Выбрать главу

Смярдзела ўсюды гарам, як ад торфу, калі ён доўга гарыць — тыднямі...

З поля ад Пагурка добра быў відаць соснік ля ям перад самай вёскай... З-за сосніку раптам паваліў дым, белы, як вата; густы, усё роўна што ў камках, ён расцягваўся ад ветру ўдоўж дарогі да самага лесу, пасля ападаў на зямлю, на жыта.

Алёшу тады зрабілася раптам блага; ён быў пастаяў, гледзячы ў соснік за ямы, тады пусціўся бегчы пад гару — па пяску і па жыце. Бег і думаў: на дарозе нарасло жыта — сцёбае па шчоках, як хто павіванай пугай...

Пад гару ён не мог бегчы; станавіўся і, закрываючыся рукамі ад ветру, кашляў; пасля, аддыхаўшыся, зноў бег па жыце на гару да ям... Высахла ў роце, як ад палу; патрэскаліся вусны і зрабіліся салёныя, аж горкія; высахла на грудзях чорная рубашка са старым сапсаваным бліскучым замочкам — замочак раз'ехаўся зверху данізу. З рубашкі, калі Алёша датыкаўся да яе локцямі, адставала і адвальвалася камячкамі гразь — рудая, патрэсканая, што пацёртая яловая кара. Было горача ўсяму: смылела ад сонца галава; гарэла шыя; паапякаў, мусіць, скуру на носе — не дакрануцца пальцамі...

Ён быў падумаў, што не бачыць нідзе сонца — як схавалася куды.

Пасля яно паказалася з-за дыму — вісела высака ўгары, малое і белае-белае, не глянуць, вісела над самай вёскай — звярнула даўна з паўдня: усё роўна як была пара займаць на адвячорак у поле кароў...

Алёша пачуў, як яму раптам забалела ў калене нага — ударыў, калі Махорка зганяў яго з мяхоў з калёс. Балела паясніца, як усё роўна дзе яе зламаў; совала ў галаву, калі лучаў босай нагой на камень. Ён тады аж сціскаў зубы. На зубах трашчаў пясок...

Алёша бег на гару да ям; станавіўся, тады зноў бег... Бывала, яму здавалася, што ён бяжыць не жытам дамоў, да вёскі, па пяску, а балотам з Тартака на Пунішча...

На гары ля ям у сосніку было сіне ад дыму, і Алёша доўга цёр кулакамі вочы: нічога не бачыў, як заступіла. Пасля ён выбег з сосніку на поле, якраз там, дзе да вайны быў калгасны капец і дзе людзі з вёскі хавалі бульбу. Зямля ад капца ляжала буграмі, яе ніхто не зраўняў, і Алёша пазнаў гэта месца, узбіўшыся з нагамі...

За соснікам рваў яшчэ горшы вецер, сек па шчоках жарствой — гнаў яе, мусіць, дарогай з загумення — і нічога не было відаць...

Алёша быў, мусіць, закрычаў, бо пачуў, што папярхнуўся, і яму зноў падвярнула пад грудзі блага...

За соснікам, дзе стаяла вёска, усё было заслана дымам, як і ў кутку на пасецы пад Пагуркам, дзе расло жыта.

З зямлі ўсюды ішоў клубамі дым, буры і цяжкі, як дзёгаць; яго, здавалася, не браў і вецер. Дым ішоў высака ўгару — уровень з соснікам, бялеў, тады яго гнуў да зямлі вецер і гнаў дарогай да ям на жыта...

Алёша ўбачыў, як вецер з дымам гоніць іскры, маленькія, дробныя, што пясок, — падымае ўгару і сыпле тады на зямлю, як сее. Па зямлі ў тым месцы бегаў агонь. Агонь быў белы, як сонца, і ад яго калола ў вочы; здавалася яшчэ, што іскры лятуць усё роўна як з-пад зямлі...

Запахла гарэлай бульбай і сырой глінай. Зарваў быў вецер, і тады ўсё заслаў дым — нічога не пазнаць...

Алёша падбег да самых ям — да дарогі. Ямы былі старыя — асыпаліся, аб'ехалі... На жоўтым пяску на дне ў іх расла трава...

Перабегшы дарогу, ён быў аглянуўся: у кутку над лесам, недзе над Дзвінасой, у небе віселі чорныя, што вуголле, самалёты, як і ўчора надвечар... Там несціхана грукала — усё роўна як грымеў гром.

Тады Алёша адразу пазнаў сосны ля фермы на дзядзінцы. Яны раслі ля дарогі, што вяла з вёскі да ям... Вялікія, вышэй лесу, таўстыя, не ашчапіць і ўтраіх рукамі, падсечаныя тапарамі, у ямах і ў дуплах, дзве старыя сасны здаўна стаялі ў канцы вёскі, дзе некалі былі могілкі...

На большую былі ўсцягнулі барану для бацяноў, даўна, Алёша не помніць калі, вялікую, мусіць, нечую з гумна. Бацяны яе не зачапілі; яна ляжала ўгары на сасне — белая, выгарала на сонцы, нагнулася краямі ўніз, як пераламаная... Баяліся, каб яна не звалілася на галаву. Алёша пазнаў барану — згледзеў здалёку...

Тады ён згледзеў вуліцу... Белая ад пяску, яна ішла вёскай, як дарога ў полі...

У яго затрасліся ногі...

Ён пазнаў яшчэ, што стаіць ля Боганчыкавага плота на дзядзінцы. Плот абгарэў — быў ля самага хлева — пачарнела жэрдзе. Агонь гнала з двара па зямлі, і ля плота выкаціла сухую, прыбітую нагамі траву. Вецер сагнаў з яе чорны попел, і ля самай зямлі з пяску было відаць белае карэнне...

Пасля ён падумаў, што Юзюк недзе на Паліку... Юзюк астаўся жыць...

Над соснамі далёка-далёка ўгары краталіся воблакі — адно над адным — цяжкія, белыя, што гурбы, і, здавалася, халодныя; ніжэй іх віселі чорныя, што зямля, з жоўтымі краямі тулягі: паўзлі ў другі бок, за раку — за Дальву...