Выбрать главу

Зь меншай бутэлькі заліў у росчын яшчэ адну вадкасьць. Ткач узяў флякон, пакруціў у руках.

– Тут напісана, што гэта зімняя араматыка.

Максім выцягнуў пакунак прыкормкі на ляшча і ўсыпаў дзьве траціны ў таз, пасьля дадаў траціну з пакунка на плотку. Зь мінулага разу ў яго засталося чвэрць пачка сумесі даражэйшай маркі, і ён дадаў яе. Пах з тазу падаўся Ткачу рыхтык такім самым, можа, нават слабейшым, чым учора, толькі колер быў крыху сьвятлейшым і часьцей было натыркана каляровых плямак, якія нагадвалі цукаты.

Максім прапусьціў прыкормку праз рэшата, буйныя кавалкі, што засталіся на мэталічнай сетцы, сабраў у жменю й таксама перакінуў у таз.

– Дарма. Я б іх, можа, зьеў, – сказаў Віталь. – Я вось, помню, кашэчы корм еў. Гэта смачней нашмат.

Трэба было пачакаць, пакуль прыкормка настаіцца. Крыху бянтэжыла кансыстэнцыя, але Максім падумаў, што, калі сьпёка будзе такая, як учора, ці крыху меншая, яшчэ прыйдзецца дадаваць ваду. Пакуль неба было зусім чыстым. Падышоў Віктар з просьбай прывязаць кручок, і Максім, цмокнуўшы языком, зрабіў, што прасіў швагер.

Максім узяў фідар. Прыйшлося ўстаць, каб прапусьціць шнур праз усе колцы. Скончыўшы з гэтым, ён прывязаў да пляцёнкі шок-лідар і зматаў тры даўжыні вудзільна на шпулю. Хацеў зьвязаць асымэтрычную пятлю, але чамусьці не знайшоў пакунка са стопарамі, і таксама зьвязаў патэрностэр.

Кінуў і сам ледзь ня трапіў у лісты, але патапец прайшоў паўзь іх. Здаецца, Віктар не заўважыў, бо яны зь Віталём акурат адкаркавалі першае на сёньня піва. Максім паставіў вуду, каб паглядзець, ці пад правільным вуглом лёска будзе цягнуць квівэртып. Віктар закінуў. Гэтым разам кармушка паляцела нізка, але зусім не туды: рыбак пацэліў моцна ўлева.

– Слухай, можа, пашукаеш сабе іншае месца? Ты мне ўпоперак лёскі кінуў. – Максім амаль не злаваўся, бо так было на кожнай сумеснай рыбалцы. Добра, калі адзін раз.

Віктар хацеў дастаць кармушку, але швагер спыніў яго і зрабіў гэта сам. Ці толькі падавалася, што лёскі ляжаць на дне андрэеўскім крыжам, ці Максім напраўду ведаў нейкі сакрэт, але снасьці не счапіліся. Ён дастаў і сваё грузіла. Закінуў і закліпсаваў. Атрымаўся шэсьцьдзесят адзін абарот. Закінуў патапец на тую самую адлегласьць і трапіў ідэальна ў кропку. Пасьля таго, як сьвінец увайшоў у ваду, пачаў лічыць. На “дзевяць” лёска правісла й кончык разагнуўся. Ён закінуў яшчэ чатыры разы, перад кожным прыбіраючы два абароты шпулі за кліпсу. Спачатку лёска абвісала на той самы лік. На пяцідзесяці трох яна абвісла крыху хутчэй. На пяцідзесяці адным – на “тры”. Максім праверыў пяцьдзясят два – там было “шэсьць”. Кінуў яшчэ раз, на пяцьдзясят два, пераканаўся, што ніжняя броўка на пяцідзесяці трох абаротах, зьмяніў грузіла на кармушку, прывязаў павадок з кручком за другі канец патэрностэра і закінуў.

Пакуль кармушка аддавала прыкормку ў ваду, Максім выцягнуў матыля-ліманьніка ды ўкінуў жменю ў таз, абваляў яго так, нібы зьбіраўся смажыць. Там, дзе ўпала кармушка, пачала гуляць дробная рыба. Гэта было, з аднаго боку, добра, бо рыба ўсё ж была, з другога – быў шанец, што прынады проста не пасьпеюць упасьці на дно – па дарозе іх будзе хапаць малёк. Другую кармушку Максім закінуў, дадаўшы матыля коркамі. Ён кінуў яшчэ чатыры разы, чаргуючы кармушкі з матылём і без, і нарэшце начапіў шарык плястыку і матыля з апарышам на зазубень. Цяпер засталося толькі дачакацца, калі возьме.

– Што, Віцяня, тузала ў цябе? – Максім зусім не сачыў, што рабіў гэты час швагер.

– Неа, зара перазакіну. – І Віктар стаў круціць шпулю.

Была імавернасьць, што ўчорашняя прыкормка за ноч пасьпела сапсавацца, але, улічваючы, што Віктар кідаў кожнага разу ў новае месца, вялікага значэньня гэта мець не магло.

Калі швагер ужо амаль схапіў кармушку ў далонь, за сьпінамі сяброў пачуліся гучныя крокі. Хтосьці, хутка тупаючы, спускаўся да іх. Максім ня стаў паварочвацца й глядзець, бо ўжо ведаў, што гэта більдзюжнік. Напраўду да іх прыйшоў мужык крыху за сорак, а можа, так толькі падавалася, бо ягоныя твар, шыя, рукі былі моцна загарэлымі. Па адзеньні было відаць, што гэта мясцовы. У правіцы ён трымаў агромністага ляшча.

– Во, мужыкі, глядзіце, хто мне прыйшоў! Віктар і Віталь падышлі да мужыка.

– Колькі важыць? – запытаў Ткач.

– Кіляграмы тры! – з хваляваньнем адказаў мужчына.

Хаця сябры падступілі да яго з розных бакоў, ён нейкім чынам схітраўся хадзіць паміж імі. Віталь пагладзіў ляшча: – Добры, – сказаў ён.

– Ага. Думаў, ня выцягну. Толькі закінуў. Толькі закінуў.

Ад мужчыны цягнула віном, вусы былі зусім рудымі ад нікатыну. Рыбакі часта прыходзілі пацікавіцца, як ідзе рыбалка, але каб прыходзілі пахваліцца ўловам – з такім Віктар сустрэўся ўпершыню. Віталя гэта не зьдзівіла, бо ён і сам бы так зрабіў.