Выбрать главу

Наста думае, што карова будзе цяліцца толькі ў канцы месяца, а можа, аж пасля грамніц, нядаўна значыць пачала, але ўстае з-за стала, адсоўвае на сярэдзіну швейную машыну, каб вылезці, не зачапіцца, і ідзе ў парог. Дастае ў запечку са сцяны з цвіка кажух, уссоўвае на ногі цёплыя буркі, узяўшы з пяколка, выцягвае з-за коміна лучыну і бярэ з-пад лаўкі ў парозе парожняе вядро. Запаліўшы лучыну — раздзьмула ў пячуры на прыпечку вуголле, яна хавае яе ў вядро і, закрываючы зверху крылом кажуха ад ветру, ідзе на двор. У сенцах ля парога намяло снегу, і ён скрыпіць пад нагамі. Ліпнуць да белай ад марозу клямкі пальцы і смыляць, як ад чаго гарачага. Вецер, густы і востры, аж скідае ля ганка з ног, няма як дыхаць, захліпаешся; лыпнула і пагасла адразу на дварэ ў вядры лучына.

Наста вярнулася ў хату па сярнічкі — доўга мацала ў пячурцы пад рукавіцамі, пакуль знайшла карабок...

На двары снег быў па калені да самага хлева. Вецер гнаў яго з загумення і з гародаў праз платы на двор. Неба было светлае: стаяла якраз поўня. Ад свежага снегу зрабілася відна, і было відаць, як з лесу адна за адной ехалі падводы, чорныя на снезе, як жукі. За падводамі ззаду беглі людзі — па адным, па два, валюхаліся вуліцай ля самага тыну па гурбах. Пад санямі скрыпеў снег, ад скрыпу не было чуваць, як скуголіў у плоце ля студні вецер. Падвод было многа, і на кожнай сядзелі людзі ў белых халатах — поўны сані. Наста пазнала, што гэта партызаны.

Партызаны некуды спяшаюцца, калі не сталі ля варот. У яе ж толькі ў адной у вёсцы гарэў у хаце так позна агонь. Яна падумала, што партызаны недзе памерзлі, як карчы, на такім сіверы, бо едуць ад самай Дзвінасы, не зайшоўшы нікуды ў хату. А да Дзвінасы вёрст сем, добра яшчэ, што лесам, цішэй ад ветру.

У хлеве яна не паліла лучыны: баялася закінуць агню такім безгалоўем і шкадавала сярнічак. Расчыніла насцеж адны і другія дзверы — у хлеве было відна ад снегу, нават у куце ля драбіны на гнаі, дзе стаяла прывязаная на ланцугу карова. Наста пагладзіла яе па спіне, знайшла вобмацкам ланцуг — ён быў закруціўся за рогі — і абмацала драбіну. Драбіна была пустая. Струшанка ляжала ля сцяны ў каровы пад нагамі — шапацела, калі ступала па гнаі Наста. Наста падумала, што карова не галодная, калі не есць струшанкі; пайшла была за перагародку, за якой сядзелі куры і, чуючы яе, Насту, адгукаліся, кудахтаючы. За перагародкай стаяў ля ясляў Буланчык. Стрыножыўся, аб'інеў, стагнаў і не еў сена — яно ляжала ворахам у яслях роўна з берагамі. Буланчыка бралі ўчора ў падводы кутузаўцы...

Наста сціснула ў ахапак у яслях сена, перанесла яго карове за драбіну. Будзе есці і пасля каня, каб сагрэцца, калі пад раніцу вецер вышастае хлеў. Раздурылі, струшанка ўжо ёй не лезе...

Пасля яна пайшла наскубла са сцірты мурагу — ля сцяны ад двара — не многа, як узяць пад паху, і паклала Буланчыку ў яслі. Буланчык доўга стаяў, апусціўшы галаву, пасля стаў гломзаць, памалу, як нежывы. І не піў ён нешта вечарам зусім, памачыў толькі храпы. Трэба было яму вынесці вады з хаты... Загналі яго... Ніхто ж не скажа, куды на ім ездзілі па такім снезе, а ў каня языка няма... Яна пагладзіла Буланчыка па шыі — ад інею стала холадна ў рукі, пасля пайшла на праціўню, узяла з кадзі мех, у якім насілі запарваць карове мякіну, і накрыла яму спіну, там, дзе ляжаў падсядзёлак...

Буланчык пераступіў з нагі на нагу, пасля заржаў — ціха і ценка; з храп у яго, было відаць, ішла пара. Закудахталі куры, пачуўшы, бразнула ланцугом карова — рвала са сцяны крук. Сена з ясляў яна не зачапіла.

Наста да яе больш не падышла.

Калі яна варочалася з хлева, на вуліцы яшчэ ўсё ехалі партызаны. Яна пастаяла ля ганка, пачакала, захінуўшыся каўняром ад ветру і схаваўшы ў рукавы кажуха голыя, без рукавіц, рукі: шчыпала за пальцы. Падумала: партызаны едуць у халатах. А што тыя халаты?.. Каб яны хоць грэлі на марозе... Яна падумала пасля, каб пайсці патушыць агонь, пакуль партызаны праедуць, але ж у яе гэтулькі швіва. Спаць жа не ляжаш: заўтра раніцай прыедуць кутузаўцы...

Яна вярнулася ў хату, узяўшы ў сенцах на засаўку дзверы. Павесіла ў запечку, зняўшы з плеч, кажух; сцягнула з ног буркі, астаўшыся ў суконных панчохах, падышла да стала, узяла абрус і завесіла ад вуліцы акно — не так будзе відаць агонь. Доўга стаяла ля ўслончыка, не хочучы лезці садзіцца за стол. Нізка над самым сталом цьмяна гарэла лямпа; праз шкляны магазын быў відаць вузенькі жоўты кнот і карасіна на дне — ці хопіць да раніцы. У хаце ўсюды было бела, як ад снегу: на стале, на лавах, на куфры і на ложку ля акна ляжалі абрусы. Цвёрдыя яшчэ, з новага зусім кужалю, у васьмінітовыя ўзоры, яны ляжалі ворахам, усё роўна як хто іх параскідаў. На стале і на лаве ля куфра яны былі ў кавалках — пакроены. На куфры адзін на адным былі складзены ўжо гатовыя халаты, шырокія, з рукавамі і вялікімі нязграбнымі, адтапыранымі башлыкамі — падобныя на людзей.