Выбрать главу

– Ніколі ня еў. Піва не затрымлівай.

– Марыя казала, ваш бацька смажыў.

– Ты яе зь нейкай бабай паблытаў. Бацька пайшоў, калі мне было пяць. Я наогул ня помню, каб ён у рыбу хадзіў.

Віктар быў старэйшы за Марыю на тры з паловай гады.

– Хоць раскажы нам, з кім там ляшчоў смажыш? – сьмеючыся, запытаў Віктар, але Максім толькі адмахнуўся галавою. – Правільна, швагру галоўнага не раскажаш. Так, Віталь?

– Ага. У мяне такі самы выпадак быў з Кастусём. – Ткач лёгка падхопліваў любую тэму, але так, як ён яе разумеў. – Нас тады казахі моцна на вуліцы зьбілі. Адзін мне ў ногі скочыў, скруціў.

– А што Кастусь? – удакладніў Віктар.

– Яго так проста адмудохалі. За ногі не хапалі.

– За што адмудохалі? З бабамі іхнімі ляшчоў смажылі?

– Дзівак ты чалавек! – Ткач ударыў сябе далонямі аб сьцёгны. – Гэта ж казахі, ім што – прычына патрэбная? Мне яшчэ тады тулуп парэзалі. А Кастусь ня першы год у Карагандзе жыў. Ён тулуп не апранаў пасьля гадзіны дня.

Віталь пачаў сьмяяцца. Ён сьмяяўся так доўга й пераканаўча, што заразіў усіх. Мужчыны колькі хвілінаў гушкаліся, прыціскаючы жываты рукамі. Адсьмяяўшыся, Максім падумаў запытаць яшчэ пра бацьку Віктара й Марыі, але не сфармуляваў пытаньня.

– Дык, слухай, а як ён хадзіў, Кастусь твой?

– Без тулупа, як яшчэ! – І Віталь зноў пачаў сьмяяцца, за ім і Віктар з Максімам. – Стойце, стойце. Што гэта пішчыць?

– Гэта сыгналізатары, у більдзюжнікаў. Самі бухаюць, а як паклёўка, сыгналізатар пішчыць. Пакуль дабягуць, лешч ім ліст напіша, пачнуць цягнуць, тут ім паштар па плячы – грук, расьпішыцеся, вам ліст ад ляшча, – патлумачыў Віктар.

– А чо мы такія не паставілі? З паштаром бы выпілі. – Ткач працягваў свае гісторыі, Максім асабліва не ўслухоўваўся, ён устаў накінуць байку й завязаць бандану. Вярнуўся на месца.

Як толькі прысеў, зайграў мабільны.

– Не хацеў замінаць. Ня ведаў, калі будзеце класьціся. – Максім устаў і пайшоў у лес пэрпэндыкулярна берагу. – Закінуў. Так, як ты казала. Але два разы толькі. Цёмна стала зусім, нічога ня бачыў.

Ён адышоў ад паляны мэтраў на трыццаць, у начным лесе размову сяброў было добра чуваць, Максім пакрочыў далей. Спыніўся, прайшоўшы столькі ж. Вогнішча яшчэ было відаць.

– Ніхто нічога не злавіў. Ну, Ткач – дзьвюх плотак. Забраць зьбіраецца. Халера ведае. Сушыць, можа, а можа, дома выкіне.

Максім прыхіліўся сьпінай да вялікай сасны. Запаліў, пакуль Марыя гаварыла, спаліў амаль палову.

– Так, каханая, – толькі й пасьпеў уставіць Максім.

Яны пазнаёміліся яшчэ на другім курсе. Максім быў замкнёным хлопцам, але ў ягоным асяродку гэтага ніхто не заўважаў. Ён хутка браў задачы і яшчэ хутчэй мог ператварыць альгарытм рашэньня ў бездакорны код на нізкаўзроўневай мове. Барацьбу ён ужо закінуў, але ўсё яшчэ быў хлопцам з кубікамі прэсу й шырокімі грудзямі. Нос і вушы ён ламаў шмат разоў, але кожнага разу, спачатку ягоны бацька, а пасьля і ён сам, рупіўся пра тое, каб нос зрабілі роўна, а вушы не ператварыліся ў беляшы.

– Слухай, хацеў запытаць, ты ляшча менавіта пасмажыць хочаш?

– Так. Падаваць з цытрынай і размарынам, – апошні сказ Марыя прамовіла гульліва.

Максім хацеў запытаць, дзе бацька браў размарын у дзевяностыя, але горла само сабою сьціснулася, ён ікнуў. За кадыком зрабілася балюча. Мужчына адкашляўся.

– Ты там што? П’еш нешта?

– Не, спартсмэны сіньку не паважаюць.

– Давай дамовімся, куды будзеш кідаць. На стол на шэсьцьдзесят два? Там стаіць самая вялікая рыба. Я, пакуль закалыхвала Яна, сама прысьніла яе, убачыла. Там была Каралева Сухарэбрыцы з падданымі. Яна вялікая й люстраная. Каралева з падданымі – зь левага крыла кліна. З правага крыла – плотка на чале з князем. Князем Чырвонабровых. З танюткімі, перарывістымі лініямі па лусцы ад галавы да хваста. – Голас Марыі стаў разьмераным і цягучым. – Ты мяне слухаеш? – Упэўніўшыся, што сувязь не перарвалася, яна працягнула: – Паміж крыламі стаіць Зэбра паласатая, беларускага дна зэбра драпежная – Акунь Акунёў. І зь ім дружына ягоная. Але гадаваліся яны далёка, у ф’ёрдах нарвэскіх. Клічуць яго Аконунгам. Шмат пагубіў рыбы Аконуг. Хапае ён рыбіну, уздымаючыся з дна, выпускае кішкі ў ваду, прабівае пухір. Ікру плюе ў ваду, дружына ягоная апладняе ікру без разбору.

А згары над імі – непрагляднай хмарай завіхаецца быстранка дый аджгір. І не зьлічыць іх, ня вылавіць. І калі Аконунг хапае якую, тут жа падплываюць дзьве. За імі ні Сухарэбрыца, ні Аконунг сьвятла ня бачаць. Таму чорная прыкормка ці сьветлая – значэньня ня мае.

І калі твой кручок даляціць да дна, ня схоплены аджгіром, мінуўшы хцівую быстранку, дый упадзе зьлева, паклёўка будзе няхутка, але рэзкая, частая – падсякай адразу. Калі ўпадзе зазубень справа – паклёўка будзе тут жа, але адзінкавая, марудная, з паўзамі, лічы да дзесяці паміж штуркамі, на чацьвертым штуршку – падсякай. І калі ўпадзе матыль у сярэдзіну кліна, не скажу табе, якая будзе паклёўка. Зэбра беларуская – занадта ганарлівая рыба.