Выбрать главу

— Та-аня!.. — закрычала яна зноў і пачула, як ёй стала ўсёй горача. Верас зрабіўся высокі, як лес, і густы — не ўсадзіць рукі. Пачаўся соснік; балота асталося збоку.

Яна падумала, што згубіла Таню... Агледзеўшыся, убачыла, што ляжыць ля самай дарогі, — відаць з травы жоўты пясок і колы ад калёс: блішчаць шыны. Пахне дзёгцем. Яна, мусіць, прыпаўзла да маста.

Калі яна выпаўзла на дарогу да Януковых калёс, пачула, як усюды наліп пясок: на рукі, на нажутку, на спадніцу. Мусіць, яна ўся мокрая ад крыві, і кроў ідзе з-за плячэй, бо там, чуваць, усё зліплася. Каб гэта можна было акруціць плечы, уціснуўшы якім ручніком...

Яна спачатку ўзялася за кола абедзвюма рукамі — не думала, што можа адразу ўстаць. Стаяла пасля, учапіўшыся ў ляжэйку, а ў вачах круціліся зямля і пясок — белы ад сонца, як снег. Яна тады навалілася на калёсы — на мех, як ашчапіла была іх, — і ў яе адразу перавярнулася ўсё ў грудзях: на тым баку, за калясьмі, ляжаў на дарозе на самым пяску Янук. Ляжаў — галавой сюды, да Насты. У яго быў сіні лоб і заплюшчаны глыбака, як у ямах, вочы. З галавы звалілася кепка, і мокрыя сівыя валасы ўкачаліся ў пясок. Рот у яго быў скрыўлены, як і кожны раз, калі Янук пыкаў вуснамі: хоць што прасіў. Доўгая белая палатняная кашуля ў яго задзёрлася аж на грудзі; босыя, вымытыя ў расе ногі ён падагнуў пад сябе, прыціснуўшы імі лейцы, — усё роўна як не пускаючы аднаго каня. Ля ног у яго на пяску бегалі мурашкі.

Яна падумала, што забілі Янука. Дваіх забілі: Таню і Янука... Пасля злякнулася: а дзе ж мужчыны? Павярнуўшы, нямогучы, галаву, каб глянуць уперад на дарогу, яна ўбачыла на зямлі Янукову белую кабылу. Кабыла ляжала ў аглобнях, адкінуўшы галаву, як завалілася ўсё роўна ў баразне.

Наперадзе нікога не было відаць: ні Боганчыка з жарабком, ні Панка, ні самога Махоркі, ні іхніх вазоў... Вісеў толькі пыл над парытай, як зрэзанай чым, дарогай, і ўсюды было ціха.

Калі Наста адхінулася ад воза, на вочы ёй лучыўся мех, той, на які яна была аперлася. Мех быў праколаты ля завязкі як нажом: пракалолі, мусіць, немцы, калі выскачылі былі з сосніку... Шырокая ад нажа дзірка была заткнута сенам, каб не сыпалася на дарогу з меха жыта...

Наста пачула раптам, як у яе зрабіліся цвёрдыя ногі, змярцвелі.

Яна была клікнула Махорку...

Махорка не адазваўся, і яна павяла каля сябе вачыма...

Махорка ляжаў нічком ля Алёшавых калёс, недалёка ад дарогі ў сіўцы. Здалёку быў увесь чорны і, здавалася, гарбаты.

— Мірон... — клікнула яна спопаразку і, выпусціўшы з рук ляжэйку, пайшла дарогай назад да маста — пераступала з нагі на нагу. Апомнілася, што ідзе, ужо ля Алёшавых калёс. За калёсы яна больш не бралася; стаяла на дарозе і глядзела здалёку на Махорку. Пасля яна ўбачыла, што ляжыць у аглобнях на пяску, проці Махоркі, выпучыўшы жывот, як аб'елася, рабая Таніна кабыла. Таніны калёсы былі перакулены, і з-пад іх не было відаць мяхоў...

І Алёшаў конь быў забіты: ляжаў на зямлі за калясьмі; калёсы былі перавернуты ўпоперак дарогі. На жоўтым пяску аж ля самай лагчыны біў галавой аб зямлю яе, Насцін, Буланчык, падымаючы ўгару і апускаючы белыя аглобні — яшчэ жыў...

— Дзеці! Дзеці!.. — зноў закрычала яна.

Яна ўжо мінула масток; ішла, перастаўляючы ногі, — ішла дамоў — і чула, што не можа ісці: слабее. Пастаіць і зноў ідзе, абыходзячы на дарозе забітых немцаў: яна баялася ступіць на кроў — на цёмныя мокрыя плямы на пяску.

Думала, ідучы, што ля маста, адкуль стралялі і куды загадваў бегчы Махорка, няма нідзе партызан — адны бітыя немцы па ўсім лагу і па дарозе. Каб былі дзе блізка партызаны, згледзелі б, што яна ідзе. Але дагэтуль, пакуль яна ляжала ў лагчыне без памяці, партызаны пайшлі недзе праз Пунішча на Палік, не сядзелі на месцы.

За мастом пачыналася гара. Стала горача, не было чым дыхаць. Яна была ўжо ўзышла на гару да палавіны — ішла дарогай назад, адкуль нядаўна ехалі...

Калі яна ўпала на гары на жвір, пачула, што сунецца ўніз, да маста ў лагчыну. У вачах стала голае карэнне ад сасны, сухое, чырвонае: вытыркалася з зямлі, дзе асыпаўся пясок...

Чуваць было, як недзе ззаду пачало несціхана бухаць — рваліся снарады. Ёй здалося пасля, што гэта б'е галавой аб зямлю Буланчык...

— Дзеці... Дзеці... — клікнула яна, перавярнуўшыся на плечы.

На яе пасыпаліся зверху зялёныя сасновыя іголкі.

Пасля яна пачула, што слепне. На вочы як усё роўна наліпла сухога павучыння: сцірай даланёй — не памагае. Загарэлася ўсё ўсярэдзіне...

18

Боганчык бег расцяробам з гары па сухой папараці і карчах, азіраючыся памінутне назад, туды, дзе была дарога, і чуў, што робіцца ціха — перастаюць страляць. Толькі яшчэ, бывае, доўга, аж, здаецца, заходзячыся, хлебястаў кулямёт: а-а-а-у-у-у... Нямецкі — ён, Боганчык, пазнаваў.