Па твары Максіма цяклі сьлёзы.
“А я ня ведаю, што я буду рабіць тады, але штосьці, што будзе напаўняць людзей радасьцю. Ты…”
Максім пачуў, як Марыя адамкнула ўваходныя дзьверы. Ён паціху ўстаў. Пакуль клаў сына ў ложак, жонка зазірнула ў пакой і прыкрыла дзьверы. Максім выцер твар прасьцінаю і выйшаў у вітальню.
– Глядзі, што я набыла. – І яна стала паказваць шампуні, крэмы, яшчэ нейкую касмэтыку.
Гэта падалося настолькі мілым, што Максім абняў і пацалаваў жонку. Яна пацалавала яго ў адказ і панесла ўсё ў ванну.
– Я малайчынка?
– Так. Ты ў мяне малайчынка.
– Не прачнуўся? – Максім у адказ толькі пакруціў галавою.
Марыя зайшла на кухню й завішчала. Яна сьцягнула прасьцінку зь ляшча і яшчэ раз завішчала. Максім падышоў і ўстаў побач. Марыя выключыла выцяжку і доўга маўчала.
– Што гэта?
Максім скасіўся на жонку.
– Лешч.
Марыя пакратала яго пальцам. Пастаяла. Кранула яшчэ раз, нібы не магла паверыць, што гэтая грамадзіна ляжыць на стале.
– Я такіх ня бачыла.
– Ніхто ніколі ня бачыў такіх ляшчоў.
– Не перабольшвай. Максім прамаўчаў.
– Трэба прачытаць малітву. – Марыя ўзяла мужа за руку. – Трэба аддзячыць за такую рыбіну. Гэта ня можа быць проста так. Гэта нейкі знак. – Смурод быў невыносны, здавалася, зараз пацякуць сьлёзы з даўно чырвоных вачэй, зводзіла страўнік. – Дзякуем табе, Божа, за гэтага ляшча. – Максім паўтараў за жонкай. – Мы ня верылі ўжо і не спадзяваліся. Але ты падаў нам знак, што ніколі нельга кідаць надзею. Нельга адчайвацца. Сёньня ты аддзячыў нам за ўсе нашыя просьбы. За веру, хай яна й была хісткаю. Дзякуем табе ад усяго сэрца.
Марыя, відаць, ад хваляваньня, скончыла. Звычайна яна казала даўжэй і паэтычней. Максім больш ня мог трываць ляшчынага паху.
– Я матыля забыў у машыне, засмуродзіць там усё. – Ён хутка выйшаў у вітальню і апрануў тэпці. – Я хутка.
Максім падышоў да машыны, адамкнуў. Усярэдзіне напраўду быў смурод, але ад рыбы, а не ад матыля. Максім выцягнуў з багажніка торбу, паставіў яе на зямлю, адшукаў сякеру й пачаў біць па торбе тупым канцом прылады. Плястык усярэдзіне керхаў, як жывы. Максім адклаў сякеру й пачаў скакаць на торбе. Скончыўшы зь ёй, аднёс да сьметніка. Зрабіў тое самае з другой торбай. Нажом парэзаў абіўку фатэля, выкінуў і яго. Ён ня думаў цяпер, колькі аддаў грошай за крохкія рэчы, ня думаў нават пра тое, за колькі змог бы прадаць іх на форуме. Перасек кожнае каленца абедзьвюх вудаў, нават запасныя квівэртыпы. На ўсё сышло меней за дзесяць хвілінаў. Максім цяжка дыхаў, але не адчуваў ні кроплі стомы. Ён разумеў, што гэта нейкі дзіцячы ўчынак. “Герой мусіць зрабіць нешта пад вонкавым ціскам, неяк праявіць характар. Я праявіў так”, – сказаў ён сам сабе ўжо перад дзьвярыма кватэры.
Смурод быў той самы. “Неяк ператрываю”, – падумаў Максім, хаця быў на мяжы ванітаў.
Ён зайшоў на кухню. Марыя трымала Яна на руках. Той цягнуўся да рыбіны рукамі. Максім пацалаваў сына, але той не зьвярнуў на тату ніякай увагі. Бацька вымыў у ваннай рукі.
– Давай я цябе зь ім сфатаграфую.
– Ды ну. І так нармальна. Тупа гэта неяк, усе так фатаграфуюцца.
– Максім, мы столькі чакалі гэтага ляшча. Столькі пра яго думалі. Мы жылі, як бамжы. На дзіцячыя грошы ты свайго апарыша набываў. Сам стаў, як апарыш. Табе складана ці што?
Максім не адказаў, толькі выдыхнуў. Падышоў да стала.
– А пасьля яшчэ возьмеш яго адною рукою, а другою – Яна.
Хлопчык, які цяпер сядзеў у дзіцячым крэсьле, паківаў галавою, відаць, зрэагаваўшы на імя.
– Не, ну гэта перабор.
– Ніякі не перабор, слухай, што табе кажуць.
– Ён б’ецца яшчэ, я іх абодвух не ўтрымаю.
– Ты ж мой нягеглік. Бяры ляшча давай! – яна прыкрыкнула нібы жартам.