Выбрать главу

– Максім, паглядзі, які лешч, – сказаў Віталь. Але той нават не павярнуў галавы ў іх бок.

– Я што прыйшоў, мужыкі. Я пакуль яго цягнуў, нагой апарыша расьціснуў, можаце насыпаць?

– Максім, ёсьць у нас скрынка?

Той зноў не адказаў, тады Віталь узяў сваю й адсыпаў палову апарыша разам зь пілавіньнем у папяровы кулёк, які мужык прынёс з сабою. Рыбак, не разьвітаўшыся, сышоў, піхаючы ляшча каленам.

Крыху пазьней Максім сказаў: – Ага, апарыша ён расьціснуў. Толькі закінуў. Напэўна ж з ночы паставіў донку. Більдзюжнік як ён ёсьць. Тыповы прадстаўнік.

– Ты яму зайздросьціш проста. Ён мо жыве на мільён у месяц, дзе яму твайго апарыша ўзяць? Намыць у сарціры?

Віктар зь Віталём засьмяяліся.

– А чо б і не намыць? Трэба і мне закінуць, – падсумаваў візыт Віталь.

Максім выцягнуў. Закінуў бяз коркаў апарыша. Першыя промні сонца ўпалі на твары рыбакоў, хаця даўно ўжо разьвіднела. Рыба не бралася, заставалася спадзявацца, што пад сонцам рыба захоча есьці. Віталь вярнуўся з вудамі.

– Здох, блін, мой лешч. І плоткі здохлі.

У Максіма запрацаваў тэлефон, хаця ледзьледзь пачалася шостая гадзіна. Ён не чакаў Марыі так рана. Апарат быў на вібрацыі, і выкліку апроч яго ніхто не заўважыў. Максім паклаў тэлефон у кішэню. Дастаў кармушку, зьмяніў прынады, набіў прыкормку, закінуў, пасядзеў зь некалькі хвілінаў, пасьмяяўся зь нейкіх чарговых словаў Ткача.

– Віця, ты б сваю рачэўню перазакінуў, Віталю рыбу распужаеш.

Швагер пааднекваўся, але Ткач падтрымаў, і Віктару прыйшлося выцягнуць сетку. Калі ён сышоў кінуць рачэўню ў іншым месцы, Максім выцягнуў апарат і перанабраў.

– Цягнуў акурат, – сказаў ён і пачаў адыходзіць берагам, падалей ад швагра зь ягоным сябрам. – Не, перазакідаў. Так і зрабіў.

– Ты ведаеш, што ў нас засталося толькі сто даляраў, якія дала мама. І яна сказала, што больш грошай ня будзе. І каб ты выходзіў на працу. Ведаеш, што ў нас ужо амаль няма часу?

Абодва памаўчалі. Пасьля Максім выціснуў: – Ведаю.

– А калі ведаеш, дык скажы мне, наколькі важна сёньня злавіць ляшча?

– Вельмі важна.

– Ня проста вельмі важна, а гэта наш апошні шанец. Апошні шанец, Максім. Калі сёньня ты ня выцягнеш ляшча, што будзе?

Максім падбіраў слова, круціліся “катастрофа” й “галакост”.

– Лешч-яблешч будзе, вось што будзе! – Марыя завішчала. – Будзе поўнае жыцьцёвае фіяска. Будзе сорам на ўсю нашую сям’ю. Будзе ганьба на продкаў і нашчадкаў. – Цяпер Марыя цягнула словы. – Людзі будуць паказваць на цябе пальцамі й казаць, што ты няўдаха. Заадно яны будуць паказваць пальцам на мяне, на нашага сына, на нашых суседзяў! Табе прыйдзецца выйсьці на працу. Ты скажаш “нічога”, ты ж увесь час туды лезеш уюном. На жонку ж табе насраць.

– Нікуды я ня лезу.

– Лезеш-лезеш. Давай цяпер не апраўдвайся. Мы гэта праходзілі ўжо. – Гэтым разам Максім змаўчаў. – Сёньня табе трэба злавіць ляшча. А тое я сама выйду на працу! Так, ты ж ведаеш, спэцыяльнасьць мне дазваляе. Мяне й клікалі ўжо назад. А ты будзеш сядзець дома і думаць пра тое, як ты схібіў. Будзеш хадзіць ад сьцяны да сьцяны, пакуль сьпіць Ян, і разумець, што ты нават рыбу ня можаш злавіць. Што ты наогул можаш? А пасьля будзеш хадзіць зь Янам на руках і думаць пра тое самае. А пасьля ён вырасьце й запытае ў цябе, дзе ж, татка, лешч? Дзе лешч, бацька? Татачка, дзе? У тваю галаву пачнуць прыходзіць думкі, а ці наогул ты калі-небудзь езьдзіў у рыбу? Бо як так, два гады рыбаліў – і нічога не нарыбаліў? Ты пачнеш вар’яцець. Ты звар’яцееш вельмі хутка. Два-тры месяцы – і ты ў дурцы! І вось цябе ўжо заварочваюць у мокрую халодную прасьціну, і ты сам як падлешчык у ёй, толькі гарбаты. Ты будзеш думаць, што ты сам сябе злавіў у гэтую прасьціну. Уяві. Ты і рыбак, ты і рыбіна. Ты будзеш скуголіць на месяц і ня есьці ў гарачае надвор’е. Нас з сынам нават ня будуць да цябе пускаць, каб мы самі не звар’яцелі ад такога відовішча. Будзеш падскокваць на ложку, нібы лешч на беразе. Задыхацца будзеш. Максім, нам гэтага ня трэба. Ты падумай толькі. Чалавек не злавіў ляшча і праз гэта звар’яцеў! Гэта нейкі анэкдот. Такога быць ня можа. Але так з табою й будзе, калі ты сёньня яго не парканеш. Пра цябе нават сюжэт у навінах пакажуць – такое гэта дзіва. Але ты добра разумееш, што так усё й будзе. – Яна зрабіла паўзу, і Максіму прыйшлося падтакнуць. – І каб безь ляшча дадому не прыяжджаў!

Жонка кінула слухаўку.

– Ну, цяпер чакай шалёных, – сказаў Віктар. – Званок жонкі – найлепшы актыватар!

Але квівэртыпы ня рухаліся. Толькі Віталь выцягнуў верхаводку з палец. Ён замахнуўся й кінуў яе далёка ў ваду. Максім адвярнуўся.