Тэлефон зноў ажыў.
– Ты нават не запытаў, як сын. Табе ўсё пофігу, так? Ня толькі лешч, але й сям’я? – Жонка не дала нічога сказаць і перарвала размову.
На наступным закідзе Максім зьняў з кручка пенапляст. Яшчэ празь пяць хвілін падоўжыў павадок да васьмідзесяці сантымэтраў, узяўшы танчэйшую лёску. Пакуль ён прывязваў зазубень, Віктар закінуў. Ён трапіў амаль у кропку, але лёска не ішла проста да вуды, а спачатку ўздымалася да галіны вяза, бо кармушка праляцела па-над ёй.
– Прыгажун, ля! Паглядзі на яго! – сказаў Ткач і ўдарыў сябе далонямі па сьцёгнах. – Лятучую рыбу зловіш. Макс, у нас ёсьць лятучая рыба? Не? А яб-чая ёсьць? Так і думаў. Добра, што я сьпінаю да вады.
Віктар папаліў і стаў скручваць лёску. Кармушка зьявілася з вады, а за ёй і плотка з далонь. Швагер спыніўся выцягваць снасьці, рыбіна завісла паміж вадой ды галінай.
– Сокала зловіш, – пракамэнтаваў Віталь. – А калі ўдзень ня зловіш, на ноч застанемся – зловіш пугача.
Віктар рэзка апусьціў вуду да зямлі. Рыбіну пацягнула ўверх, але праз сэкунду яна звалілася ў ваду, пасьпеўшы перакуліцца ў паветры і ўвайшоўшы пысай. Ад плоткі пайшлі невялікія хвалі.
– Чо мы перліся лешч ведае куды, калі тут не бярэцца зусім? – Ткач пачынаў нудзіцца. – Ну, учора хоць гэты ікаў, сёньня чо сядзім? – Ужо пераваліла за шостую, а квівэртыпы і паплавок Віталя маўчалі.
– Ну, устань, – адказаў Віктар.
Віталь напраўду ўстаў і пайшоў па піва. Надвор’е было ідэальнае: адчувалася, што нават удзень сьпёкі ня будзе, па небе плылі лёгкія аблокі, на вадзе быў поўны штыль, хвалі ішлі, толькі калі праплывала чомга ці акунёк ганяў маляўку.
Безь пятнаццаці сем квівэртып Максімавага фідару рэзка сагнуўся. Рыбак схапіў вуду, колькі разоў прамахнуўся пальцамі міма ручкі. Далоні былі вільготныя. Максім устаў і выплюнуў цыгарэту. Там сядзеў лешч або іншая вялікая рыбіна. Максім яшчэ ніколі не адчуваў такога цяжару на фідары, апроч выпадкаў, калі за нешта чапляўся, але гэта была зусім іншая вага. Ён нават пашкадаваў, што зьмяніў павадок на танчэйшы, бо лешч, што сядзеў там, быў трафэйны.
– Чо там – ягамосьць? – запытаў швагер.
– Ягамосьць, ягамосьць… – адказаў Максім і зрабіў паўабароты шпулі, крыху аслабіўшы фрыкцыён.
– Ні халеры ж сабе. Уставай, падзежына! – Віктар убачыў сьпіну рыбіны, што сядзела на кручку ў Максіма, і пнуў Ткача, які заснуў проста на беразе.
Максім заплюшчыў вочы і цягнуў ляшча, арыентуючыся выключна на адчуваньні ў руках. Важна было не парваць зазубнем губы ці горла рыбіны, торгнуўшы занадта моцна, і ня даць ёй выкруціцца ці сысьці ў хмызы, аслабіўшы шнур. Віктар з Ткачом мітусіліся за сьпінай. Максім адплюшчыў вочы. Рыбіна моцна забрала ўлева. Яшчэ мэтар – і яна зможа заблытаць шнур у трысьнягу.
– Распранайцеся хто-небудзь! – Максім ужо ня верыў, што выцягне яе.
Ткач пачаў распранацца, але Максім зрабіў яшчэ абарот шпулі, заціснуў фрыкцыён і адышоў крыху ўправа. Зрабілася зразумела, што лешч ня сыдзе. Яго ўжо было добра відаць у вадзе…
Шнур з кармушкаю выскачылі насустрач твару рыбака – а лешч сышоў. Максім кінуў фідар побач з сабою, той споўз у ваду. Мужчына сеў і закрыў твар далонямі. Колькі хвілінаў ён лаяўся.
– Ён залаты быў. Залаты лешч! Большы, чым у мужыка! – Віталь быў так узрадаваны, нібы Максім сапраўды выцягнуў.
– Толькі ў більдзюжніка ён ёсьць, а я ягамосьць упусьціў. Мяне Маша заб’е, – Максім сказаў гэта так, што і Віталь, і Віктар спынілі свой радасны сковыт.
– Ды ладна табе, хочаш, я пайду ў мужыка набуду? – запытаў Ткач.
– Трэба будзе, – але Максім адказаў так, што Віталь вырашыў не хадзіць.
Максім узьняў фідар, пачакаў, пакуль зь яго сьцячэ вада, і тады схапіў лёску крыху вышэй за кармушку. Узяў павадок двума пальцамі. Кручок адвязаўся, на лёсцы добра быў бачны скручаны адрэзак даўжынёю з паўсантымэтра і камякі сьлізі. Максім узгадаў, што, калі прывязваў зазубень, Віктар акурат кінуў па-над галінаю, і гэта адцягнула ўвагу. “Узяў фідарасаў з сабою, – падумаў ён. – Там мусяць быць і яшчэ рыбіны. Трэба закінуць”. Максім ведаў, што рыба амаль заўсёды корміцца касяком. Ён перавязаў павадок, дадаўшы на зазубень колькі дадатковых петляў, хаця гэта было збыткоўным. Кармушка лягла ідэальна ў кропку. Віктар таксама перазакінуў.
Максіма закалаціла: хаця кармушка толькі-толькі торкнулася дна, яму ўжо хацелася выцягваць. Не прайшло й хвіліны, як кончык дробна заштурхаўся. Максім падсек і дастаў добрую плотку. Ён расправіў рыбнік, укінуў у ваду й запусьціў рыбіну ў сетку. За гадзіну ён выцягнуў з паўтузіна плотак, але меншых за першую. Увесь час ён прымушаў сябе ня згадваць ляшча, але за яго гэта рабіў Ткач, пераказваючы ў драбнюткіх дэталях і тое, як ён прачнуўся, і тое, як убачыў сьпіну ляшча, і тое, як убачыў пысу рыбіны, і тое, як кармушка выскачыла з вады, а здабыча сышла.