Сябры з лаянкай палезьлі ў намёт. Пра ліхтар яны забылі, тканіна выгіналася хвалямі, нібы сапраўдныя цунамі ценяў гулялі па дрэвах вакол паляны. Сэкундная Максімава радасьць зьмянілася на паганае адчуваньне. Мужчына зазірнуў у сябе й зразумеў, што рэч у словах Віталя пра мядзьведзяў, якія такія ж мухі, як рыбакі. Хаця Ткач сфармуляваў гэта такім чынам, што тады, пры вогнішчы, за півам, было весела, цяпер, у машыне, сьмешна Максіму не было. Была агіда і ў тым, што ён прыехаў сюды лавіць рыбу, і ў тым, што толькі што еў мяса. Усьвядоміўшы гэта, Максім ледзьве не расьсьмяяўся, бо адмовіцца ад мяса – гэта была настолькі непад’ёмная задача, што нават прымерыць яе на сябе не атрымлівалася. “Той таго зьеў, каму ДНК дазволіла”, – падумаў ён.
“Але што мне з таго ДНК. Што жыцьцё ня мае сэнсу, я ведаў заўсёды”. Максім разумеў, што дзесьці глыбей сядзіць сапраўднае адчуваньне, празь якое ў яго сапсаваўся настрой і якое не дазваляе яму быць шчасьлівым гэтым вечарам. Але адшукаць яго ён ня змог, бо баяўся. Заснуў Максім адразу, без усялякага пераходу.
Праз паўгадзіны прачнуўся Ткач. Пхнуў Віктара пад рэбры.
– Чуеш, поц. Трэба рачэўні праверыць.
Яны ўсталі. Доўга навобмацак шукалі ліхтар і батарэйкі, уставілі іх у сьвятле месяца. Калі сябры спусьціліся да вады, Віталь запытаў: – А ён што, праўда восемдзесят разоў рыбачыў і ні разу ляшча не злавіў?
– Праўда. Прынамсі, мне так апавядае. Халера яго ведае, як там напраўду. Маша мне нічога пра гэта ня кажа. Яна не падарунак, але і яго ляшчы гадавалі. Сядзіць два гады бяз працы, па ляшча ўсё езьдзіць. Ведаеш, тут нібы нейкая таямніца ёсьць.
Віктар знайшоў першы шнур. Падаў яго Віталю.
– Давай, цягні. Права першай ночы ракам за табою. – Віталь пацягнуў. – Грошы ён мог на старой працы адкласьці, зарабляў ён шмат. Але на кожнае сьвята ягоная жонка ў той самай сукенцы.
Паказалася рачэўня. Хлопцы сьціхлі. Але ў сетцы не было нічога, апроч кавалка гнілой курыцы.
– Кідай яе назад. Можа, ёй і не патрэбная новая сукенка. Але нашто яму гэтыя ляшчы, я шчыра ня ведаю. Ну, палавіць, пасядзець вось так – яно супэр. Глядзі, тут ля карэньня дзірка. – Віталь падсьвяціў, дзе менавіта. Яны ішлі берагам да другой пасткі. – Не ўваліся.
– Адна справа, калі ў цябе выбар – новы лексус ці ў рыбу, іншая – калі ты… – швагер задумаўся. – Зуб свой жалезны на парцаляну памяняў. Чот я разышоўся. Галава баліць. – Віктар сапраўды адчуваў сякеру ў скроні. Ад піва ён цьверазеў хутка. – Мы вось з табой таксама, як ён, будзем езьдзіць, толькі па ракаў.
І напраўду, у другой рачэўні таксама нічога не знайшлі, не было ракаў і ў трэцяй. Віктар хацеў вярнуцца ў намёт, але Віталь пераканаў яго праверыць астатнія.
– А раптам там кароль ракаў прыйшоў?
– Каралева – я яшчэ паверу.
Чацьвертая рачэўня за нешта зачапілася, і хлопцы не змаглі яе дастаць.
