Выбрать главу

– Вось гэта мы зьезьдзілі, – мройна сказаў Віталь. – Ніколі, блін, не забуду. Лешч за паўляма. Раскажу на працы – не павераць, скажуць, зусім вы, Віталь Віталевіч, хлусіць ня ўмееце. Але нічога, у мяне фотка ёсьць. Зараз ім усім дашлю.

І напраўду, ён залез у тэлефон і пачаў адпраўляць фотаздымак зь ляшчом, здавалася, кожнаму, хто быў у сьпісе кантактаў.

– Кандыдозны бабёр! Вурзьпель табе ў вочы! Я ж жонцы не патэліў за цэлы дзень! Сьвятыя ракі! – раптам узгадаў ён, але працягваў дасылаць фоткі.

– Ты б, Віталічак, лепш рыбу сваю загарнуў надзейней. Засмуродзіш мне ўвесь салён. – Максім вырашыў не тэлефоніць і не дасылаць паведамленьняў. Такога ляшча трэба было дэманстраваць урачыста.

– А што зь ім рабіць напраўду? – спытаў Віталь. – Сушыць – завялікі. Смажыць – жорсткі.

– Радавацца яму трэба, – адказаў Максім, але ўпэўненасьці ў голасе не адчувалася. – Можа, і вас зь дзецьмі запросім парадавацца.

– Гэта можна, даўно ў вас не былі. – Швагер дапіў апошні глыток піва і сплюнуў. – Паехалі, надакучыла ўжо гэтая рыбалка.

Яны сабралі сьмецьце, якое заставалася на палянцы. Максім апусьціў усе вокны, машына рушыла. Віталь так і ня вылез з тэлефону, лістуючыся з кімсьці. Аўтамабіль зноў пачало калыхаць на калюжынах. Мэтраў празь пяцьдзясят стаялі чатыры вялікія намёты, у кожны зь якіх магла зьмясьціцца цэлая сям'я. Учора іх не было. Максім падумаў, што Віталь зараз прапануе паказаць ім ляшча, але той нават не заўважыў кэмпінгу.

Максім згадаў ляшча, якога бачыў у сьне. Велічнага, падобнага да скалы, такога, што ён мог бы стаць прычынай веры ў сваё містычнае зьяўленьне ў сусьвеце, а ня быць плёнам камбінацыі амінакіслотаў. На такім ляшчы мог палягаць сэнс жыцьця. Такі лешч мог бы праглынуць любога, а выплюнуць у нейкім іншым сьвеце, дзе ніколі не заходзіць сонца й няма сьмерці. Але гэты лешч не існаваў, ён быў толькі плёнам сну, уласных Максімавых спадзяваньняў і фантазіяў. Сапраўдны лешч ляжаў у багажніку і цягнуў тваньню. Гэта быў проста набор лускі, костак і цягліцаў. Яго можна было засушыць або зрабіць зь яго юшку, але ніякага іншага сэнсу ў ім не было. Звычайная рыбіна, якую можна проста зараз кінуць у лесе ці па дарозе. Ці нават паспрабаваць прадаць. Рыба, смаку якой Максім не трываў. Ён яшчэ не каштаваў яго, але ўжо ведаў гэта дакладна.

– Нашто наогул існуе сьмерць? – спытаў Максім.

– Каб вастрэй жыць, – сказаў швагер.

– Каб не заседжваліся, – прапанаваў Ткач. – Ты ўяві, што б было, каб ты з тысячу гадоў на гэтага ляшча паляваў. А так трыццаць год – і гатова. Можна паміраць.

– Ты гатовы?

– Я ж яшчэ не злавіў, – і зноў занурыўся ў апарат.

– Няма ў сьмерці ніякага сэнсу, – сказаў Максім, бо адказ быў падрыхтаваны. – Прыкрасьць, што ні на чым не грунтуецца і ня мае ніякага апраўданьня – ні боскага, ні чалавечага. Зрэшты, бога таксама няма. Гэта ўсё. Лешч гэты, мы – гэта ўсё проста выпадковасьць. Павелічэньне энтрапіі ў сусьвеце. Мы проста наступства другога закону тэрмадынамікі, які сам па сабе ня мае ніякага сэнсу, апроч таго, які мы ў яго ўкладаем. Мы ўзьніклі таму, што павялічваем энтрапію – хаос, які ж самі лічым нечым дрэнным, імкнучыся да парадку. Вось гэта жарт. Лепшы, чым ты нам сёньня пра Валеру ляпіў.

– Я не ляпіў. Я адліваў, але не як у прыбіральні, а як з бронзы. – Ткача было нічым не прабіць.

– Усё гэта правільна, Макс. Але што ты рабіць з гэтым будзеш? Шукаць эліксір вечнай маладосьці?

– Позна. Пакуль я гэта зразумеў. Для мяне асабіста ўжо няма ніякага выйсьця. Што б я ўжо ні зрабіў, я ні на мілімэтар не адсуну сьмерць ні ад сябе, ні ад іншых. Не адсуну ні болю, ні адчаю.

– Чуеш, можа, забухаем заўтра? Субота ж.

– Ня сьмешна мне, ведаеш. Кант казаў, што трэба не рабіць зла іншым, але ён нічога не казаў пра тое, што трэба рабіць. Я цяпер зразумеў, што трэба адсоўваць сьмерць, боль і адчай. Але я ня ведаю, як гэта рабіць і ці магчыма гэта наогул.

– Возьмемся за рукі, сябры, – іранічна ўставіў Віктар.

Максім і сам зразумеў, што яго панесла на нейкія не патрэбныя нікому ў гэтай машыне словы. Непатрэбныя найперш яму самому, бо ад іх зрабілася яшчэ паскудней на душы. “Хто толькі прыдумаў, што ад таго, што ты раскажаш пра праблему, зробіцца лягчэй? Нешта ніколі не заўважаў”.

На дарозе вокны прыйшлося закрыць, кандыцыянэр дапамагаў разагнаць твань, але яна ўсё адно прабіралася ў салён, ці Максіму так толькі падавалася.

Яны ўехалі ў пасёлак. Ля бэтоннай каробкі прыпынку стаялі дзеці ад дзесяці да дванаццаці-трынаццаці гадоў. Дрэнна апранутыя, але загарэлыя, з выпаленымі валасамі й блакітнымі вачыма. Яны стаялі колам і штурхалі такога ж малога, нічым ад іх не адрознага. Адзін зь іх раптам стукнуў яго кулаком у нос. Малы зваліўся.