Выбрать главу

Боганчык сядзеў высака на мяхах і, падняўшы руку, махаў над галавой дубцом — паганяў. Яго чорная барада была відаць аж здалёку.

За Боганчыкам, нокаючы на маленькага гнядога Сібірака, рассеўшыся на возе, кратаў плячыма валасаты Мірон Махорка-Карашкі ў чорнай сарочцы; за ім на сваіх доўгіх разводах соўгаўся Валодзя Панок — ківаецца здалёку яго сівая галава; Панка дагнала на рабой кабыле Таня Паляншчынка — усё нешта крычала яму, папраўляючы ў дзве рукі сваю доўгую касу; за Таняй, звесіўшы галаву ў вялікай чорнай кепцы, ехаў стары Янук Тваюмаць; на шостым возе ляжаў ніц, галавой у перадок, і ні на кога не глядзеў Сяргеішын хлапец Алёша. Дзіця яшчэ зусім, дзесяты год яму, ці што. Наста добра не помніць ужо... За яго возам, паклаўшы галаву аж на мяхі, і тупаў Буланчык. Адвесіў губу, форскаў, здавалася — хоча перагрызці на калёсах мех: дастаць зярняты.

«Хай гломзае... Каб толькі не аставаўся ззаду...»

Наста паправіла над мехам пугаўё, яно было сагнулася, і маглі сашмыкнуцца лейцы, і сашчапіла на каленях рукі.

Балела спіна; гарэла, бы хто яе пасыпаў прыскам, збітая костачка, і дрыжала ўсё ўсярэдзіне. У горле станавіўся камяк, і тады блажыла...

Халаднела, мусіць, ад поту за плячыма, нажутка, муляў на грудзях гузік — яна адшпіліла яго і дыхала, як пасля чаду выйшаўшы з хаты на двор, — глытала і глытала з дарогі пыл, аж пакуль не папярхнулася.

Калі прайшла блага, зноў заныла ўсярэдзіне... Каб ступала сваімі нагамі, а не вёз на мяхах Буланчык, далей школы ўжо не кранулася б... Не змагла б...

З гары, ад могілак, відаць, калі глядзіш назад, Дальва: як сівыя каровы ў гарачыню ля ракі ў кустах, збіліся ў кучы хаты, перамяшаліся... І вялікія і малыя. І каровы і цяляты... Пасля Наста бачыць толькі сваю: з саламянай высокай чорнай страхой хату ў канцы вёскі. Варывенькі і хлева з-за хаты не відаць. Не відаць і Боганчыкавага двара, хоць ён і побач. Тырчыць толькі ў тым баку асвер над яе, Насцінай, студняй... Пасля і ён апусціўся ўніз і схаваўся за варыўнёй: палезлі па ваду. Дзеці, мусіць...

На дарозе каменне. Па ім ляскаюць і скрыгочуць колы. Трасе цяжкія ад мяхоў калёсы, кідае па цвёрдых калдобінах. Баліць галава, аж сціскаеш зубы. І зноў блага. Гэта ад гару: яго цягне з балота на дарогу, аж сюды да школы; гарам пахла і праз усю грэблю ад самага маста. Гарыць сухі торф на лагу ў канцы вёскі ля ракі. За кустамі ў тым баку сіне ад дыму. І неба там, за Дальвай, сіняе, толькі далёка за лесам, над Карчаваткамі, відаць шэрае воблака — вісіць на адным месцы, што прывязанае.

«Дым... У Камене гарыць...»

Калі доўга глядзіш у той бок з-пад рукава нажуткі, мітусіцца ўваччу. Сонца над лесам рудое ад пылу, густое, пацямнела. Пыл ля самай зямлі белы, што дым ад сырых дроў.

На гары ля школы пахне ячменем — сухой саломай, як увосень у гумне ад малатарні. Ён і не паспеў яшчэ на нечых шнурах — жыта нават не налілося — згарэў на сонцы: пажаўцеў, ля дарогі пасох. Выгарала на дарозе трава. З-пад яе, калі ступае конь, падымаецца пыл вышэй калёс.

Форскае і форскае Буланчык. Увесь чорны, змок. Пад набераткамі на спіне ў яго — жоўтая пена...

Наста выцірае шчокі мокрым рукавом нажуткі — яны аж смыляць на сонцы...

«Скура гарыць. Як пры агні... Захлынешся...»

На гары ля школы па калені пяску. Перасыпаецца пад нагамі ў каня, што попел. Ад пылу не відаць пярэдніх падвод — згубіўся з вачэй Боганчык, як скрозь сіта свіціцца палатняная спіна старога Янука...

Зноў наліпла на шчокі пылу, як ля малатарні. Павядзеш рукой — даланя шорсткая, што тарка. Ад пяску не сціснуць зубоў; суха ў роце, язык — што дубовая карына.

Наста камячыць рукаво нажуткі і выцірае вусны. Рукаво салёнае, аж горкае...

Ацяклі ногі — як перавесіла цераз ляжэйку на грэблі, дык і не падымала, — сталі што чужыя, здранцвелі, і баліць, ломіць спіна, нізка, у самым крыжы. Хочацца выпрастацца, лёгшы на мяхі, як дзе на мяжы, пажынаўшы дзень не адгінаючыся... Уціснуць галаву куды ў плот: у крапіву і дзяды, каб нічога не чуць...

Даг-даг-даг-даг... — як хто спопаразку кулаком дома ў дзверы, застукаў у канцы вёскі кулямёт. Там, дзе гарэў за ракой торф.

Жык... Жык... — засвісцела збоку ўдоўж дарогі, як хто хлыснуў тонкай пугай па сухой траве... Жык... Жык... На пажарышчы з-пад бляхі падняўся попел і чырвоныя іскры. Буланчык напяўся ўвесь, даў у хамут, хочучы, мусіць, выскачыць з аглабень, тады выцягнуў галаву, дастаючы аж да Алёшавых ног на возе, і прыціснуў вушы — схаваў пад грыву.