, што маці не лазіла на гару, — гэта Юзюк грукае на двары пад паветкай: прыбег запрагаць кабылу.

Юзюк недзе ўжо за Дзвінасой. Пайшоў з Карчаватак адзін, без яе, Тані. Як яна магла пайсці з Юзюком... Кінуць у балоце адну матку? Мала што ў балоце людзі. Яна не пайшла б з Юзюком, каб і маці пускала. Як гэта пайсці ўдваіх з Юэюком? Каб усе відзелі?.. І так на іх, мусіць, глядзелі, калі Юзюк прывёз іх у Карчаваткі. Каб хоць Юзюк быў ім свой, тады б, можа, Таня і пайшла з ім. А так ён ім ніякі не свой, маці ніколі не гаварыла. Свае ў вёсцы ходзяць адзін да аднаго, а да іх Юзюк ніколі не прыходзіў.

Каб і ісці давялося на Палік, дык у іх жа не было чаго і ўзяць з сабой. У вёсцы і сухары сушылі, і мілту малолі, а яны нічога не рабілі, нікуды не збіраючыся...

Юзюк недзе ўжо далёка, ля Паліка...

І чаго гэта ён па яе прыбег, каб ісці? Хіба ў вёсцы не было з кім?..

Яна тады пачынае думаць, які Юзюк, — зусім забылася, які ён. Помніць толькі, што ён босы і шырокі ў плячах. Пасля ўспамінае, што Юзюк жа выліты Алёша: лабаты, белы і валасы аж белыя. І нос гэткі, як у Алёшы, — шырокі і загнуты ўніз; і вачмі часта плюскае, і яны ў яго гэткія ж шэрыя, і ў зямлю ён усё глядзіць — пад ногі. Пасля яна ўспамінае, як ён глядзеў на яе на двары ля паветкі і шаптаў: Таня... Яна і сама не ведае, куды б дзелася тады ад такога, каб не трэба было ўцякаць з вёскі. Ёй і цяпер, калі ўспомніць пра тое, аж горача ў шчокі... Што будуць гаварыць, калі вернуцца ўсе дамоў, і Юзюк вернецца? Іх жа бачылі разам: і на загуменні — ён сядзеў у іх на калёсах, паганяў кабылу, і ў Карчаватках — памагаў яе, Танінай, матцы злазіць з калёс: браў пад пахі... Каб толькі прагнаў яго тады ад воза — ніхто не надаўміў, — яна і сама б ссадзіла матку. Гэта ж выдумаць: робіць такое на вачах усёй вёскі, як наўмысля... Здурэў, ці што... Яму, відаць, не першыня...