– Віталь сказаў, што а шостай устане. Не фанатык, маўляў.
– Можа, і правільна. Кажуць, самая вялікая рыба пазьней ідзе.
– Ты ведаеш, напэўна, – Віктар хмыкнуў.
Толькі цяпер мабільны ў кішэні Максіма зайграў ранішнюю мэлёдыю. Мужчына запаліў. Швагер пайшоў праверыць рачэўні. Мяркуючы па тым, што лаянкаю ён не закрычаў, нічога там не было. “Што са мною? Што здарылася ўчора?” Максім хацеў ударыць кулаком па стале, але сам разумеў, наколькі гэта камічна. “Дробны злодзей скраў піва. А я ляжаў у машыне, як хлопчык, спужаны цёмным лесам хлопчык”. І ён зьеў яшчэ колькі сасісак, закусіўшы іх нарэзаным батонам.
Лавіць зусім не хацелася. У мінулую пятніцу Максім ня мог прымусіць сябе зьехаць. Ціск моцна ўпаў, узьняўся паўночна-ўсходні вецер і не бралося зусім. Толькі на апошнім закідзе рыбіна сагнула квівэртып у дугу, але зрабіла гэта так марудна, што Максім заўважыў паклёўку, калі кончык ужо быў сагнуты на палову. Ён падсек, але дарэмна. Увесь тыдзень Максім лашчыў гэты ўспамін, уяўляючы, якая буйная рыба была там. Лашчыў і тады, калі ўдаваў, нібы чытае рыбалоўны форум, і калі гуляўся з сынам, і асабліва калі плянаваў з Марыяю сёньняшнюю рыбалку. Пацягнула дымам, ці то з тарфяніка, ці то побач распалілі вогнішча.
У аўторак Максім праглядаў вакансіі. Сказаўшы Марыі, што гадзіну пасьпіць, не пайшоў на прагулянку зь ёю і Янам, а сам сеў за кампутар. Усё было ня так і блага, як ён думаў. Вакансіяў было шмат. Заробак пазначалі ніжэйшы, чым той, зь якога ён сыходзіў, але Максім ведаў, што варта толькі выйсьці на працу, як пачнуць прыходзіць сур’ёзныя афэрты.
На вячэру ён зварыў жоўты рыс і сасіскі. Еў, заліўшы ўсё маянэзам. А Марыя ня ела зусім, нібыта дзіцёнак, то раскідваючы, то зьбіраючы зярняткі на талерцы. Запытаўшы, што яна хоча піць – гарбату ці каву, Максім зразумеў, што жонка зь ім не размаўляе. Сэкунду падумаўшы, усьвядоміў, што не зачыніў браўзэр. Памылка была настолькі дурная, што ён ня мог зразумець, як наогул так атрымалася. Размаўляць з мужам Марыя пачала толькі ў сераду ўвечар.
Вярнуўся Віктар, узяў Максімаў фатэль і пайшоў да вады.
– Толькі зазубень мне прывяжаш. Задробныя.
Віктар умеў прывязваць і сам, але не любіў, бо пальцы ня вельмі слухаліся. З намёту вылез Ткач. Ён ціхенька падышоў да Максіма ззаду і ткнуў яго пальцам у сьпіну. Максім ускочыў і рэзка разьвярнуўся.
– Торбы лепш да вады аднясі, – даволі груба папрасіў ён Віталя.
– Давай, давай сам. Табе карысна. – На гэтых словах Віталь упаў і некалькі разоў адціснуўся. Устаў, абтрэс з далоняў вільготны пясок.
Але Максім дачакаўся, пакуль Віктар аднясе торбы, і толькі тады, узяўшы сабраны ўчора фідар, пайшоў да вады. Максім ня помніў, у які арыентыр кідаў мінулым разам, і вырашыў для пачатку вызначыцца менавіта з гэтым. На тым беразе стаяў адзінокі вяз паміж соснаў, быў прагал у трысьнягу, быў абвал глебы на беразе – жоўты пясок добра праглядаўся. Максім вырашыў кідаць у правы край прагалу ў трысьнягу.
Разабраўшыся з гэтым, мужчына пачаў разьбіраць фатэль. Ён выцягнуў пярэднія ножкі, а заднія пакінуў складзенымі, бо бераг у тым месцы, дзе Максім вырашыў сесьці, каб кідаць роўна ў арыентыр, рэзка ішоў угару. Паставіўшы крэсла, замацаваў падлакотнікі ды падстаўкі пад прыкормку й прынады.
Потым расшпіліў торбу, куды былі складзеныя прыкормкі. Віктар закінуў. Кармушка трапіла акурат у галіну й павісла ў паветры – павадок зачапіўся за лісьце. Максім сеў у крэсла й запаліў.
– Нават цікава, колькі разоў за сёньня ты ў яе трапіш.
– Цемнавата проста. Табе абы падлезьці. Віктар цягаў вуду, спрабаваў змотваць лёску й мяняў пазыцыю на беразе, але нічога не атрымлівалася. Відаць, асноўная лёска перакруцілася вакол галіны.
– Пікер толькі не зламай.
– Дык, а можа, крумкача зловім? – уставіў Ткач. – На матыля крумкач ідзе?
Максім стаміўся назіраць за ім і адабраў пікер. Торгнуў колькі разоў – і кармушка звалілася ў ваду. На лёсцы не засталося нічога з аснасткі.
– Чэская кармушка, блін. Больш такія не бяры. Трэніруйся на такіх вось.
Максім выцягнуў паралелепіпэд зь нікеляваных дроцікаў, што важыў шэсьцьдзесят грамаў. Плыня ў гэтым месцы была слабая, і цяжкія прылады сёньня былі не патрэбныя. Мужчына вярнуўся ў фатэль і папрасіў Віталя набраць вады ў тазік, бо той пакуль не раскладаў вуды, а проста сядзеў на беразе, не прачнуўшыся як сьлед. Максім зноў выліў амаль усю ваду, пакінуўшы зусім трошкі, але цяпер даліў у тазік паўлітра белай вадкасьці з плястыкавай бутэлькі.
– Гэта што?
– Мамку тваю ўзгадваў, – ён не прыдумаў, што сьмешнага адказаць, таму ўжыў унівэрсальны варыянт.