– Трэба лезьці. О, я ж, дарэчы, узяў маску й трубку, заўтра дамо нырца, што твой лешч, – сказаў Віктар. – Малы ў яго зусім не гаворыць яшчэ. Пайшоў позна. Я ёй казаў, адвядзі ты яго да лягапэда. Яна гаворыць – рана. Ну, рана дык рана.
– Адкрытая? – Віталь засьмяяўся.
– Ты колькі выжлукціў, алкаш? Давай папалім.
Ні ў адной сетцы ракаў не было, і яны вярталіся да намёту, але спыніліся, распальваючы цыгарэты.
– Дакладна таямніца нейкая ёсьць. Ён жа разьбіраецца, вуды такія, прыкормкі. Як так, ня выцягнуць ляшча?
– Абудзі запытай. – Віктар сплюнуў. – Штотыдзень езьдзіць. Пятніцамі. Можа, выходны ў ляшча ў пятніцу. Ты вунь у чацьвер дастаў. – І Віктар яшчэ раз сплюнуў.
– Такі самы подзеўбень, як ты, – сказаў Ткач. У намёце Віктар адшукаў тэмпалгін і праглынуў таблетку не запіўшы. Віталь меў рацыю. Роўна празь дзьве хвіліны Максім прачнуўся. Падхапіўся, хутка дыхаючы, і абапёрся на локці. Спаў ён на сьпіне, хаця помніў, што заснуў у позе эмбрыёна. Вогнішча ўжо не гарэла. “Шкада, не відаць зораў”, – падумаў Максім і паспрабаваў згадаць, што сьніў сэкунду таму. І згадаў. Ён бачыў агромністую рыбіну ў празрыстай-празрыстай вадзе. Плаўнікі рыбы амаль ня рухаліся. А пасьля ён убачыў сябе маленькага, меншага за матыля ў параўнаньні з трохкіляграмовым ляшчом. “Як ты зрушыш скалу? Як уздымеш яе са дна?” – загучалі словы Марыі. Максіма кідала то ўперад, то назад, ад плыні, якую рыбіна ўздымала шчэлепамі. “Лешч мусіў мяне ўсмактаць, але нават не заўважыў. Добра, што я прачнуўся”, – падумаў ён. “Шкада, не відаць зораў. На небе таксама можна ўбачыць вялікую зорную рыбіну, якая й вязе нас усіх на сьпіне”, – яго панесла ў патэтыку, якую Максім звычайна не любіў. Ён перавярнуўся на левы бок і падсунуўся бліжэй да шкла. Іншае акно дазволіла яму разгледзець колькі сьветлых кропак на небе. “Зорачкі, матулечкі, дайце мне ўжо злавіць гэтага ляшча. Калі ласка, я нічога дрэннага нікому ў жыцьці не зрабіў. За што ж мне гэта”. Па шчацэ Максіма скацілася сьляза, і адразу ж ён пачаў згадваць тыя бясконцыя выпадкі, калі абяцаў і не выканаў, калі пакрыўдзіў, калі давёў да сьлёз, перабольшыў віну іншага. Але ён і сам добра разумеў, што ніякага сапраўднага мярзоцьця за ім няма. Разумеў ён і тое, што калі б яно было, ягонае нешанцаваньне зь ляшчом было б тут ні пры чым, але, відаць, ён яшчэ не да канца прачнуўся і ня мог думаць як сьлед. “А таму за мной і няма ніякага сапраўднага мярзоцьця, што ніяк мяне сапраўды жыцьцё не выпрабоўвала. Характар праяўляецца пад ціскам”, – згадаў Максім чыюсьці думку. І тут жа вырашыў, што вось ён – той самы момант выпрабаваньня, момант, у які трэба зрабіць правільны ўчынак. Лёг на сьпіну. Яму было б сьмешна, каб не было страшна. “Што я магу зрабіць? Я ляжу ў багажніку ў лесе. Я зьбіраюся лавіць ляшча, што я магу зрабіць? Плюнуць на ляшча і зьехаць?” Але тут жа ён падумаў, што гэта будзе не рашэньнем, а толькі рэакцыяй дзіцяці на выклік, які яно, гэтае дзіцё, не зразумела.