— Ну вось, цяпер да мяне сілы вярнуліся, можам ісці,— сказала Таня.
Цётка Тэкля ахінула плечы вялікай чорнай хусткай, узяла Таню за руку, і яны выйшлі з хаты.
Хоць на небе свяціў месяц, але шпарка ісці было немагчыма. З балота ў лес наплыў белы туман. Ён быў такі густы, што за тры крокі перад сабой не было нічога відаць. Леснічыхе і Тані вельмі цяжка было знаходзіць шлях, і яны часта вымушаны былі спыняцца, каб пераканацца, што ідуць правільна. На шчасце, паласа туману скончылася, і можна было паскорыць хаду. Раптам цётка Тэкля і Таня пачулі далёкі брэх сабак.
— Пагоня! — ускрыкнула Таня і спынілася. Спынілася і цётка Тэкля. Прыслухаліся.
— Яны ўжо, здаецца, у маёй хаце, — сказала леснічыха. — Нам трэба хутчэй бегчы.
Аднак бегчы ноччу па лесе было не так лёгка. Пачаўся гушчар, балюча драпаліся галінкі. Па дарозе часта трапляліся вываратні, пад імі ў ямах стаяла вада. Таня ледзь не трапіла ў такую яму. Другі раз яна ў цемры ўзлезла на мурашнік. З кожным крокам яна адчувала ўсё большую стомленасць.
— Ой, цётка Тэкля, — цяжка дыхаючы, спынілася Таня. — Замарылася я зусім… Давайце крыху перадыхнем.
— Гаў-гаў-гаў!.. — сабачы брэх пачуўся бліжэй.
— Чуеш? — замест адказу спытала леснічыха. — Яшчэ трошачкі пратрымайся, дачушка, зараз мы выберамся з гушчару, там далей лягчэй будзе…
«Каб хоць паспець дабегчы да прасекі», — думала цётка Тэкля, а там, яна ведала, пачынаюцца партызанскія пасты. Да прасекі было больш за паўкіламетра.
— Не адставай, ужо недалёка, — падбадзёрвала старая Таню.
Нарэшце дрэвы пачалі радзець, кусты таксама быццам некуды разышліся: месяц, які быў схаваўся за хмару, асвятліў вялікую паляну.
— Ну вось! — з палёгкай уздыхнула цётка Тэкля. — Выбраліся. Як ты адчуваеш сябе, Танечка?
Цётка Тэкля павярнулася і не адразу ўбачыла дзяўчынку. Яна ляжала тварам уніз у высокай сухой траве.
— Што з табой? Змаглася? — нахілілася над ёй старая.
— Цётка Тэкля… Вы бяжыце… пакіньце мяне… я больш не магу, — ціха зашаптала Таня.
Леснічыха асцярожна падняла дзяўчынку на рукі і пайшла з ёй. Але старэчае сэрца цёткі Тэклі не магло ўжо спраўляцца з такой нагрузкай, і яна час ад часу вымушана была спыняцца, каб перадыхнуць.
Сабачы брэх, які быў заціх, зараз узнік амаль побач.
— Няўжо не паспеем? Дагоняць, заб'юць і мяне, і дзіця, паперы забяруць… Патрымайся, Тэкля Антонаўна… яшчэ патрымайся… Ужо недалёка, — шаптала сама сабе леснічыха.
— Гаў-гаў-гаў!.. — вялізны сабака выскачыў з-за куста і схапіў Тэклю за хустку. Тады леснічыха скінула яе. Сабака, відаць, заблытаўшыся, крыху адстаў… А вось і прасека. Святло месяца вольна гуляе тут, нішто яму не перашкаджае — ні галінкі дрэў, ні туман.
«Та-та-та-та!» — застукала недзе ззаду.
«Та-та-та-та!» — адгукнулася і спераду.
«Страляюць!» — здагадалася леснічыха і спынілася, не ведаючы, што рабіць. У гэты момант нехта падбег да яе, збіў разам з Таней з ног і прыціснуў да зямлі.
— Не варушыцеся, цётка Тэкля, — пачула яна голас Сцёпы. І ён здаўся ёй такім родным, такім блізкім, што старая не то ад перажытага хвалявання, не то ад радасці заплакала.
Антак прымае захады
Вярнуўшыся ў раён, Антак адразу накіраваўся да ваеннага каменданта маёра Брунера… Маёр Брунер, маленькі, шчуплы мужчына гадоў пад сорак пяць, заўсёды чыста паголены і акуратна апрануты, сядзеў у сваім кабінеце і нешта пісаў. Ён загадаў начальніку паліцыі пачакаць, але калі Антак сказаў, што ў яго тэрміновая справа, звязаная з партызанамі, маёр Брунер усхапіўся і запрасіў Антака сесці.
Камендант баяўся лясных мсціўцаў больш за ўсё на свеце. І каб не загады зверху, якія патрабавалі новых і новых захадаў супроць партызан, сядзеў бы ён сабе ціхенька, як мыш у нары.
Антак расказаў, што недалёка ад вёскі Ляхаўцы на іх напалі партызаны, капітан Вагнер і двое паліцэйскіх загінулі. Сам жа ён выратаваўся выпадкова.
Маёр Брунер паверыў.
— Паедзем паглядзім, — прапанаваў Антак, ведаючы, што маёр Брунер ні ў якім разе не паедзе.
