Ён бег пасекай па чыстым і думаў, што бяжыць здурнеўшы... Як і тады, калі яго засталі дома ў вёсцы немцы, — ён прыйшоў быў з Карчаватак. Немцы ішлі тады з лесу, а ён глядзеў з хаты ў акно, думаў, што яны паявяцца з грэблі...
Згледзеўшы іх ля ям, ён выскачыў з двара, перакуліўся цераз тын і пабег вуліцай — пасярод — у другі канец вёскі... Па ім пачалі страляць з аўтаматаў, а ён бег і бег пасярод вуліцы... Каб хоць прыхінуўся дзе да вугла...
На пасецы ён зноў лучыў на лінію, угледзеўшы яе знянацку: мільгануў збоку чысты прагал...
Боганчык тады зноў пабег расцяробам з пасекі, туды, дзе ў прагале за лесам была відаць белая ад сонца зямля. Задыхаўся, хаўкаў, як рыба на пяску, і рваў на грудзях рубашку... Расцяроб быў узараны яшчэ да вайны; сухі, жоўты, аж белы пясок выпетраў на сонцы і перасыпаўся пад нагамі, як попел. Ногі лезлі, што ў свежы снег, коўзаліся, і ён баяўся, каб не спатыкнуца: абваліцца — не ўстане.
Пасля ён пачаў лучаць нагамі на траву — на сівец, што рос кусцікамі, як насаджаны рукамі. З сіўцом раслі зайцаў гарошак — сцяліўся па самай зямлі, па пяску; мучанічнік — спаўзаў на лінію з пасекі доўгімі вусамі з лісцем, што на бруснічніку; верас, сухі і ацярушаны, як стаптанае скацінай ржышча; мятліца — стаяла белая, што салома; высокая рабінка з пакручаным лісцем, што расце на пасеках на сухім пяску ля пнеў; і крапіва — зялёная, старая, як дзе пад вуглом: па дзве, па тры дудкі ў кучы.
Расцяроб у самым канцы шырэў — на яго, мусіць, выходзіла аднекуль дарога — і быў відаць далёка, ля самай ракі чысты лог. За логам, за ракой, пачыналася Краснае...
Боганчык пазнаў, што бяжыць якраз на выган — да млына...
На выгане за ракой быў відаць дот — ляжалі павыварочваныя з зямлі белыя груды... Немцы ўзарвалі ўсе доты ля Краснага. Узрывалі сёлета вясной, яшчэ маразамі, і было добра чуваць аж у Дальве...
Убачыўшы дот, Боганчык страпянуўся, і ў яго заныла ўсярэдзіне. Падкасіліся ногі...
Зноў засмярдзела дымам, як і дома ля грэблі. Пасля Боганчык убачыў, як далёка за ракой у Красным нешта гарэла — у тым баку ўсё было заслана дымам...
Ззаду ля маста застукаў кулямёт, кораценька і дзярката: а-а-у-у...
Пасля пачалі без аддухі страляць на імшарах, і далёка ішло рэха, аж у кут пад пушчу...
...Боганчыку было здалося спачатку, што яго ўдарыў заднімі ўкаванымі нагамі жарабок — у жывот пад дыхавіцу, адкінуўшы з хлева аж на памост на праціўні... Пасля ён пачуў, як разанула пад грудзьмі — што пілой...
Ён упаў на лініі ў пясок, адваліўшыся на спіну, як паслізнуўся, і адразу падняў галаву. Не давала глядзець — рэзаліся павечкі: вочы былі поўны пяску. Мігнула было адразу ў галаве, што ён не пачуў выбуху: затрашчала толькі спераду на зямлі, усё роўна што сухое ламачча, і яго, Боганчыка, таўханула нечым цвёрдым і гарачым пад грудзі...
Падняўшы галаву, ён згледзеў кішкі... Яны ляжалі збоку ля яго на пяску. Ён схапіў іх рукамі, нічога не помніўшы, і прыціснуў да сябе — да жывата... Пачуў, што яны гарачыя, як вар... Ён згледзеў яшчэ збоку ля сябе яму... З яе ішоў белы, як пара, дым — слаўся па дне...
Пасля яго тузанула ўсяго і скруціла, як у абаранку. Рэзала ў жываце і ціснула за горла, як усё роўна душыла вяроўкай.
Ён не мог уцярпець... — пакаціўся па зямлі, па пяску...
— Да-бі-іце... Дабі-іце... — ён яшчэ крычаў і чуў сам сябе.
Пасля ён яшчэ быў падняў галаву, корчачыся і апіраючыся на рукі, і ўбачыў, як заблішчаў і схаваўся з вачэй далёка ў канцы расцяробу за ракой на беразе белы дот... Пацямнеў і асыпаўся, як куча попелу...
19
Вецер гнаў у вочы дым з пяском — дзёр пясок з зямлі, з поля і сек у шчокі, як зімой у маразы, калі заходзіў з Карчаватак...
Алёша пачуў, што захлынаецца — няма чым дыхаць...
Дыму была поўна пасека ля вёскі: сівы, як пыл, і густы, ён вісеў у самым кутку над жытам ля дарогі і над соснікам на Пагурку, хаваючы яго з воч. Дымам зацягнула альшэўнік і вузкую жыліну на балоце на сушкоўскім баку, як туманам: ад яго было сіне і ля лесу пад Карчаваткамі і на ямах, як перад ноччу...
Алёша падумаў быў, што гарыць лес: зайшоў з-за вёскі вецер, і агонь коціць усе Карчаваткі...
Вецер шалеў: гнаў, не сціхаючы, з гары ад ям, ад вёскі, жарству; падымаў угару аж немаведама куды жоўты пыл і сухую чорную траву — змятаў з дарогі; віхор хапаў на полі ў ахапак жыта, здавалася, павырывае яго з зямлі і пагоніць у жыліну на сушкоўскі бок, што салому; не даваў ісці, становячыся слупам на дарозе наперадзе... Алёша тады нагінаўся і, падвярнуўшы галаву, закрываў у дзве рукі вочы. Чуў, што ногі лезуць на дарозе ў пясок аж да калень.
Шумеў лес, аж стагнаў на ямах за дарогай, нагіналіся сосны, і тады за імі ў прагалах было відаць высокае, цёмнае, што ўвосень, неба ў доўгіх белых, выцягнутых, як лейцы, палосах. Адгіналіся назад сосны, паволі, што баючыся, скрыпелі і трашчалі, як падсечаныя.