Выбрать главу

Ірка любіла восень. Можа, таму, што ў Бярэзаўцы тады было ціха-ціха. Цішыня плыла недзе адтуль, з Паліка, з пушчы, плыла ракою, гэткай жа ціхай, як і сам Бярэзавец. Яна ніколі не разлівалася і не стагнала, вясной у паводкі ў ёй толькі падымалася вышэй цёмная вада.

Увосень у Бярэзаўцы мялела рака і рана жаўцелі бярозы — можа, таму, што раслі на балоце. Жаўцелі заўсёды знізу, паволі, не так, як вольхі, якія чакаюць першых маразоў, тады чарнеюць і асыпаюцца за адну ноч.

Цішыня стаяла ўсюды: і ля хаты, і на пасецы, і на балоце — з вёскі сюды не далятае ніводнага гуку. Затое тут жыло сваё рэха — дзень і ноч, зіму і лета і больш за ўсё ўвосень.

— Гэ-гэй! — так заўсёды гукаў Ірчын тата, калі адыходзіўся ад дому, так гукала і Ірка. Яе дражніў тады Бярэзавец, рэха плыло на Палік, на вёску, а надвячоркам яно варочалася назад, зноў дражнілася і плыло далёка-далёка, толькі цішэй — адкуль жа яму ўзяць сілы? Ірка ж малая яшчэ, ёй толькі пайшоў дванаццаты, мала што яна рослая, падцягнулася за вайну, затое тонкая. І крычаць яна, мусіць, добра не ўмее — ціхенька і дзярката — і заўсёды тады папярхаецца, бо дзярэ ў горле. Вось каб крыкнуў тата, тады б рэха варочалася ў Бярэзавец не адзін раз, але тата ніколі блізка ля хаты не крычаў і не даваў Ірцы, каб не «папудзіла аленяў», і так за вайну, якія асталіся, нацярпеліся страху, — чалавека сталі баяцца.

Увосень у Бярэзавец злятаюцца сарокі і сіваваронкі. Сарок Ірка не любіла: яны зладзеі і стракочуць без аддухі, лезуць усмоль на двор у карытца да парасяці, хоць тады яны і «варожаць на гасця», як кажа маці. Нехта ж выдумаў — сарок, дык тых хоць ты палкай гані, а гасцей, як пераехалі ў Бярэзавец, ні разу і не было.

Увосень, калі стаіць пагода, шасціць пад нагамі мох і трава сівец, гараць сіняватыя пупышкі верасу на пасецы — верас высокі, што трава ў лучках. Па ім поўзаюць мурашкі, вялікія, з крылцамі, і лётаюць пчолы. Сядзе пчолка на верасовую галінку, калышацца, пасля нахіне яе аж да самай зямлі, абдыме ножкамі, перагнецца ўся, адтапырыць крылцы і лезе з галоўкай у маленькую кветачку. Пасля застыне, не кранецца, як памерла, — п'е.

З балота ад ракі прылятаюць вялізныя зялёныя стракозы, лапочуць над верасам сваім доўгім бліскучым крыллем, але пчолы іх не баяцца.

Ірка любіць пчол: яны збіраюць мёд. А позні мёд — зелле.

На пасецы яшчэ зялёная трава і мох, але пастарэлі ўжо грыбы лісіцы, пабялелі, пачалі сохнуць. Затое ў Бярэзаўцы — маладыя баравікі, бурыя, цвёрдзенькія і круглыя — як хто іх высеяў у адну ноч. У вайну тут гарэў лес, і яны любяць гарэлае. Маладыя жаўтаватыя апенькі і варушкі абляпілі пні. Іх несамнога: не іхняя яшчэ пара. Далей пад лагі ў бярэзніку — чырвоныя падасінавікі і белыя чашчавікі. Маладзенькія на тоўстым корані і з тоненькай галоўкай, — зусім як напарстак на пальцы. На грыбах — слімакі-смаўжы. Яны — Ірка вычытала — сеюць грыбы. Смаўжоў няма толькі на мухаморах. Ды і наліха тыя сеяць, атруту. Яны і самі вунь аж на двор залезлі. Ля ганка і ля студні пясок рыюць — так растуць. Але дзе мухаморы — там і казлякі. На пясчанай гарушцы за хатай іх не злічыш. Казлякоў надта не бяруць. Не бяруць і сыраеж, яны паразрасталіся на зямлі, як рэшаты.

На імшарах — у саснячку за гарушкай — пераспелі дурніцы; на іх кропелькі вады — ад расы. Дурніцы кіслыя, і ад іх не хочацца піць, як ад чарніц, але ад іх баліць галава. Не, гэта не ад дурніц, а ад багуну, з якім яны растуць. А багун у Бярэзаўцы высокі, дастае Ірцы аж па пахі. Пачырванеў спадыспаду ад зямлі — асыпаецца. І пахне-пахне. Толькі чаму ад яго баліць пасля галава, як ад чаду ў хаце, калі маці рана заложыць у печы юшку? Ірка баіцца чаду.

Да імшар праз саснячок вядзе старая ездавая дарога. На ёй — абабітае калясьмі белае сасновае карэнне, зацярушанае прычарнелым сенам. Сена выносілі сюды з балота, сёлета было шмат вады, і на яго ніхто не ўз'язджаў. Балота нават не ўсё абкасілі: не было каму. Цяпер і па лагах ля вёскі адны бабы з косамі ходзяць: мужчын многа з вайны не прыйшло. Так і стаіць балота; пажоўкла, пачарнела. На корм яго ўжо ніхто не скосіць.

Можа, калі падмерзне пазней, траву «абаб'е» Ірчын бацька, каб вясной, калі яна высахне, не ўклюнуўся ў Бярэзавец пажар.

Ля імшарын — бярозы-чачоткі з грыбамі-губамі і цэрам. У вайну тата з губы і цэру «крэсіў» агонь, добра, што цяпер сталі прывозіць у магазін сярнічкі. Ірка так і не навучылася «крэсіць» агонь з цэру. Яна рабіла па-свойму: скручвала з ваты, якую скубла са старой матчынай фуфайкі, кнот, падпальвала яго, пасля тушыла ў бліскучым жоўтым патроне ад нямецкай вінтоўкі. На крэмені чорны кнот загараўся ад першай іскры. Але за вату крычала маці: збіралася яшчэ на зіму «пацягнуць» фуфайку кортам, якога тата прывёз з раёна за воўчую скуру.