Выбрать главу

Пра немцаў — можа, і праўда, бо Амяльян склікаў нядаўна ўсіх у вёсцы ў Марыліну хату — канцылярыю — і расказваў, што немцы выходзяць з акружэння кучкамі, як ваўкі ў калядніцу, і цягнуцца на захад, дзе фронт. Яны робяць тое, што і рабілі, таму трэба «трымаць вуха востра», і калі што якое — бегчы ў Крашчанку, дзе стаяць нашы.

Сонца ўжо зайшло за лес, асталіся толькі чырвоныя доўгія палосы. Перасталі звінець камары, можа, таму, што тут, ля дарогі, кончылася жыта і пачынаўся лажок. Зноў пайшла лагчына, але меншая, як у Бярозах, — Алёшка яе хутка праскочыць.

У лагчыне на дарозе няма пяску: прымятая, здрапежаная трава. Ступаць па ёй мякка, як па сене, што растрэслі сушыць, — толькі з-пад ног устае цэлымі клубамі пыл, як попел над вогнішчам, калі яго ўспораш... Гэта — пакуль сцямнее ды ападзе раса.

За кашулю крадзецца халадок, і ад яго бярэ млявасць.

З лагчыны добра відаць белы млын, што ля возера пад Крашчанку: уцалеў. Над ім чырванаватае ад зары неба, відаць, там воблакі, бо над галавой неба чыстае, як і днём, калі без аддухі смаліла сонца. Алёшка не выходзіў з хлева, дзе быў цень: на сонцы балела галава і з носа кідалася ісці кроў. Алёшка ўжо мінаў лагчыну і зноў хаваўся ў жыце, як пачуў зусім побач голас. Нехта гаварыў у жыце не змаўкаючы, але адзін — сам з сабою..

Алёшка перайшоў на другі бок цераз дарогу, на якой у гэтым месцы ручаі павымывалі калдобіны — відаць, яшчэ перад боем, калі лілі дажджы, і спыніўся.

— Я Зямля! Я Зямля!.. — пачуў ён нешта зусім незнаёмае і ўбачыў ля дарогі — і не ў жыце зусім, як здалося, а на сцежцы ля жоўтага каменя, — салдата. Той стаяў на каленях, да Алёшкі плячыма. У гімнасцёрцы, зусім новенькай, і такой жа новенькай пілотцы, якая ледзь трымалася ў яго на валасах. Перад салдатам на камені стаяў у драўлянай зялёнай скрыначцы тэлефонны апарат. Салдат падпёр адной рукой тэлефонную трубку ля вуха, другой торкаў у зямлю белыя металічныя пруткі, пасля крычаў у трубку тонкім голасам:

— Я Зямля!.. Я Зямля!.. Я Зямля!..

Гэта быў і не салдат, а дзяўчына ў ваеннай форме. Алёшка здагадаўся пра гэта тады, калі яна, зняўшы пілотку, паклала яе роўненька на камені ля зялёнай скрыначкі і паправіла рукой свае доўгія валасы: яны рассыпаліся і закрылі ёй шыю.

— Я Зямля! Я Зямля!.. — крычала яна не сціхаючы, і калі ўгледзела яго, Алёшку, толькі спалохалася і неяк дзіўна паглядзела, не сказаўшы ні слова.

«Якая яна прыгожая. І валасы ў яе, як у Надзі Боханавай. Тэлефаністка...»

Ён згледзеў на зямлі два туга напятыя правады: чырвоны і сіні. Яны цягнуліся цераз дарогу і хаваліся ў жыце.

«Відаць, з Крашчанкі», — падумаў ён і, азіраючыся, перайшоў зноў цераз дарогу — ён прывык ужо ісці тым бокам.

— Я Зямля! Я Зямля!.. — чуў ён і ніяк не мог зразумець, чаму такая ўстрывожаная тэлефаністка — не загаварыла нават — і што значыць гэтае: «Я Зямля».

Цяпер яму было смялей: на дарозе ваенныя.

Зноў пачалося густое жыта, але за ім былі відаць недалёкія хаты ў Крайску. Толькі аднекуль падкралася трывога. «Я Зямля! Я Зямля!» — стаяла ўвушшу. Пад нагамі стала больш пяску. Сюды, у лагчыну, яго, відаць, гнала ў тыя вялікія дажджы. Пашырэла раптам дарога — гэта да яе далучылася другая, што вяла з Хадакоў праз ельнік, які вунь далёка збоку. Хадацкай дарогі адгэтуль не відаць, яна вузкая, выбягае з жыта неяк раптоўна і пад гару. Тут на абочынах шмат валуноў, а пад нагамі пяску — аж па калені. Алёшка зноў марыўся.

Калі ён убачыў на хадацкай дарозе немцаў, то не спалохаўся. Яму толькі ралтам прыбегла ў галаву, што маці крычала на яго ўчора, каб не згубіў адрас, і ён дзвюма рукамі хуценька схапіўся за падпашша, дзе былі пісьмы. Ён не помніў: пабег ці, можа, прыкарэў да зямлі, як камар да саломінкі, і не варушыўся. Калі ж ён апамятаўся, заўважыў, што ідзе паціху-паціху, ледзьве ступае.

Немцаў было сем, ён добра помніць. Усе ў пілотках, з аўтаматамі ў руках. Пярэдні толькі, валасаты, быў без пілоткі і з пісталетам у руцэ — маленькім, чорненькім. Яны саплі, бегучы трушком з хадацкай дарогі. Здалося, ад іх пахне потам і дымам. Яны заўважылі яго і спыніліся, ледзь не збіўшы з ног, але не зачапілі. Нават не гергеталі, перабеглі толькі цераз дарогу і схаваліся ў жыце: падаліся нацянькі на Сушкава, абмінаючы Крашчанку. Зніклі адразу, як і паявіліся. Доўга толькі краталася і шумела на гарушцы жыта.

Ён бег дарогай, пакуль не пачаў задыхацца. Пасля спыніўся: да Крайска яшчэ далёка. Згарэлі б тыя могілкі, як да іх не дабегчы: зноў схаваліся з вачэй.