Выбрать главу

Максім выдыхнуў яшчэ раз і ўзяў ляшча.

– Вось. Толькі стань вось тут, каб было відаць фотаздымак з морам. Малайчынка. – Яна ўсё прымяралася зрабіць кадр. – Зараз пафоткаемся, а пасьля ты яго засмажыш.

Цела Максіма, стаміўшыся чакаць, пакуль той праявіць характар пад ціскам вонкавых абставінаў, праявіла яго само па сабе – Максіма званітавала проста на ляшча. Званітавала амаль чыстаю вадою. Ён кінуў ляшча. Той зваліўся на падлогу й ажыў, пачаў скакаць. Максім сагнуўся, абапёрся рукамі аб калені. Яго вывернула яшчэ пяць разоў. Другі раз – амаль ператраўленымі сасіскамі і яшчэ чатыры разы – нейкай каламутнай вадкасьцю. Сын плакаў. Гучна. Біў маленькімі кулачкамі па крэсьле. Марыя моўчкі глядзела на мужа вачыма з шырокімі зрэнкамі. Максім разагнуўся, сустрэўся позіркам з жонкай, падышоў да мыйні, прапаласкаў рот вадою. Ян суцішыўся. Мужчына павярнуўся, паглядзеў на жонку. І пад гукі скокаў ляшча ў ванітах спакойна сказаў: – Не. Засмажыш ты яго самастойна.

Тэкст створаны падчас знаходжаньня на праграме Беларускага Пэн-цэнтра “Рэзідэнцыя маладога літаратара”. 26.10. – 06.11.2015, Вільня.