Выбрать главу

– А давайце я запытаю, на што мужык лавіў, – прапанаваў ён, але ніхто не адказаў. – Колькі ж ён важыў? Макс, у цябе бязьмен ёсьць? – Бязьмен у Максіма быў. – Во гэта добра. Зараз выцягнеш яшчэ аднаго і мы яго ўзважым. – Віталь даўно скруціў сваю вуду й ніяк ня мог пасядзець моўчкі.

Ненадоўга рыба спынілася брацца, але празь пятнаццаць хвілінаў Максім выцягнуў падлешчыка грамаў на сямсот. Ён быў люстраны, бяз каліва адценьня жоўтага ці чырвонага на лусцы. Віктар за ўвесь гэты час выцягнуў дзьвюх гусьцёрак. Ён падтрымліваў размову зь Віталём, сьмяяўся, задаючы ўдакладняльныя пытаньні. Зьявілася зялёная лодка. Рыбакі сабралі кружкі, але толькі адзін быў перакулены.

Максім адышоў, нібы адліць, але сам прыхіліўся лбом да сасны і доўга стаяў моўчкі. “Трэба і мне выпіць”. Да ад’езду было яшчэ шмат часу, і паўлітра піва ён мог сабе дазволіць. Вярнуўшыся, так і зрабіў. Адразу згадаў аварыю, якую яны бачылі па дарозе. Залез у тэлефон, даволі хутка знайшоў навіну. Загінулі нават двое дзетак.

Ён закінуў, і празь дзьве хвіліны паўтарылася паклёўка такога ж кшталту, як зь першым ляшчом. Рыбіна была вялікая, нават Віктар узьняўся, каб разгледзець яе ў вадзе, але гэта зноў быў ня лешч, а падлешчык грамаў на васямсот ці крыху большы. Не было яшчэ і васьмі, таму можна было спадзявацца, што раней ці пазьней, але сёньня прыйдзе вялікая рыбіна. Максімавы рукі ўжо цягнулі пахам твані, хаця ён і не чапаў здабычу рукамі – яму або дапамагаў Віталь, або ён даваў рады экстрактарам, пакуль рыбіна ляжала на краі сеткі. Ад паху цягнула на ваніты. Ён засунуў рукі ў таз з прыкормкаю, узяў жменю й нацёр скуру, але смурод не прайшоў. Запаліў і выдыхаў на далоні дым, але эфэкт быў той самы. Ён не пасьпеў прыдумаць нічога іншага, як рыба зноў пачала брацца. Максім выцягнуў яшчэ дзьвюх плотак адну за адною. І клёў спыніўся.

– Я буду называць твайго ляшча Валерам, – сказаў Віталь. – Мне здаецца, што гэта акурат для яго імя.

Рыба не бралася ўжо з гадзіну. Максім мяняў даўжыню павадка, пятлю, прынады, замясіў іншы кшталт прыкормкі. Нічога не дапамагала.

– Можа, перакармілі? – запытаў Віталь.

Была макаўка лета, і рыба ў негарачыя дні, такія як сёньня, мусіла есьці шмат. Максім адказаў толькі “можа быць”, бо напраўду магло быць і такое. На ўсялякі выпадак ён зьмяніў кармушку на прыладу такой жа вагі, але меншага аб’ёму. Віктар ад суму замяніў кармушку на воблер.

Шанцы злавіць акуня ці невялікага шчупака падаваліся яму ня меншымі за шанцы выцягнуць нават плотку.

– Дык Валера ўчора ўзяў у крэдыт новенькую пралку, яму ніяк нельга было да цябе ў рыбнік. Разумееш, у яго сямёра па лавах. Хто б крэдыт аддаваў? Карасі б хутка выселілі яго дзяцей з трысьнягу, зь ямінаў бы павыганялі. Вось ён і сышоў. А так бы ён быў і ня супраць да цябе ў сетку. Ён наогул кампанейская істота ў лусцы. Мы аднойчы сустракаліся па працы. Ён мне пыласос прадаў.

І Віктар, і Максім ужо не адзін раз прасілі Ткача зачыніць юшкай комін, але ён не спыняўся, робячы паўзы адно на той час, калі Віктар лаяўся, зачапіўшыся за галіну ці што-небудзь у вадзе.

– Можа, араматыку ня трэба было ліць? – запытаў Віктар.

Яны зь Віталём выпілі амаль усё піва, што засталося з учора.

– Паспалі б вы, хлопцы, – прапанаваў Максім.

– Можа, ціск зваліўся? – запытаў Віктар.

– Можа, і зваліўся, я скуль ведаю? – Максім раззлаваўся. – Я наогул гэтую рыбалку ненавіджу.

– А чо езьдзіш тады? – запытаў Ткач.

– Жонка прымушае, – шчыра адказаў Максім.

Швагер і Ткач расьсьмяяліся.

– Не кажы, Валеру ж таксама жонка прымушае. І мяне, мы зь ім аднойчы ў Марынкі сустрэліся. Ён ад яе ішоў, а я – да яе. І мяне жонка прымусіла. Увесь час ганяе да Марынкі. Так мне ён жаліўся, нават сьлязу пусьціў.

– А нашто прымушае, га? – запытаў Віталь праз хвіліну.

Максім ужо ня быў наладжаны на размову й не адказаў.

Віктар яшчэ нядоўга пакідаў воблер, але яму надакучыла й гэта. Яны зь сябрам напраўду пайшлі паспаць колькі гадзінаў. Рыба ўсё не бралася. Квівэртып нават ня ўздрыгваў, як гэта часам бывае, калі рыбіна трапляе ў лёску хвастом ці тулавам.

Максіма самога пачынала зморваць. Час паміж закідамі ён адмяраў таймэрам. Але звычайна перазакідаў раней, чым праходзіла шэсьць хвілінаў. Трэба было наважыцца й зьмяніць кропку. На тую, што раіла Марыя. Ён прачытаў малітву.

Праз гадзіну вярнуўся Віктар, прапанаваў зьехаць. Але Максім ня мог здацца так проста. “Кінуць трэба ня гэтую рыбалку, але фідар у ваду”, – падумаў ён, але паматляў галавою, адганяючы думку. Прыйшоў і Ткач, моцна кульгаючы. Яго хтосьці ўкусіў ва ўздым ступака, пакуль ён спаў. Відаць, авадзень.