Выбрать главу

А на чале кліна, на вяршыні ягонай – стаіць Лешч. Я шмат жыву й шмат бачыла ляшчоў і падлешчыкаў. Бачыла я і гадаваных, і дзікіх. І з азёраў шатляндзкіх, і з дэльты Волгі, і з азёраў беларускіх, але ніхто такога Ляшча ніколі й ня бачыў і ня чуў, што такі Лешч ёсьць. Ён стаіць ганарліва, над дном, на такой вышыні, як сам ад гарба да жывата. Глядзіць наперад. І ніхто яму ня страшны, ні шчупак, ні акунь, ні птушка драпежная. Не баіцца ён цянётаў, бо сыдзе ў глей ці парэжа цянёты вялікімі, вострымі плаўнікамі. І леваруч ад ляшча – брат ягоны малодшы. І праваруч ад ляшча – брат ягоны стрыечны.

Увесь клін глядзіць на бераг, на цябе, Максім, глядзіць. І чакае, што будзеш рабіць ты? Чым захочаш узяць іх? Як паклічаш іх у свой рыбнік, як завабіш, як падманеш? Як выцягнеш гэтых грамадзінаў, гэтых бамбізаў? Як зварушыш скалу ляшча, як уздымеш са дна? Падышоў да іх сом і таксама глядзіць. Вугар ад нарачанскіх вугроў амбасадарам назірае. Усе рашэньня твайго чакаюць.

Марыя надоўга замоўкла. Максім знайшоў яшчэ адну цыгарэту й падпаліў.

– Я вось што думаю, – Марыя дачакалася рытарычнага пытаньня: – Ты пенапляст узяў жа? Калі лешч трымаецца крыху вышэй ад дна, трэба на зазубень начапіць пенапляставы шарык. Кручок уздымецца на даўжыню павадка. Хаця гэта ўжо ня донная лоўля, а вычварэнства нейкае. Пачнеш з кароткага павадка – можа, ня будуць аджгір дый верхаводка хапаць.

– На рыбалцы няма месца стэрэатыпам, – выдаў Максім фразу на такія выпадкі. – Так і зраблю.

Яны паўтарылі малітву. Максім вярнуўся да вогнішча. Сябры ўвалілі ў полымя ўсе дровы, што заставаліся, і цяпер сядзелі моўчкі. Віктар дручком варушыў паленцы. Максім пасядзеў і пацягнуўся па бутэльку, але ў апошні момант спыніўся.

– У вас там што, сэкс па тэлефоне быў? – запытаў Ткач.

Максім паўтарыў свой рух, толькі ў апошні момант не адкінуўся назад у фатэль, але схапіў бутэльку, хутка адкруціў корак і ўліў у сябе амаль паўлітра нагбом. Сябры паглядзелі на Максіма й адначасова расьсьмяяліся.

– Ага. Сяструсе палец у нос не засоўвай.

– А спрабаваў? – запытаў Ткач.

– Анягож. Дала нагой па яйцах. Думаеш, чаму ў мяне дзеці да суседа падобныя? Выхаду іншага не было, разумееш?

– А чо ты басам тады размаўляеш?

– Халера зь ім. Са мной. Макс, здарылася што, чо ты літар усадзіў? Напраўду што?

– Чуеце, вы раз на год ад спадніцаў адарваліся, дык сьмелыя сталі, ці так?

– Ну так, ну так, – паківаў галавой Ткач. – Давайце жэрці ці што. А то сядзім неяк, як дзябілы.

Кожны ўзяў плястыкавы тэрмасок на калені й пачаў выцягваць адтуль тое, што набыў. Максім хутка запхаў у сябе пяць ці шэсьць сасісак, але голад зрабіўся толькі мацнейшым. Ён прымусіў сябе спыніцца, бо хлопцы зьелі пакуль што зусім мала. Максім чакаў падколак пра вагу й ня быў да іх гатовы.

– Трэба рачэўні праверыць, – сказаў Ткач. – У нас піва скончыцца, трэба хутка ракаў.

– Нам іх усё адно варыць няма ў чым. Пакуль сябры елі, яшчэ колькі разоў пачуліся гукі сыгналізатара, а Максім адзін раз гучна ікнуў. Над палянаю відаліся зоры. Часам на асьветленых вогнішчам камлях соснаў можна было разгледзець цені рукакрылых.

– Кажаны крычаць. Чуеце? – запытаў Максім, хаця за патрэскваньнем вогнішча нічога такога ня чуў.

– Гэта, дарэчы, яны не па гэтых гуках лятаюць. Тое, што мы чуем, гэта яны размаўляюць. А радары іх – як карабельныя равуны, мы б аглухлі, каб іх чулі, – уставіў Ткач.

– Скуль такія веды? – запытаў Віктар.

– З малымі GeoWild гляджу. Магу вам яшчэ пра белых мядзьведзяў апавесьці. Дарэчы, ня варта было выкідаць вашае гнільлё. Можа мядзьведзь прыйсьці. Яны таксама гнільлё ядуць, як мухі. Наогул усе як мухі. Толькі некаторыя калматыя, а некаторыя чырвоныя. А некаторыя рыбакі.

Максім дапіў бутэльку.

– Я спаць, хлопцы. Разьвіднее а чацьвертай. Прапаную бяз чвэрці ўстаць. Вы як сабе хочаце, а я пайшоў.

Максім адкрыў багажнік і склаў заднія крэслы. Сеў у машыну й пацягнуўся разбэрсаць шнуркі, але ў яго не атрымалася. Тады ён паставіў нагу ў машыну. Даваць рады такім чынам было не нашмат лягчэй, але на ім былі берцы й сьцягнуць іх, не разьвязваючы, не атрымалася б. Максім запоўз сьпінаю ў машыну. Потым сьвіснуў.

– Эна, закрыйце мяне.

Віталь падышоў і, паслаўшы паветраны пацалунак, зачыніў багажнік. Максім лёг па дыяганалі. Павярнуўся на правы бок і памацаў сякеру, якая ляжала ў шчыліне між дзьверкамі й крэслам. Раптам яму стала весела, бо ён перарабіў выслоўе пра мядзьведзя й цяпер атрымлівалася, што не абавязкова спаць у браневіку, дастаткова, каб хтосьці ляжаў у намёце.