Калі пачалі рвацца міны спераду па ўсім сосніку і загарэўся верас — закруціўся ля зямлі белы дым і было відаць полымя, — Боганчык падумаў, што страляюць не па ім: каму ён трэба. Немцы недзе адышлі з Тартака на шашу і цяпер адтуль страляюць у лес з мінамётаў, пускаючы міны ў той бок, дзе былі партызаны, — у белы свет, як у капейку...
Пасля Боганчык падумаў, што невядома: можа, сюды, пад Краснае, ідуць краем лесу партызаны — чаго ім лезці на Пунішча ў балота... Пойдуць берагам Дзвінасы пад самым носам у немцаў у пушчу, не збаяцца, калі не збаяліся сесці ля самага Краснага ў засаду.
Міны рваліся цяпер, здавалася, па ўсім лесе, і Боганчык падумаў яшчэ, што немцы не сунуцца зноў адразу дарогай, хоць партызаны даўно, можа, сышлі, — будуць абстрэльваць увесь лес з мінамётаў: і імшары, і пасеку на самай гары, і стары соснік пад логам ля Дзвінасы.
Ззаду за расцяробам, недзе, мусіць, на дарозе за мастом, зноў засакатаў кулямёт: а-а-а-у-у-у... — нямецкі, стралялі разрыўнымі кулямі — і пачуліся стрэлы з вінтовак: пах! пах! Немцы будуць яшчэ лупіць і з кулямётаў па лесе ля дарогі — удоўж і ўпоперак...
Пасля на шашы зараўлі машыны, як ішлі ўсё роўна пад гару. Боганчык пачуў, што там забразгала жалеза, як у кузні...
«Танкі...» — падумаў ён.
Яго тады ўсяго страсанула: ён даўна не чуў, як бразгалі танкі.
«Магіла ў лесе... Пойдуць немцы. Абстраляюць і пойдуць...»
Калі Боганчык спатыкнуўся і пасля стаяў, каб прыслухацца, чуў, як стукае сэрца і турчаць недзе збоку на імшары жабы. Тады зноў лязгала жалеза: міны рваліся ззаду — мусіць, на дарозе ля мастка. Ён зноў бег — трушком: не давалі колькі; бег з гары ў лагчыну, дзе свіцілася поле. Пад нагамі шуршаў сухі сівы мох — нават не адсырэў за ноч, у лесе, мусіць, не было расы, — трашчала сучча, і грукала зямля, усё роўна як дзе глыбака была пустая. Пасля ён падумаў, што гэта зноў у яго стукае ў галаве.
Там, дзе перш свіцілася поле, ён раптам згледзеў дым, густы, сіні. Гарэў лес, а яму здавалася, што ў тым баку было поле...
Міны рваліся цяпер ззаду на гары, адкуль ён, Боганчык, збег сюды, уніз, у высокі, рэдкі сасновы лес, дзе бушаваў агонь...
Закашляўшыся, Боганчык адразу завярнуўся назад — не давала дыхаць — і бег, як толькі мог: уцякаў ад дыму.
Трашчала полымя пад самымі нагамі — гарэла сухое жоўтае сасновае верхаўё; гарэлі сасновыя карчы, роўна, ядрана, усё роўна як хто расклаў агні; сінелі, корчыліся на моху кара і верас, сінеў ад агню мох, беручыся ў чырвоны вугаль, — агонь ішоў па зямлі.
Боганчык ужо не бачыў дыму, чуў толькі, як густа пахне гарэлай смалой, і бег — бег назад і ніяк не мог выскачыць з дыму. Тады ён павярнуў лявей, каб выбегчы на імшары.
Калі ён лучаў на сівую рэдзенькую травіцу на буграх, куды не дайшоў агонь, бачыў, як беглі па зямлі шэранькія дробныя яшчаркі — уцякалі ад пажару. Яшчаркі баяліся выбегчы на чорную зямлю, дзе прайшоў агонь, — зямля, мусіць, была яшчэ гарачая, — і круціліся на месцы па траве, падымаючы галовы.
Рэдзенькую сухую травіцу на зямлі агонь лізаў, што карова языком...
«Магіла ў лесе...» — зноў цюкнула яму ў галаву.
Ён бег і думаў, што пачаў круціцца на адным месцы, як заблудзіўся. Горача было ўсяму — здавалася, гарэла на плячах рубашка; стукала ў галаву, як малатком, і ён пачуў, што валіцца з ног...
Ён упаў на нешта цвёрдае і вострае, ударыўшыся — згледзеў, што на крушню камення. Крушня была сырая і халодная, парасла зверху зялёным вільготным мохам, і яе абыходзіў агонь.
Боганчык падумаў, што ля крушні недзе блізка дарога, і зноў ускочыў з зямлі...
Калі ён выбег на чыстую пасеку, убачыў сонца — яно паднялося над самым лесам і, здавалася, сушыла ўсё на свеце. На пасецы на малінніку ля пнёў яшчэ блішчала на лісці раса, як вада пасля дажджу, і ўсюды пахла дымам, аж дзёрла ў горле. Дым спаўзаўся з лесу на пасеку і збіраўся ў кутках, як туман, засцілаючы ўсё з вачэй...
Пад ногі лучаліся старыя бярозавыя дровы-метры — некалі ляжалі тут у вёрстах. Сухая белая бяроста стаяла ворахам і трашчала, ломячыся, калі ён ступаў на яе. Ногі правальваліся глыбака, да калень, і выцягвалі наверх сухую жоўтую ў друзалках трухліну, што гнілое пілавінне.
Ён быў пераскочыў цераз свежую яму ад міны, неглыбокую, шырокую зверху і вузкую ўнізе, усё роўна як дзікі яе вырылі, шукаючы карэння. З ямы быў вывернуты пясок — у адзін бок; сыры, мяккі і жоўты, ён ляжаў у свежых друзалачках і бялеў зверху — сох на сонцы. Ля пяску на сіўцы валяліся дробныя чырвоныя трэскі. У яме ля берагоў была чорная зямля — у сажы.