— Не, не, мне няма часу, — адмоўна закруціў галавой той.
— Але ж забітых трэба пахаваць, — запярэчыў Антак. Ён хацеў хутчэй вярнуцца на тое месца, дзе знік сакваяжык, але адзін ехаць баяўся. Паліцэйскіх вольных не было. Таму Антак настойваў, каб камендант паслаў з ім сваіх людзей.
— Добра, добра, — нарэшце згадзіўся маёр Брунер.
Ён выклікаў лейтэнанта Штума і загадаў яму:
— Вазьміце дзесяць салдат, едзьце на месца нападу і пахавайце забітых паліцэйскіх там, а капітана прывязіце сюды.
«Ну вось, што мне і трэба!» — радасна падумаў Антак і папрасіў лейтэнанта захапіць з сабой аўчарку. Пакуль лейтэнант і салдаты рыхтаваліся, Антак хадзіў па пакоі і напружана думаў: дзе мог падзецца сакваяжык? Хто яго падхапіў? І слава вучонага, аб якой ён пачаў ужо быў марыць, а галоўнае, мільённыя прыбыткі ад продажу супрацьсухотнага прэпарата — усё, усё прапала. Але не! Антак не з такіх, каб так хутка апускаць рукі. Не, ён наладзіць самыя шырокія пошукі гэтых папер.
— Машына гатова! — далажыў салдат.
— Заводзьце, мы зараз ідзем.
Праз гадзіну Антак, лейтэнант Штум і дзесяць салдат прыбылі на месца «сутычкі» з партызанамі… Лейтэнант загадаў салдатам тут жа на ўзбочыне пахаваць забітых паліцэйскіх, а сам узяў аўчарку і павёў яе туды, дзе ляжаў капітан. Сабака абнюхаў траву і раптам заскуголіў, кінуўся ў кусты.
— Ён некага чуе! — нагнуўшыся і разглядаючы прымятую траву на месцы бойкі, сказаў лейтэнант.
— Пан лейтэнант! — азваўся Антак. — Дайце мне пяць чалавек, і я прайду па следзе.
Лейтэнант з радасцю згадзіўся, тым больш што асабіста яму зусім не хацелася лезці ў гэты непраходны гушчар, дзе на кожным кроку магла напаткаць партызанская куля.
— Ганс! — крыкнуў ён яфрэйтару, не зыходзячы з месца. — Вазьмі пяць чалавек і прайдзі з панам Вышамірскім па следзе. Мы вас будзем чакаць тут! — крыкнуў лейтэнант наўздагон.
Сонца ўжо схавалася, і Антак час ад часу асвятляў ліхтарыкам дарогу. Сабака вёў упэўнена і хутка. «Відаць, нехта падыходзіў да месца нашага прыпынку і ўзяў сакваяжык, калі я з капітанам валтузіўся», — думаў ён.
Прайшоўшы кіламетры чатыры лесам, Антак з салдатамі выйшаў да балота. Сабака спыніўся і завыў. Начальнік паліцыі асвятліў ліхтарыкам зямлю і заўважыў чарнеючую пляму. Гэта была кроў. «Значыць, той, хто забраў сакваяжык, быў паранены», — з радасцю падумаў начальнік паліцыі. Тым часам сабака абнюхаў сляды і рваўся далей.
Антак ступаў асцярожна, старанна прыглядаючыся да вузенькай сцежкі, якая змейкай вілася між купін. За ім ланцужком ішлі салдаты. Пад цяжкімі салдацкімі ботамі мяккая балоцістая глеба глыбока ўгіналася, а месцамі і правальвалася. Салдаты са страхам аглядаліся наўкола. Хутка яны вымушаны былі яшчэ больш замарудзіць крокі. Над балотам апусціўся туман. Каб не згубіцца, салдаты трымаліся адзін за аднаго.
Перайшоўшы балота, яны ўбачылі хату леснічыхі.
— Гэй, хто тут? Адгукніся! — крыкнуў Антак.
Але хата маўчала. Тады Антак аддаў каманду абшукаць усе будынкі.
Нікога не знайшоўшы, Антак з салдатамі пайшоў далей. Сабака цяпер часта брахаў і рваўся наперад, відаць, чуў свежы след. «Каб хаця не трапіць у засаду, — мі мільганула ў Антака думка. — Гэта, напэўна, дарога да партызанскага лагера…» Але пакуль што на іх шляху ніякіх прыгод не было, і гэта падбадзёрвала начальніка паліцыі. Адзін раз яму нават пачуўся трэск сухой галінкі. «Мабыць, даганяем», — узрадаваўся ён. І сапраўды, выбраўшыся з гушчару на паляну, Антак і салдаты ўбачылі чалавечую постаць. Яны спусцілі сабаку, а самі шпарка кінуліся ўслед за ім. Раптам начальнік паліцыі ўбачыў, як сабака чагосьці закруціўся на адным месцы. «Напэўна, нажом паранулі», — падумаў ён і даў чаргу з аўтамата па постаці. Але ў гэты ж момант такая ж аўтаматная чарга пачулася ў адказ. Такой сустрэчы ні Антак, ні салдаты не чакалі. Яны павярнуліся і, прыгінаючыся, хутка пабеглі назад.