Выбрать главу

Пярэдні быў з рагамі-абручамі, закінутымі на плечы і ў плямах, заднія трое беглі за ім, збіўшыся ў кучку.

Ірка спынілася — сталі і яны. Дыхалі часта-часта, бакі ў іх хадзілі хадуном.

«Пазналі...» Ірка хацела выставіць руку, але пярэдні, у чорныя латы, адскочыў раптам назад, спалохаўшыся. Тады яна саступіла ім з дарогі, і яны, не зварочваючы, пабеглі расцяробам у Бярэзавец.

Больш Ірка не бачыла «сваіх» аленяў аж да зімы.

У Бярэзаўцы на балоце вымерзла вада, лёд пабялеў, патрэскаўся, асыпаўся, і яго выдзьмуў вецер. Чорная трава палегла на груду, высахла і шасцела пад нагамі, як сена.

Стала рака. Вада пад тонкім лёдам была чыстая, і праз яе свіцілася жоўтае глеістае дно. Лес стаяў заінелы, пусты і халодны, як парожняя пуня. Пабялеў, насупіўся, трашчаў — яго даймаў мароз. Каркалі ўдзень над ракой вароны і стукалі без аддухі па дрэве дзятлы — грэліся. Мароз узяўся нагалец, і пёк не адпускаючы: зіма пачалася ранняя. Днём была пагода, ярка свяціла нізкае чырвонае сонца, і аднекуль з чыстага неба сыпаўся сіні іней; ночы стаялі месячныя, ядраныя — была поўня, зоркі дрыжалі і мітусіліся, падалі густа на лес, як іскры з коміна на страху, калі гарыць сажа. Ноччу вылі ваўкі, але далёка, на самым Паліку; было чуваць, як у вёсцы рыпелі вароты і ляскаталі на грудах калёсы. У небе гулі самалёты; успаміналася тады, як некалі па начах партызаны палілі агні і пераймалі парашуты.

Зніклі з Бярэзаўца звяры — падаліся ў пушчу: там цяплей.

Аднойчы з начы ўсхадзіўся вецер. Ірка чула, як ён стагнаў у коміне — яна спала на печы, — стукаў у вокны, шастаў па шыбах, як хто вадзіў саломай. Шумеў лес, трашчалі сосны; здавалася, нехта бегаў па гары. Ірка не спала.

Раніцай яе не хацелі пускаць у школу — мяцеліца. І двор, і дарога, і лес — усё было занесена белым снегам, ад яго балела ў вачах. Ірка дастала з гары самаробныя лыжы. Іх зрабіў у вёсцы тата; яна на іх бегала лепш за ўсіх. Школа ў вёсцы, недалёка; а хіба Ірка пабаіцца мяцеліцы? У яе цёплая чорная матчына хустка, старая фуфайка, «пацягнутая» кортам — маці насіла «пацягваць» яе ў вёску да Танькі, у якой пасля вайны асталася швейная машына, — на нагах буркі, пашытыя з суконак, на бурках — бахілы, склееныя з гумы і слізкія-слізкія. Кнігі Ірка носіць у пафарбаванай чорнай торбачцы; яе можна перакінуць цераз плячо, калі едзеш на лыжах.

Раніцай у школу трэба выязджаць зацемна, затое вечарам Ірка прыязджала дамоў, калі яшчэ відна. Урокі Ірка робіць хутка: пайшла ў трэці клас, а за вайну ж пасталела, магла б пайсці і ў чацвёрты, ды ў вёсцы чацвёртага няма, трэба ісці аж у Камена — гата за пяць вёрст. Ірка магла б туды ездзіць на лыжах, але адну не пусціла мама, а налета з вёскі пойдуць яшчэ дзеці.

Пасля ўрокаў Ірка дома карміла парася, але яго на тым тыдні прадалі, нават буракоў усіх не скармілі, ляжыць кошыкі са тры ў парозе пад ложкам; сабе вараць. Парасяці няма чым карміць. У саміх вунь колькі той бульбы з буракамі. Бацька за парася прывёз з базару жыта, казаў — цяпер хопіць на вясну, а там крапіва. Жыта сушылі, панясуць у вёску малоць у жорны. На вячэру будуць варыць толькі зацірку. Тата гаворыць, што яму не пашэнціла. Думаў, што купяць цяліцу на зіму, нават стажок сена назапасіў. Але ж да цялічкі і ўвосень і цяпер на базары было не падступіцца. Тата яшчэ думаў, што яму, можа, удасца забіць ваўка, за скуру добра плацяць і даюць прэмію, але ж і ваўкі, як наліха, сышлі з Бярэзаўца. Тата за восень падстрэліў толькі двух зайцаў. Мяса патроху клалі ў булён, які варылі на палудзень. Які з таты паляўнічы? У яго нават сабакі няма. Абы-якога тата не думаў карміць, а дзе дастанеш добрага? Хацеў прывезці з раёна, дык жа трэба было аддаць увесь стажок сена. Ліха з ім, з такім сабакам. Ці будзе выйгранка, можа, калі ваўкі сабе горла заткнуць, кармі толькі, а сена хай стаіць. Прадасца пад вясну, не прападзе.

Пасля ўрокаў Ірка цяпер хадзіла глядзець, ці цэлы стажок, бо бацька асачыў раз, што стажок знізу аб'елі, відаць, алені, і абгарадзіў яго. Толькі алені ўсё адно даставалі сена. Ірка бачыла іх сляды.

Сёння Ірка не адразу пабегла на балота — падалася на пасеку. Там яна ставіла петлі на зайцаў. Колькі яна навязала іх, і ўсё попусту. Ніводнага не злавіла.

— Дурныя зайцы... — Ірка злуе і цяпер іх ужо зусім не шкадуе. Яна з імі яшчэ справіцца. Вось толькі петлі апусціць ніжэй і зробіць большыя. — Дурное зайчо! І сена яму ў пятлю паклала, а не зачапіла ж. Касое. Не бачыць зусім. Касое і дурное, — Ірка хукае ў пальцы, якія мерзнуць нават у рукавіцах. — Ну і мароз! Нос адкусіць... — Яна пачынае церці свой маленькі, чырвоны ад холаду нос. І ў хаце надта не нагрэешся цяпер. Маці, як толькі выпаліць печ, адразу закладае юшку. А ў хаце тады чад, і ў Іркі баліць галава. Толькі ж маці ніяк не ўпросіш.