Выбрать главу

– З бацькам адзін мужык працаваў. Яго намесьнік дырэктара ўвесь час адпраўляў у камандзіроўкі і сам езьдзіў. А пасьля высьветлілася, што яны ў рыбу ганялі. Звольнілі іх абодвух. І ўзялі замест іх Валеру.

Максім ня вытрымаў і зьмяніў кропку лоўлі. Гэтым разам пераход ад глею да ракушачніка знайсьці было ня так проста, але, ужо прыблізна ведаючы, дзе ён, фідарыст даў рады. Паклёўка пачалася яшчэ да таго, як кармушка ўпала на дно. Максім выцягнуў.

– Аджгір! Аджгір! Паджыгоўка! Джыгітоўка! – закрычаў Віталь і пачаў скакаць па беразе, удаючы лезгінку.

На наступным закідзе Максім выцягнуў яшчэ аднаго. Гэта магло быць надоўга. Пакуль ня прыйдзе акунь і не разгоніць дробную рыбіну. Але так прынамсі было весялее. Джгіры заглытвалі зазубень глыбока, і даводзілася аддаваць іх швагру, каб ён здымаў. Максім прывязаў кручок большага памеру й падкараціў павадок, але гэта не дапамагло. Часам замест аджгіра ён выцягваў краснапёрку. Віктар таксама закінуў, бліжэй, чым Максім, але настолькі далёка, наколькі яму дазволіў пікер.

– У цябе лёска, ты на такой адлегласьці не падсячэш, – нагадаў Максім.

Але падсякаць аджгіроў было й ня трэба, яны самі заглытвалі кручок так глыбока, як маглі. Выходзіла, што там напраўду стаіць хмара сьмецьцевай рыбы. Звычайна драпежнік разганяў іх хутка, але гэтым разам штосьці было ня так.

Максім пакараціў павадок настолькі, наколькі наогул было магчыма бяз рызыкі заблытаць снасьць. Насадзіў самага вялікага чарвяка, які быў, і двух апарышаў. Ён спадзяваўся, што такая прынада праляціць праз хмару аджгіра. Але нічога з ідэі не атрымалася.

Аднак яшчэ паўгадзіны Максім выпрабоўваў гэтую тактыку. “Мяне ванітуе ад рыбы, але я ўпарта ежджу і лаўлю яе. Напраўду, чалавек такая істота, што можа зацята займацца любой дурасьцю. І гэта ня самая горшая з тых, што мне вядомыя”. Раптам ён падумаў, што вось зноў гэты момант, калі герой выпрабоўваецца пад ціскам, але зноў ніякага добрага ўчынку ён не прыдумаў.

Ён узгадаў, што менавіта так і казала Марыя: над вялікім ляшчом будзе стаяць хмара з быстранкі дый аджгіра. Ён хмыкнуў, бо ня верыў ні ў адну ірацыянальную рэч. Тэлефон тонка прапішчэў, нібы пячкур.

– А штосьці вы, хлопцы, ракаў ня варыце? Ня будзе ці што? – Максіму надакучыла слухаць Віталя і ён сам падаў голас.

– Дык іх жа лешч за сабою зьвёў. На зімоўку залягаюць.

SMS была ад жонкі: “Безь ляшча можаш не прыяжджаць!” Максім зноў адышоў ад берагу нібы ў прыбіральню, зноў пастаяў, прыціснуўшы лоб да сасны, спрабуючы згадаць, калі ўсё гэта пачалося. Нібыта Марыя, яшчэ цяжарная, згадвала бацьку. Расказала, што ён рыбаліў. А Максім згадаў, што ў дзяцінстве любіў пацягаць са стаўку карасёў. На працы ён знайшоў форум і некалькі дзён чытаў яго. Чамусьці вырашыў спыніцца на фідары. Марыя ўхваліла і нават сама замовіла вуду ў краме. Тое, што яна замовіла, як высьветлілася пасьля першай жа рыбалкі, трэба было выкінуць, але ён нічога ёй не сказаў. Максім напраўду паліў нейкі хмыз і пайшоў назад.

– Чуеш, Віталь. Схадзі знайдзі таго мужыка. Толькі грошы я напрыканцы жніўня аддам.

Віталь паглядзеў на яго і сышоў, нічога не сказаўшы. Праз хвіліну вярнуўся: – Ляшча няма. Сама браць? – сам сабе пасьмяяўся і зноў сышоў.

Максім працягваў лавіць у той самай тэхніцы. Настрой палепшаў. Закідаючы ў чарговы раз, ён толькі набіў кармушку, але не зачапіў на зазубень ніякай прынады. Віталь не вяртаўся. Раптам падумаўшы, што мужык мог і сысьці, Максім выцягнуў кармушку й начапіў чарвяка. Закінуў і палез у тэлефон, адкрыў форум, крыху павагаўся, але зноў убачыў характэрную паклёўку аджгіра, стаў пісаць паведамленьне з просьбаю прадаць яму сёньня жывога ляшча.

Калі дапісаў, паклёвак ужо не было: відаць, рыба стамілася. Першыя восем-дзевяць абаротаў даліся лёгка. На дзясятым Максіму падалося, што ён зачапіў корч. Там было нешта вялікае, што зусім не супраціўлялася і ішло роўна. Максім згадаў показку, нібы буйныя ляшчы, якія ня маюць у прыродзе ніякіх ворагаў, ня могуць зразумець, што адбываецца, калі трапляюць на зазубень. Не супраціўляюцца, пакуль ты не падвядзеш іх пад самы бераг. Ён пагнаў ад сябе гэтую думку. Так ён скруціў яшчэ шэсьць абаротаў. Віктар заўважыў, зь якой цяжкасьцю Максім круціць ручку, як швагер заціснуў фрыкцыён поўнасьцю і як выгнулася вуда.

– Чо там?

– Тапелец.

Максім падумаў, што гэта й напраўду можа быць ён. Хаця дарослага ён бы ня зрушыў. “Дзіцёнак!” – падумаў Максім і перастаў падварочваць ручку. Шанцы зачапіць настолькі вялікага ляшча былі замалыя, але й тапельцы, напэўна, трапляліся ня так часта. Прынамсі Максім пра такое ня чуў.