Выбрать главу

Максім намацаў ключ ад машыны й адамкнуў яе. Падпоўз да дзьверкі й расчыніў яе нагою. Засунуў ступні ў берцы. Вылез з машыны, ледзь не паляцеўшы на зямлю. Падышоў туды, дзе быў відаць чорны няправільны круг вогнішча. Месяц стаяў амаль у зэніце. Максім убачыў між дрэваў цень. Ці то чалавека, ці то вялікай жывёліны. Па сьпіне пацёк пот. Сылюэт абыходзіў паляну па пэрымэтры, за першымі дрэвамі й хмызамі. Прайшоўшы чвэрць акружнасьці, спыніўся. Максім зрабіў крок назад – да машыны. Пасьля яшчэ адзін, і яшчэ, пакуль ня ўперся ў халодны мэтал.

Хтосьці, у Максіма ў гэтым не было ніякіх сумневаў, стаяў там, ня рухаючыся. Максім думаў, што рабіць: можна было ўзьняць крык, каб прачнуліся сябры, або ўзяць у машыне сякеру, або запаліць фары й паглядзець, хто гэта стаіць там і таксама сочыць. Гэты хтосьці зрабіў крок у бок, адваротны таму, у якім ішоў дагэтуль. Максім добра пачуў, як трэснула пад падэшвай, лапай ці капытом галіна. Пасьля крыху зварушылася вецьце. Зрок за апошнія два гады ў Максіма сапсаваўся, але не настолькі, каб ён сумняваўся, што бачыць кагосьці за дваццаць-трыццаць крокаў у месяцовым сьвятле. Сылюэт больш ня рухаўся. Максім прызвычаіўся да страху настолькі, што сам змог адфіксаваць гэтае пачуцьцё – рэфлексію над уласным страхам. Час ішоў, ні сылюэт, ні Максім не краналіся зь месца. Трэба было нешта вырашыць.

Максім зрабіў крок у бок багажніка, зайшоў за яго. Постаць ня рухалася. Мужчына адчыніў машыну й залез усярэдзіну. Пацягнуўся і ўзяў сякеру. Прыслухаўся. Адсюль было чуваць, як храпе Віктар і цяжка дыхае ў пярэрвах Віталь. Крэсла кіроўцы й суседняе да самага даху былі застаўлены рэчамі, таму той кропкі, дзе спыніўся сылюэт, адсюль было не відаць. Максім зачыніў багажнік і замкнуў машыну. Лёг на бок, паклаўшы сякеру перад сабою, заціснутую ў правай руцэ, нібы зьнянацку заснулае дзіця – ляльку.

Чутно ў машыне было горш, чым звонку, але адно з вокнаў было апушчана – яго закрывала толькі маскітная сетка. Хто б гэта ні быў, ён падышоў да намёту, пасьля, абышоўшы яго ззаду, апынуўся ля машыны. Максіму падалося, што ён адчувае подых гэтага Некага. Але ён хутка зразумеў, што гэта толькі падаецца. Мужчына ляжаў у машыне й прыслухоўваўся. У салёне, часам сьціхаючы, зьвінеў камар.

Хтосьці зноў зрабіў колькі крокаў, пасьля яшчэ і яшчэ. Максім пачуў, як той – відаць, плячом – зачапіў галіны хмызу, зрабіў яшчэ колькі ціхіх крокаў. Сышоў.

Максім ляжаў мокры ад поту, але паступова высыхаў, і подых супакойваўся. Празь некалькі хвілін падумаў, што ня можа зразумець, сьпіць ён ці яшчэ не. “Вось гэта й быў момант выпрабаваньня героя. А я схаваўся ў машыне”. Максім падцягнуў руку зь сякерай бліжэй да грудзей. Счапіў на ёй і другую далонь. Па твары пацяклі сьлёзы. “Заўтра, заўтра. Заўтра я злаўлю ляшча. Вялікага-вялікага ляшча. Вялікага-вялікага ляшча на апошняй рыбалцы”. Максім заснуў. Праз колькі хвілін агромністая рыбіна выскачыла з вады й гучна пляснулася аб паверхню. Але мужчыны гэтага не пачулі.

– Уставай, жырабасіна! – Віктар, які падняўся першым, пагрукаў у дзьверкі машыны. – Опа, – сказаў ён. – А хто дзьве бутэлькі піва са стала ўзяў? Ты, Макс?

Максіму балела галава, ён не адказаў. Было яшчэ цёмна, і Віктар не ўбачыў сякеры. Максім схаваў сякеру, пасунуўся й спусьціў ногі на зямлю. Аддыхаўся. Падышоў да стала, хутка праглынуў сасіску. Рэзала страўнік.