Выбрать главу

– Вось і ўся філязофія твая, – сказаў Віктар.

– А што ты мне прапануеш?

– Я-та прапаную заўтра гарэлкі накаціць пад твайго ляшча. Ты разважаў тут пра энтрапію і пазбаўленьне ад болю і яшчэ там чагосьці… Забыў. Віталь, ты помніш?

– Так, яго душыла пачуцьцё экзыстэнцыйнай тугі, так званая вусьціш. Гэты тэрмін быў уведзены ў шырокі ўжытак Сёрэнам К’еркегорам. Атрымаў разьвіцьцё ў працах Сартра… – Госпадзе, Віталь, ты гэтаму дзесьці навучаўся? – спытаў Максім. – Не, не адказвай. Проста ведай, што ты два дні чухню нясеш.

– А ты бачыў, што ён яго яшчэ й нагамі лупцаваў?

– Ня бачыў.

– І я ня бачыў, але будзе яшчэ. – Віктар азірнуўся, дзіцёнка сапраўды піналі. – Ня сёньня, дык заўтра. І ты з гэтым нічога ня зробіш.

Яны надоўга замаўчалі. Час ад часу Максім ікаў.

– Спыніся тут, сьмецьце выкіну.

Віктар падышоў да кантэйнэра, укінуў пакункі і тут жа пабег да машыны, адмахваючыся леваю рукою, – аса ўджаліла яго ў шыю і ён трымаўся за яе правай. Максім згадаў, як Віктар зганяў асу ўчора, таксама адною рукою.

– Усё ж такі дагналі яны мяне.

За тры хвіліны на шыі ў Віктара вырас чырвоны гузак, і зьмяншацца ён не зьбіраўся. Яшчэ празь пяць хвілін твар швагра стаў чырвоны, але гузак перастаў разбухаць.

– Спыніцца?

– Схалеры? Паехалі ў хуткую. Тут хвілін сорак якіх ехаць, коркаў калі ня будзе. А з тваімі сэйвамі, можа, і за дваццаць даедзем.

– Віця, у цябе ногі халодныя? – спытаў Ткач.

– Так, і вусны вельмі халодныя. – Мужчыны засьмяяліся, згадаўшы стары анэкдот. – Не, Макс, ты так не гані. Ад гэтага я наўрад ці загнуся, а ад лабавухі – дакладна.

Але Максім кіраваў машынай у сваім звычайным стылі – на вялікай хуткасьці, агрэсіўна абганяючы. Віктар падумаў, што гэта празь няздатнасьць бегаць.

– Блін, вось ведаеш, не разумеў я цябе, Максім. Думаю, што табе ў галаву грукнула. Што ты пра сваю энтрапію, пра боль, пра вусьціш. А вось укусіла мяне аса – і я цябе зразумеў. Ня хочацца паміраць вось так бессэнсоўна. Дык гэта я да чаго. Скінь ты хуткасьць, дай пажыць!

Максім паехаў марудней, але ўсё адно перавышаючы дазволеную хуткасьць. Да Менску заставалася хвілін дзесяць. У больніцу паехалі праз горад. Ля мэтро спыніліся.

– Я думаю вось што. Я ў кампаніі зраблю выходны ў пятніцу. Будзем штотыдня так ганяць. – Віталь толькі цяпер схаваў тэлефон, так і не набраўшы жонку. – Я сабе таксама такі фатэль вазьму, толькі рэактыўны, каб можна было над вадою завісаць. Асу возьмем. Віця зь ёй зрадніўся. Укусіла ня горш чым жонка.

Ён закінуў за сьпіну свой чырвоны футарал і, забраўшы з багажніка пакунак з рыбаю, пайшоў кудысьці ў двары. Калі даехалі да больніцы, гузак паменшыўся, а твар і шыя былі ўжо нармальнага колеру. Выглядала на тое, што сэнсу ісьці да лекараў няма. Да Віктара ехалі доўга, бо ўвесь час траплялі на сьветлафоры.

– Што, цяжка? – Максім не адказаў Віктару. Ён адчыніў усе вокны й запаліў, каб не адчуваць рыбнага смуроду. – Усім так. Рыбалка не найгоршы варыянт. Нічога лепшага не прыдумаеш. Хіба паляваньне якое. Знайдзі сабе працу.

За гэтыя содні Віктар ужо сам стаміўся казаць Максіму пра працу й вагу, але не стрымаўся й нагадаў на разьвітаньне. Ён ці то папляскаў, ці ўжо ўдарыў швагра па плячы і пабег да пад’езда. Ля самых дзьвярэй азірнуўся й памахаў рукою.

У пятніцу ўсе вызваляліся раней, і горад зноў быў паўнюткі лятэнтнымі фідарасамі. Максім згадаў, якое гэта шчасьце – чымсьці забіць свой час. Чымсьці такім, каб можна было калі не адчуваць сябе важным, дык прынамсі не апраўдвацца, што марнуеш жыцьцё не на тое. Нейкія дзеяньні, што адбіраюць час, але ніхто не называе цябе лайдаком. А наадварот, той кажа “вось гэта сапраўдны мужчына” і ўжывае іншыя стэрэатыпныя абагульненьні. Зарабіў тысячу, яшчэ адну і яшчэ. Важны, набываеш слоічак ікры й бутэльку шампанскага. І нават зімовае паветра не абпальвае скуру, а абвастрае адчуваньне ўласнай важнасьці.

А ў пятніцу вечарам едзеш да бацькоў на вёску, нават калі ў цябе няма ніякіх бацькоў на вёсцы. І зноў час заняты. І той кажа, што ты добры сын. “Што будзе рабіць на пэнсіі пакаленьне праграмістаў? Няўжо таксама даваць сьвіньням?” – Максім на сэкунду задумаўся над чымсьці іншым, але зноў адчуў пах рыбіны ў салёне. Ён спыніўся за перакрыжаваньнем і набыў сабе бутэльку вады ў маленькай краме. Падумаўшы, набыў яшчэ й жуйку. Ён бачыў у нейкім фільме, што жуйка дапамагае, калі цягне на ваніты. Ад мінэралкі ікаўка пасілілася. Вяртацца ў машыну не хацелася.