Выбрать главу

Яна была падумала, што ў Юзюка дужыя рукі, як у мужчыны: лёгка браў з калёс матку. Стаяў пасля ўпобачкі і атрасаў у яе з плячэй сівец. Наліха яно каму — сваю хай бы ішоў глядзеў матку, тая, можа, збедавалася, не ведаючы, дзе ён. Ён хацеў і ў яе, Тані, атрасці з плячэй сена, але яна не далася, адскочыла ад яго.

Тады ён пайшоў распрог кабылу — коні ва ўсіх былі распрэжаны — і прывязаў за лейцы да ляжэйкі, пакратаўшы перад носам у кабылы сена. Не адыходзіўся ад калёс, як дагадзіць збіраўся.

Пайшоў ад іх ён ціха, нічога не сказаўшы, — глядзеў усё здалёку на яе, Таню. Пры матцы — яна ўсё бачыла — хоць ты было згары... Каб збіў-збіў яго, дагнаўшы, на порхаўку... Раскірэка... Пабег на Палік, абы дома толькі не стыкацца...

Ёй зрабілася раптам нечага шкода-шкода... Толькі не Юзюка. Па ім яшчэ нудзі-і-цца...

Зноў загрукала недзе, як у сенцах... Маці зусім і не лазіла на гару па журавіны — яна пайшла ў гарод пад раку, стукнуўшы ля варыўні аб сцяну варотцамі, і жне ля мяжы бульбеўнік. І на дварэ ніякая не зіма, калі маці жне і ў хаце расчынена ад гарода акно...

Маці жне ля мяжы; адгінаючыся, падымае ўгару доўгі бульбеўнік і кладзе збоку на гранку. Бульбеўнік у гародзе высокі, парос роўна з малачаем — Тані добра відаць з ложка ў акно; відаць нават на зжатых гранках зялёная макрыца — густая, пашалела ў мокрых ад ракі барознах.

Маці махае і махае рукой, набіраючы з-пад сярпа поўную, як сціснуць, жменю каліўя, каб адкінуць яго ад сябе на гранку; трапеча, усё роўна як сохне ў вецер на плоце, у яе на галаве белая хустка.

Зноў грукае ў сенцах, моцна, аж дрыжаць сцены і звіняць у вокнах шыбы. Звініць у парозе на лаўцы пад суднікам парожняе, накрытае белай цадзілкай вядро.

Тані здаецца, што маці пяе ў гародзе ля плота. Працяжла, як дзе далёка за ракой на Выганчыку. Песня чуваць праз расчыненае акно. Пасля маці пяе ўсё мацней і мацней, аж заходзіцца, не сціхаючы ні на хвіліну. Здаецца, яна кінула ўсё на свеце, адно вядзе песню, нават рукамі не махае ў гародзе ля мяжы...

Здаецца пасля, што маці і не ў гародзе, а ў хаце ля акна ад вуліцы — сядзіць, нагнуўшы галаву над сталом, і, узяўшыся ўсімі пальцамі за іголку, махае і махае рукой — шые. Маці кожны раз, калі што шые, пяе.

Зноў дрыжаць у вокнах шыбы і звініць у парозе пад суднікам вядро. У хаце нудна-нудна, і ад таго калоціцца ўсё ўсярэдзіне.

Робіцца, бывае, ціха, тады шуміць толькі ў галаве, усё роўна як дзе над вухам перасыпаецца пясок — сыплецца і сыплецца без аддухі, што дождж.

Пасля пяюць далёка на полі пад Карчаваткамі, жнучы, усе бабы з вёскі — згінаюцца да зямлі з сярпамі ў руках...

З поля, з-пад Карчаватак, відаць Дальва: хаты стаяць адна ля адной, дробныя, шэрыя; стаяць недзе за гумнамі ў яме — тырчаць адны стрэхі.

На загуменні відаць Януковы дубы — высокія, цёмныя; аціхлі, як памлелі. За дубамі, у тым баку, недзе яе, Таніна, хата.

Ціха. Шапоча пад нагамі ржышча, колецца, абдзірае да крыві костачкі; за падол, калі нагнешся, набіраюцца дзяды і асцё; і пахне сухая зямля — пылам і ячнай саломай. Зямля ўся жоўтая ад ячменю — ад загумення да самых Карчаватак. Толькі там, дзе яго пажалі ля дарогі, зямля здалёку здаецца белай, што іней. Гэта ржышча. А можа, бела ад таго, што ўгары шэрае неба, нібы перааранае ўвосень бульбянішча, — апусцілася нізка над загуменнем, як павісла... Хмары выцягнуліся ў даўгія вузкія палосы. Над загуменнем, пад Януковы дубы, палосы дробныя, што расцягнутыя.

Там, дзе драбнеюць палосы, пад'яснелася; хмары ў тым баку сталі жоўтыя, што аўсяная мякіна ў кучах; там недзе за імі сонца...

Шастае пад сярпом ссохлы, аж пакорчаны ў каласах, ячмень; трашчыць пад нагамі белае ржышча; шапоча салома, калі вяжаш перавяслам сноп; шашчыць, перасыпаецца сухі цёплы пясок, калі яго зачэпіш пад пырнікам пальцамі і сыпнеш па ржышчы... І зноў чуваць песня, нудная, ціхая, усё роўна як звініць увушшу... Пачынае яе нехта далёка ў кутку, пад самымі Карчаваткамі; пачынае адзін, адагнуўшыся, мусіць, і стаўшы на загоне — круціць перавясла, — бо чуваць аж здалёку; тады яму памагаюць усе бабы на загуменні. Не адгінаючыся ад зямлі, яны махаюць і махаюць рукамі, кідаючы жмені ў кучкі па ўсім полі, каб пасля пайсці за адзін раз павязаць іх у снапы. Кратаюцца ў ячмені белыя хусткі, кратаюцца рукі — здаецца, варушыцца ўсё загуменне ад вёскі, да Карчаватак. Баб на полі — што снапоў; заняўшы загоны, яны ідуць у канец, пад лес.

Бабы заціхаюць толькі ў самых лагах.

На полі тады робіцца пуста. Цёмныя палосы на небе выцягваюцца на ўсё загуменне; шарэе жоўты туляг над Януковымі дубамі, дзе было сонца... Чарнеюць у вёсцы стрэхі — хаваюцца з воч.