Выбрать главу

На стале пад самай лямпай ляжала белая крамная прушчына і блішчала швейная машына: блішчала беленькае, у дзіркі, кола; блішчала жоўтая драўляная ручка; аж пералівалася выслізганая пальцамі засоўка над чаўнаком...

Наста пачула, як ёй стала холадна ў ногі праз суконныя панчохі: стаяла на голай падлозе. Яна падумала, што ёй не хочацца ўжо лезці за стол: зліпаюцца павекі ад сну і баляць у лакцях рукі. Баляць яшчэ пальцы, пупушкі: падгінаеш імі мацерыю і абрусы, абрубліваючы, ціснеш, каб не выскоквалі з-пад ножкі ў машыне рубцы, — дзе яно дзенецца. Увесь тыдзень не вылазіла з-за машыны — дзяцей толькі карміла і скаціну.

Стукае сухая машына; нават чуваць, як цяжка круціць ручку. Калі яшчэ апаражніла маслёнку з маслам... А цяпер дзе дастанеш. Партызаны казалі і не прыняслі. А дзе яны возьмуць, хоць ты іх прасі ці не прасі.

Стукае машына і не цягне: лучыўся тоўсты рубец. Загні ўдвая кужаль, ды па шве... Каб хаця іголку не зламаць — апошняя.

Наста тады кідае ручку і, паклаўшы даланю зверху на кола, круціць даланёй.

Іголка пругкая, лезе ў рубец, нават не гнецца... Пад пальцам чуваць суравы, кастрывы кужаль — трапіўся партызанам пад рукі нечы благі абрус, ці, можа, яго хто прынёс сам, калі партызаны збіралі, прынёс не шкадуючы: не было чаго шкадаваць.

Рвецца верхняя нітка — рве іголка, не працягвае праз тоўсты рубец, хоць ты кідай і перашывай потым рукамі...

А гэтулькі яшчэ наперадзе швіва...

Сама горш уводзіць у вушка нітку пры агні, калі блішчыць усё на свеце. Іголка робіцца ценкая, і не відаць нідзе вушка; чуць зловіш яго вачыма.

Дрыжыць рука, калоціцца, натруджаная зусім, — ножніцы дык ужо і не сціснеш ёй, кроячы...

Стукае без аддухі машына, калі гоніш шво ў халаце па спіне зверху аж уніз; упіраецца іголка і дрыжыць стол, калі абрубліваеш падол адным махам, разагнаўшыся і ссоўваючы пакроеныя абрусы пад стол на падлогу. Нагінаешся пасля, каб прыняць іх з-пад ног, і чуеш, як вядзе галава, што ад чаду: пачынае балець.

Калі не стракоча ля вуха машына, чуваць тады, як кідаюцца на ложку ў запечку дзеці, — пассоўвалі з сябе нагамі да брыжа пасцілкі, — і зноў стукае ў хлеве карова. Пацягваецца на печы ля коміна котка — шастае лучынай. Гудзе ў коміне вецер, ганяе юшку, яна бразгае, што ўсё роўна парожняя скавародка на прыпечку, — і тады яшчэ горш холадна ўсёй ад акна. Хоць ты вазьмі ды перасядзь на хату, але на хаце трэба садзіцца на ўслончык, і тады будзе высака лямпа і не згледзіш пад ножкай у машыне рубца... Каб пайшоў толькі ў сенцы, знайшоў дроту апусціць ніжэй лямпу, але дзе ты яго ўпацёмку знойдзеш. Тырчыць недзе ў сцяне ля вушака кавалак почапкі ад вядра, але яна крывая, прастаць трэба — наробіш стуку і паўзбуджваеш дзяцей.

Зноў стракоча машына, рве з-пад пальцаў шво, чуць утрымаеш; стукае ў вокны вецер; пайшоў снег, вялікі, па атопку; на падаконніку ляжыць гурба — замуравала ўсю шыбіну.

Стукае ля студні асвер; забылася, не ўшчаміла яго ў паркан, калі была на двары; пачынае, усхадзіўшыся, ныць за акном у мяленні вецер — усё роўна што ваўкі выюць пад Карчаваткамі.

На вуліцы за гародчыкам зноў на снезе відаць сані, чуць кратаюцца...

За імі ідуць кучкай людзі.

Яна падумала, што занясло недзе зусім дарогу, не праехаць; што да раніцы гурбы будуць на вуліцы роўна са стрэхамі: не сціхае снег; што партызаны ўсё роўна сыплюцца і сыплюцца з лесу, некуды ім пільна трэба: гарнізон, мусіць, браць едуць у «Западную», калі ўсе ў белых халатах.

Бягуць па гурбах за саньмі па такім марозе, а што ў іх абута... Каб і вунь што было, усё роўна змокнуць ногі, а дзе тады абсушыцца. І што ў іх, у партызан, пад тымі халатамі... Кажушкі. Добра ж, калі новыя... У такое безгалоўе ні кажух, ні валёнкі не ўпасуць. Ваўкі і тыя ідуць з лесу бліжэй да будыніны. І ваўкоў прабірае наскрозь, а тут жа людзі, ёсць яшчэ зусім дзеці, на печы б сядзець...

Паклаўшы на куфар халат, шырокі, цвёрды, з белага новага кужалю — чуць пашыўся, Наста пачула, што ёй усё холадна ў плячах, ніяк не можа сагрэцца. Яна падышла да печы, накрыла дзяцей — усцягнула пасцілкі аж на галовы на аднаго і другога: малоцяць нагамі што ў цапы і дзень і ноч — і зноў вярнулася да стала. Ускінула на плечы пяньковую хустку; дастала з куфра, падняўшы века, каб пралезла ў прыскрынак рука, шпульку новых нітак, пасадзіла на машыну. Узяла падсунула да сябе новае скроенае рукаво, яно ляжала на самым версе.

Калі зноў застукала машына, Насце здалося, што забразгала ў сенцах клямка. Яна падумала, што гэта вецер — дзьме якраз у дзверы; тады пачула, як забарабанілі ў акно, моцна, на ўсю сілу.