Выбрать главу

Грукнула зноў недзе зусім блізка, як усё роўна варотцы ля варыўні аб сцяну. Зноў зазвінела ў парозе ля судніка — мусіць, у хату, да яе, Тані, бегла маці.

Таня пачула, што ляжыць на зямлі. Было цвёрда, цвярдзей як на мяхах на возе, і калолася спадыспаду ў спіну і ў голыя рукі ля локцяў.

— Бярыся за мяне, дачка... За шыю...

Тані здалося, што над ёй загаварыла, нагнуўшыся, маці, — прыбегла з гароду з сярпом на плячы. Новы вялікі серп ківаецца ля галавы і блішчыць, мокры яшчэ ад бульбеўніку. Маці падхапіла яе пад пахі і загадвае Настуліным голасам:

— За шыю бяры... Не бойся...

Даг-даг-даг... — стукае недзе зусім блізка кулямёт, як і на гары ля школы, калі па іх стралялі з вёскі.

Таня варочае галавой, але нікога не бачыць: ні маці, ні Насты. Угары толькі адно неба ў доўгія чорныя палосы і жоўты туляг — далёка над лесам...

Даг-даг-даг... — зноў грукае нехта ў сенцах у дзверы: Юзюк, мусіць, з двара, каб яны з маці хутчэй ішлі з хаты.

Схаваўся раптам з вачэй жоўты туляг на небе, дзе было сонца, і Таня пачула, як яе нехта цягне, узяўшы пад пахі, па зямлі і баліць зацягнутая лейцамі нага.

— А-а-а! — крычыць яна і чуе, што толькі сіпіць.

— Цярпі, дачка... Лаві мяне за рукі...

Над ёй гаворыць Наста. Чуваць нават, як Наста цяжка дыхае, як сапе. Таня тады хапаецца абедзвюма рукамі за яе руку — за локаць...

— Не падымайся, дачка... Не чуеш, ці што?

Наста пачынае на яе крычаць; мусіць, яна, Таня, была паднялася, бо зноў забалела-забалела нага...

Таня тады заплюшчыла вочы. Калі яна зноў глянула, убачыла над галавой высокі багуннік і верас. Яны краталіся, як ад ветру. Таня здагадалася, што яе цягне Наста ў лес з дарогі, дзе асталіся падводы. Яна падумала была, а дзе ж мужчыны, калі яе цягне Наста... Яна, мусіць, яшчэ раз паднялася, каб глянуць, дзе мужчыны, бо зноў загаварыла Наста:

— Не тузайся, дачка... Памагай мне... Мы з табой не пабяжым... Ні я, ні ты... Я ўжо як без ног...

Таня запыталася ў Насты, дзе ж мужчыны, але Наста, мусіць, не пачула: не сказала ні слова — цягнула толькі яе ўсё і цягнула па сіўцы і па сухой мятліцы немаведама куды.

Даг-даг-даг... — стагнала па лесе, не сціхаючы.

— Не тузайся... Гарыш уся, як агонь. Цярпі, дачка... Цярпі-і-і...

Тані зноў стала холадна ўсёй і мокра спадыспаду ў спіну. У вочы пырснула аднекуль вада. Зашасталі пад рукамі сухі бабок і альховае лісце; стала мякка, як на сене; запахла мохам і журавінамі. Уперадзе, у галавах, чвякала ў некага пад цяжкімі нагамі гразь, усё роўна што піла ваду кабыла.

Зноў загрукала ў парозе ў хаце — гэта ў маці з пляча зваліўся на падлогу серп.

Закрычала раптам Наста — на ўсё загуменне... Адагнуліся жнеі, пасталі на загонах, трымаючы ў руках сярпы, і глядзяць за Януковы дубы на туляг, за якім загарэлася чырвонае, як агонь, сонца і валіцца на вёску, што камень...

Таня пачула, як яе выпусціла з рук Наста.

Яна ўдарылася патыліцай аб нешта цвёрдае, як дома на двары аб ганак.

Адплюшчыўшы вочы, яна агледзела збоку немца. Ён быў усё роўна як Юзюк... У руках у яго тросся чорны аўтамат, крывы, што серп...

Яна хацела закрыцца рукамі...

17

Насце здавалася, што яна чуе, як у падвойныя вокны з двара б'е вецер, мякка, усё роўна што кужэльным мяшком. Чуваць нават, як ён шастае па сцяне па бярвенні, нібыта абмятае яе ад снегу сухім венікам з лісцем, венікаў Наста навязала яшчэ летам, калі адбывала поле, і яны ляжалі цяпер на хаце на гары ля коміна — цэлая куча. Вецер прадзімае падвойныя вокны — холадна ззаду ў плечы, холадна і на хаце, хоць рана заложана юшка. Трашчаць пад столлю бэлькі, бытта хто ходзіць па гары. Стукае ля студні аб сцяну ў варыўні асвер — сарваў вецер. Наста была ўшчаміла яго ў паркан, набіраючы нанач вады ў вёдры.

Калі аціхае вецер, чуваць, як шастае па шыбах дробны снег — пайшлі крупы. Яны нават відаць ад лямпы ў незамёрзлым чорным акне — лётаюць за шыбамі, белыя, дробныя, што мак, адскокваюць і сыплюцца на падаконнік з мяленнем, што прыбіты знадворку да акна. На падаконніку снегу цэлая горка — свежага, белага, як добры крухмал; пад ім блішчыць ад лямпы ценкі белы лёд — намёрз на мяленні...

Стукае на стале нямазаная швейная машына, калі круціш за ручку... Пасля Наста чуе, як стукае ў хлеве карова, мусіць, драбінай: холадна, і карова грэецца — шукае сена. Дагэтуль яна кожны раз з'ядае ўсё, што паложыш за драбіну, і, калі цісне на дварэ мароз, лезе тады з рагамі ў драбіну.

Карова грукае, не перастаючы, аж дзеці чуюць спрасоння — кратаюцца ў запечку на ложку, — і Наста думае, што трэба схадзіць у хлеў паглядзець: карова ж на цяленні...