Ён падумаў, што страляюць усё роўна як некаму ўдагонку... Мусіць, немцы адступілі за масток на шашу: там зноў было чуваць, як гудзяць машыны.
Ён спатыкаўся, чапляючыся нагамі за карэнне, нагінаўся, каб не паваліцца, да самай зямлі — чуў тады, як пахне з-пад ног падсохлае гэтым месцам у расцяробе балота: прэлай кіслёй і багульнікам... Даваенная лінія зарасла бярэзнікам уровень з чалавекам, і Боганчык думаў, што здалёку з гары недзе відаць, як кратаюцца кусты ў расцяробе. Ён хацеў збегчы з лініі, але паабапал быў густы ельнік — не ўткнуцца.
Ён бег, угрэўшыся, як у лазні, расшпіліў сарочку і хватаўся ў дзве рукі за грудзі. У грудзях было горача і суха, нібы там усё схапілася агнём; горка стала ў роце на языку... Ён, мусіць, дыхаў з сябе гарачынёй: высахлі і патрэскаліся вусны.
Гарэлі шчокі — накалоў аб яловыя лапкі; муляў ззаду за шыяй мокры і цвёрды, што карына, каўнер — рэзаў як тупым нажом...
Боганчык не помніў, дзе жарабок з калясьмі і дзе кепка... Чорт з імі. Жарабок быў скочыў з дарогі ў соснік... з калясьмі. Забілі недзе.
Калі ён каціўся з гары, здавалася, шчапаецца зямля: трашчала ўсё на свеце. Пасля, як ён ускочыў з дарогі і пабег расцяробам, пачуў, што страляюць ля маста і ззаду за паваротам. Ён падумаў, што ля маста трашчаць без сціханага аўтаматы, што партызаны недзе, чакаючы, прапусцілі немцаў за паварот і кашанулі адразу і збоку і ззаду ўдоўж па дарозе. Немцы не чакалі іх тут, пад самым гарнізонам, і ішлі, мусіць, без разведкі за абозам. Адбегшыся, ён падумаў, што трэба завярнуць пад Краснае, пад лог да ракі: у балота на Пунішча могуць адступіць партызаны; у лесе ж ля маста і на дарозе да самай шашы поўна немцаў... Ён пачуў пасля, што зноў страляюць у расцяробе, і пачаў памінутне азірацца...
Адразу аднекуль нахлынуў страх, схапіў усяго — затрасліся ў каленях ногі, падгіналіся, не даючы бегчы. Боганчык быў падумаў, што яго паранілі. Стукалі зубы; ён варочаў галавой і нічога не бачыў, бытта аслеп. Толькі выстаўляў уперад рукі, выцягваў далёка перад сабой, каб не прасадзіцца. Вывіхнуў, мусіць, у костачцы нагу, бо згледзеў, што кульгае; пасля пачуў, што не можа прыступіць — баліць у самым суставе. Доўга бег, кульгаючы, пасля боль у суставе прайшоў, толькі было горача ў назе ў боце, усё роўна як ён, Боганчык, парыў яе ў лазні ў цабэрку з гарачай вадой. Нага ў яго некалі балела... Падумаў быў, што, можа, гэта і не вывіх — разбалелася старая болька...
Калі ззаду аціхла страляніна, Боганчык стаў, пасля зноў бег, аж пакуль не кончыўся расцяроб у самай лагчыне. Збоку была сухая імшара з высокім мохам і ценкім дробным сасоннікам — сюды маглі адступіць партызаны, ідучы на Пунішча ў пушчу; наперадзе пачынаўся высокі стары соснік, свіціўся — блізка, мусіць, недзе была пасека.
Ён быў зноў стаў спопаразку: не ведаў, куды бегчы. Ён не хацеў нікуды сыходзіць з расцяробу: здавалася, каб расцяроб ішоў на край зямлі, ён, Боганчык, бег і бег бы па ім, не звярнуўшы. Расцяроб вёў з лесу на выспу пад Краснае, па ім можна было збегчы ад страляніны...
Боганчык стаяў, круцячы галавой, і чуў, як стукае сэрца — выскачыць з грудзей; пасля пачуў, што стукае ў галаве — у патыліцы — і звініць у вушах. Балелі вочы, не павярнуць, не глянуць, і трасліся ногі. Ён убачыў, што стаіць ля самай імшары, уехаўшы ў мох аж па калені. Пад нагамі была вада: рабілася холадна ў пальцы, зверху праз боты.
Боганчык стаў церці рукамі вочы — згледзеў, што чорныя пальцы: умазаў, калі бег праз гарэлы соснік на пасецы і адхінаў лапкі. Учарэпіўся быў за падол у рубашцы і, выцягнуўшы яе з-пад дзягі, стаў абціраць рукі. Рубашка была мокрая, хоць круці...
Пачуў яшчэ, што капае пот з барады на рукі, цёплы, як летняя вада; капае з броў на штаны — на калені; цячэ з валасоў ля вушэй за карак. Ён павёў даланёй па барадзе — на руцэ была чорная вада...
Яму тады захацелася піць.
Калі ўперадзе ў імшары рванула міна, трэснуўшы і зазвінеўшы блізка, нават быў відаць дым, Боганчык адразу падскочыў спопаразку і кінуўся бегчы ў рэдкі соснік, дзе свіцілася поле... Падумаў, што страляюць па ім: згледзелі. Падумаў яшчэ, што па ім, мусіць, і стралялі, калі ён бег расцяробам, — з гары добра відаць...
Боганчык пачуў, што зусім не можа бегчы, задыхаецца, схапіла хліпаўка, вострая, як колькі; совае ў грудзі, не дыхнеш. Ён зноў стаў.
Цяпер затрашчала ззаду, якраз дзе быў расцяроб. Угару там падняўся пыл; засмярдзела гарэлая сажа, як з коміна... Стала блага...
Ён пабег тады на гару — падымаўся, спатыкаючыся, — якраз туды, дзе свіціўся стары рэдкі соснік, — далей ад расцяробу.