Выбрать главу

Цяпер на тым месцы, дзе некалі была вялікая будыніна, парос густы сасняк. Ён вышэйшы за той, што на пасецы, вышэйшы за Ірку.

На пагарэлішчы ляжыць вялікае чырвонае каменне, патрэскалася, парасло чорным і сівым мохам: валяецца чыстае бітае шкло, паленая цэгла; далей на былым падворку, дзе цяпер узаралі зямлю, блішчыць вялікі кубак, што быў на тэлефонным слупе, — беленькі, ачышчаны ад пяску. Ірка помніць, што некалі на заставу вялі тэлефонныя слупы; адзін слуп з белымі кубачкамі стаяў ля іхняй хаты і звінеў зімой, усё адно як дзе на Паліку вылі ваўкі.

На ўзараным двары і пасецы пасаджаны маленькія сасонкі. Яны яшчэ ў дзве галінкі і здалёку — як елка-трава, што на балоце. Над імі стракочуць конікі. У баразне слупок з надпісам:

«КВ. 29 ПОС. СОС. ПЛ. 2,40 г. 194...г.»

Ірка помніць, што такія слупкі рабіў і надпісваў яе тата, калі жылі яшчэ ў вёсцы.

На беразе — старыя дубы, разгатыя, сучча ў іх аж да зямлі. Пад дубамі — партызанскія акопы. Яны глядзяць на вёску, што за ракой, на луг, дзе буслы і скаціна, на поле, дзе дымок ад трактара, але ўжо засыпаліся, параслі мохам, бруснічнікам, верасам і сіўцом; зацерушыліся іголлем і сасновымі шышкамі. Тут у апошнюю блакаду вялі бой кутузаўцы, не падпускаючы немцаў да Віліі.

Прыгожыя лозы ля ракі ўвосень. Яны — чырвоныя, зялёныя, бурыя, жоўтыя, аж блішчаць на сонцы і цягнуцца лугам далёка-далёка, пакуль не хаваецца за лесам рака. Ірцы хочацца ісці і ісці туды, куды схаваліся лозы, дзе далёка яшчэ большыя, чым у іхнім Бярэзаўцы, лясы, дзе зусім невядомы свет. І тады яна ўздыхае, папраўляе свае доўгія і тоўстыя чорныя косы, што распляліся на грудзях, выцірае з ілба пот — горача як! — і расшпільвае раскошную матчыну старую нажутку.

Як хочацца паплыць туды, дзе Палік, ракою. Не. Ірка не хоча плыць ракою, яна хоча ісці дзень і ноч, і ўсё лесам. Яна пойдзе туды некалі з татам.

На Высокі Бераг вядзе пясчаная дарога цераз усю пасеку. На дарозе сляды ад леспрамгасаўскіх машын: яны яшчэ ўчора вазілі на бераг лес, цяпер іх не чуваць. Сёння Ірка, калі ішла на бераг, бачыла на пяску вялікія воўчыя сляды. Воўк перайшоў дарогу. Ваўкоў Ірка, можа, і баіцца, але ж днём воўк не стаіць на адным месцы.

На беразе за дарогай вялікія шліхты бярвення. Адтуль, калі павее вецер, пахне свежай смалой, як з падсочкі.

«Гэтулькі выразалі... Пасека недзе адна асталася».

Ірка не любіць ні леспрамгасаўцаў з піламі, ні іхніх машын з прычэпамі і печамі, куды шафёры засыпаюць бярозавыя чуркі і перамешваюць іх жалезнымі качэргамі. Не было б машын — не рэзалі б гэтулькі лесу.

Ірка не хоча глядзець шліхты: пара дамоў, яе ж ніхто сюды не пускаў.

На дарозе пыл; па жвіры і сасновых шышках колецца ў босыя ногі. На пасецы сіне, як ад дыму, — гэта ад пагоды. Пачынае балець галава — мусіць, ад сонца. Ные пята — пракалола яе недзе на дуддзі, а мо і на шкле ля заставы.

Першага выбуху яна не пачула: пасека неяк застагнала сухім рэхам і запыліла, схаваўшы з воч дарогу. Ірка ўся сціснулася, прыпала аж да зямлі, пасля пабегла, нічога не бачачы.

Ёй раптам успомнілася, як яны ў блакаду з бацькам беглі так з вёскі на пасеку, дзе былі бульбяныя ямы, а ўсюды рваліся міны. Такі ж ад іх сухі трэск, такі ж дым і пыл. Тады яны з татам ледзь праскочылі, тады ў таты на руках забіла маленькую Верачку, яе, Ірчыну, сястру.

Яна бегла і бегла цяпер па карчах і пяску, не чуючы пад сабою ног, закрываючы вочы, бо па твары секла нечым калючым, мусіць, жвірам, і ад дыму аж блажыла.

Выбухі сціхлі адразу, як і пачаліся. Стала зноў ціха.

Ірка тады апусцілася на халодны, свежы пясок ля неглыбокай ямкі і выцерла вочы. У іх калола, мусіць, ад пылу і поту. Суха было ў роце.

«Здурнела... — Ірка пачала страсаць пясок з нажуткі. — Гэта ж карчы рвуць».

— Адбой, Прахор! Перакурым, — пачула яна і баялася паказацца на вочы мужчынам, што ўдвух, сагнуўшыся, падымалі з дарогі сякеры і торбачкі.

«Хаця б не сказалі тату... Заб'е».

Трава на пасецы была ўсыпана белым пяском. Валялася тоненькае карэнне ад маладых сасонак, бы яго хто надзёр на кошыкі.

Ірка ўгледзела толькі цяпер каля сябе ямы, як ад мін, і велізарныя, чырвоныя, пашчапаныя карчы, што ляжалі на пасецы, як замораныя ў плузе быкі.

Ірка ўбачыла яшчэ, што да нагі ў яе прыліплі кавалачкі мяккай чырвонай гліны і смаляныя аскалёпачкі ад карчоў. Збоку, на вырваным з зямлі верасе, ляжалі раскручаная белая бліскучая паперка, як ад цукерак, і шнурок — шэранькі, доўгі і тонкі, — як слівень.

Ірка ўскочыла з зямлі і пабегла саснячком да дарогі; калі і ўбачаць мужчыны, — не пазнаюць.

Яна бегла не аглядаючыся па разоры ля дарогі, бегла доўга і пачала задыхацца. Тады стала, каб перавесці дух, і ёй здалося, што за ёю нехта бяжыць. Яна пусцілася зноў і, азірнуўшыся ўжо на дарозе, ля лужка, дзе драбнеў лес і ад расцяробу пачынаўся бярэзнік, які вёў на балота ў Бярэзавец, убачыла, што ззаду бягуць алені. Бягуць з пасекі, — аж чатыры.