Выбрать главу

Максім сеў у фатэль. Каля ляшча ляжалі яшчэ дзьве плоткі, але невялікія, крыху меншыя за далонь.

– Сёньня й назад трэба будзе аднесьці. Не давяраю я суграмадзянам. – Пра плотак Максім нічога не сказаў.

Лавіць не хацелася. Віктар хутка зьвязаў патэрностэр, узяўшы вертлюжок з торбы швагра. Ён прычапіў груз і кінуў, як кпіў Максім, “у ангельскім стылі”. Насамрэч Віктар завёў вуду далёка за сьпіну й шырока махнуў ёй. Грузіла паляцела па высокай дузе, зьбіўшы ліст з галіны вяза, які рос справа ад Віктара й Віталя. Калі сьвінец наблізіўся да вады, швагер не зрабіў адцяжкі, бо забыў, што лёска закліпсаваная. Максім пакачаў галавою. Віктар зьняў кліпсу й скруціў. Яшчэ раз гэтаксама закінуў, зноў трапіўшы ў лісьце. Пакуль шанцавала й лёска не заблытвалася.

– Задалёка, – сказаў Максім.

І напраўду, атрымалася пад пяцьдзясят абаротаў. На дваццаці васьмі грузік за нешта зачапіўся, але лёска не абарвалася.

– Лепш так, чым на мэтры лавіць, – не пагадзіўся Віктар.

Максім не камэнтаваў, бо стаміўся тлумачыць. Пакуль Віктар вязаў павадок, Ткач сказаў: – Я чытаў учора, што ракі пачалі нават на коней нападаць.

– Гэта што, – падтрымаў Віктар. – Аднаго прызначылі сьпікерам верхняй палаткі. Піва дзе? – Віталь падаў яму бутэльку. – На ноч закіну, а то пахам гэтым можна й рыбу распужаць.

Віктар закінуў з пустой кармушкай, утыркнуў стойкі зь зялёнымі плястыкавымі вяршынкамі, усталяваў пікер і знайшоў месца для складнога зэдліка, каб было зручна падсякаць.

– Халера бяры, – сказаў Ткач і дастаў вуду. – Я ня бачу паплаўка.

Віктар закінуў, набіўшы кармушку Віталёвай прыкормкай і начапіўшы на зазубень клясычны бутэрброд з апарыша і матыля. Кармушка ўвайшла ў ваду мэтраў на пяць лявей, чым уваходзіў патапец. Квівэртып быў ледзьве бачны. Віктар запаліў.

– Клюе! – выгукнуў Максім і яшчэ гучней ікнуў.

Усе засьмяяліся. Праз колькі імгненьняў квівэртып рэзка сагнуўся. Падсекчы швагер не пасьпеў. Але паклёўка паўтарылася сэрыяй штуршкоў. Віктар падсек. Ён ускочыў, узьняў пікер вэртыкальна ўверх. Па ягоным твары можна было падумаць, што рыбіна вялікія. Ён прыгаворваў: – Ёсьць… ёсьць… ёсьць! – але сагнуты быў толькі кончык пікера. Рыбіна, калі яна й была на кручку, мусіла быць зусім маленькай. – Ёсьць! Ёсьць у срацы ягамосьць! – скончыў думку Віктар. Праз сэкунду паказалася кармушка і ўсе ўбачылі, што рыбы няма.

Віктар, на азарце, вырашыў закінуць яшчэ раз, хоць бераг асьвятляў ужо месяц і слабую паклёўку ён бы прапусьціў. Віталь прынёс яшчэ адно піва. Максім таксама прыклаўся да бутэлькі. Віктар зразумеў, што далей чакаць ня мае сэнсу, і зматаў лёску.

Яны вярнуліся да вогнішча. Некалькі агеньчыкаў яшчэ мігцелі. Віталь укінуў гальля й адно палена зь сеткі, нахіліўся й стаў разьдзімаць агонь. Хутка полымя ўзялося, але давала больш дыму, чым раней. Віктар узьняў угору фатэль і торбы.

Віктар зь сябрам пайшоў укідаць рачэўні. Спусьціўшыся да вады, яны прывязалі першую да вяроўкі, і Ткач кінуў яе што было моцы. Сетка адляцела мэтраў на пятнаццаць і хутка патанула. Віктар перарэзаў вяроўку й прывязаў на беразе. Да чаго, Максім не разгледзеў, бо ня стаў спускацца з хлопцамі, а застаўся зьверху. Ён вярнуўся да вогнішча. Хацеў сесьці на калоду, але расклаў фатэль. Інсэкты сьпявалі свае любоўныя гімны. Было цёпла, і Максім гэтым разам не шкадаваў, што выправіўся ў рыбу.

– Атрымліваецца, ракі, як мухі, лятуць на лайно. Чырвоныя мухі, можна сказаць, адно ў вадзе жывуць.

– Ты ў кроплі вады што бачыш, акіян? – запытаў у Ткача Віктар.

– Бутэльку.

Працягваючы спаборнічаць у дасьціпнасьці, сябры вярнуліся да вогнішча.

– Слухай, Максім, а што ты зробіш зь ляшчом, якога зловіш?

– Расцалую ў вусны мядовыя, луску прашарую, – ён ікнуў. – Падкіну высока-высока ў неба, падхаплю ля зямлі, абдыму моцна, прыцісну да грудзей. – Мужчына замаўчаў. – Далей яшчэ не прыдумаў. Ты са сваім што зробіш, дарэчы?

– Засушу. Пакуль у вядры, жывы нібыта. Лянота кешкацца.

Максім адпускаў усю рыбу, якую выцягваў, але напраўду ня вырашыў, ці забярэ ляшча, як зловіць. Марыя хацела яго засмажыць. Рыбачыў ён звычайна пятніцамі, калі дома яны трымалі пост. Ён ніколі ня еў ляшча, але жонка казала, што той кашчавы.

– Віцёк, а ляшча ты любіш? – Максім вырашыў распытаць швагра.

– Ну, пад піва норм. Плотку больш люблю, лешч тлуставаты, як на мяне.

– Не, я пра смажанага.