Выбрать главу

Бязьмен паказаў шэсьць кіляграмаў дзьвесьце трыццаць грамаў. Максім настолькі моцна адчуваў смурод твані, што амаль бачыў, як ён вырываецца з-пад плястыку. Ткач зьбегаў па рыбнік і перакінуў ляшча ў яго. Рыбіна ўсё яшчэ моцна супраціўлялася.

– Адмыць яго трэба, чо ты чорнага дахаты павязеш. – Віталь панёс сетку да берагу і ўкінуў у ваду, добра прывязаўшы.

Максім таксама вярнуўся да вады і сеў у крэсла.

– Э, дык а што з Валерам-та рабіць будзем? Я за яго паўляма аддаў.

Толькі цяпер Віктар і Максім заўважылі, што на беразе ляжыць лешч, вельмі падобны да таго, якога зранку прыносіў мясцовы.

– Блін! – сказаў Максім. – Можа, назад яму аднясі. Ён мне цяпер непатрэбны.

– Чаму назад? Гэта вельмі дарагі лешч. Я за яго паўмільёна аддаў, паўтараю. Я яго сабе пакіну. Прынясу дахаты. Скажу, глядзі, жонка, глядзіце, дзеці. Гэта мой сябар Валера. Зараз мы будзем яго есьці. Прам сырога завалім. Можа, сушы зробім. Мне будзе пашана й павага. Бацька паехаў па ляшча – бацька прывёз ляшча. А таго, маленькага, я дачцэ падару, хай у школу аднясе, перад сяброўкамі пахваліцца.

Максіма папусьціла. Дзе ўзяць паўмільёна, каб аддаць, ён ня ведаў.

– Дык гэта ж не Валера, – уставіў Віктар.

– Чаму ты так вырашыў? – спытаў Ткач. – Каго я прызначу, той і Валера.

– Ладна, фідарасы, – падсумаваў Максім. – Давайце яшчэ з гадзіну паловім – дый дахаты.

Нават Віталь разматаў свае вуды. Шанцаў злавіць рыбіну як учора амаль не было, але ён узгарэўся ад выгляду Максімавага ляшча. Сам рыбак закідаў, але зноў, як і раней, не чапляў прынады. Максім зайшоў на форум – ніхто пакуль не адгукнуўся, і ён выдаліў паведамленьне. Прайшоўся па беразе. Пацягнуся.

– Ну што, засмажыш сёньня з жонкай ляшча? – запытаў Віктар.

– Сама хай смажыць, казала, яе бацька вучыў.

– Ты ж не злавіў сама, – уставіў Ткач.

– Сур’ёзна так казала? – запытаў швагер. – Я думаў, ты штось учора паблытаў.

– Я табе ж ня комік. Казала, смак дзяцінства. Бацька смажыў, мяне навучыў. Казала, маяран нейкі будзе дадаваць і цытрыну.

– Чо яна нясе наогул? – Віктар расьсьмяяўся. – У рыбу цябе ганяе. У яе каханак мо там?

– Няма ў яе ніякага каханка. Але сёньня ўсё адно будзе займацца ляшчом.

– Дзе б сама яшчэ набыць, – уставіў Ткач. – Слухай, Віця, а давай ракаў у гіпэры набудзем, я бачыў, у іх там нейкія блакітныя былі ў акварыюме. Іх калі ў пакунку паставіць, яны ж могуць распаўзьціся. Во дзеці зь цешчаю парадуюцца!

Віктар дастаў падлешчыка. За ім яшчэ аднаго. Максім жа скруціў шнур і адрэзаў аснастку.

– Усё, выканаў абавязковую праграму? Максім паківаў галавою. “Ніхто ўжо ня зможа паказаць на мяне пальцам, сказаўшы, што я няўдаха. Ніхто ня зможа сказаць, што я ня ўмею лавіць ляшча. Ніхто ніколі не даставаў такога ляшча, я нават ня ведаў, што такія існуюць. Ніхто ня зможа завярнуць мяне ў халодную прасьціну і біць ува сьне па шчоках”. Ён прыбіў камара на лобе. “І ніхто ня зможа цягнуць зь мяне кроў”. Адчуваньне было неймавернае.

– Усё, дастала тут сядзець, хлопцы. Паехалі!

Сябры пагадзіліся, але зьбіраць рэчы сталі без ахвоты. Віктар пакінуў вуду закінутай да самага апошняга моманту: ён аднёс торбы й Максімаў фатэль, выкінуў у ваду матыля, апарыша, чарвякоў і замешаную прыкормку й толькі пасьля гэтага зматаў лёску. На зазубні сядзела малая быстрыца. Толькі тады ўзгадалі пра рачэўні. Усе апынуліся пустымі. Віктар лаяўся, выкідаючы зь іх гнільлё ў ваду. Адну сетку, тую, што ўчора зачапілася, так і пакінулі на дне, бо як ні цягнулі, але не змаглі даць рады. У выніку

Віталь проста адрэзаў шнур, бо лезьці ў цёмную плыню ніхто не захацеў.

Максім папрасіў швагра перакінуць ляшча ў плястыкавы пакунак, а астатнюю рыбу – выпусьціць.

– А давайце зь ім фатаграфавацца! – прапанаваў Віталь.

Шчоўкнулі спачатку яго самога з рыбінаю на руках, пасьля Віктара такім жа чынам. Максіму ўвесь гэты час несла рыбаю. Фатаграфавацца ён адмовіўся наадрэз. Сябры ўжо зразумелі, што ён ня любіць рыбу, і асабліва ня лезьлі. Заставалася бутэлька піва, і Віктар зь Віталём селі за столік. Падумаўшы, Максім нацягнуў на пакунак зь ляшчом некалькі пакетаў. Сам скрутак схаваў пад торбу. Тое, што хлопцы селі выпіць, было яму на руку, бо ад рыбніка цягнула тваньню і яго трэба было добра прасушыць.

Рыбаю цягнула адусюль, і настрой у Максіма пачаў псавацца. Ён падумаў, што нават Віктар зь Віталём праз тыдзень ужо не згадаюць гэтую рыбалку. Максім, упершыню за сёньняшні дзень, ікнуў. “Бляха, нават гадзіны не парадаваўся”, – падумаў ён. Рэзала страўнік, і трэ было пад’есьці, пакуль хлопцы дапівалі, але апэтыту не было, бо цягнула на ваніты. Добра, што ікаўка вярнулася, бо яна разганяла гэтае адчуваньне.