Выбрать главу

— Хіба ты не бачыш, што з дзялянкай зрабілі? Паспрабуй знайдзі цяпер працяг надпісу.

— А навошта шукаць надпіс? Нам трэба знайсці толькі пень.

— Ну добра, а як ты знойдзеш пень?

— Знойдзем! Мы павінны яго знайсці. Прыйдзецца больш патраціць часу, вось і ўсё. А вы ўжо і насы павесілі. Адступілі перад першымі цяжкасцямі…

— Ну, хопіць, хопіць балбатаць, — спыніў яго Васілёк, — давайце лепей рабіць будан. — І першым пачаў шукаць зручнае месца.

Першыя крокі

Пабудаваўшы будан і нарыхтаваўшы лапак для пасцеляў, хлопцы паселі на траву і пачалі раіцца.

— Перш за ўсё, — сказаў Толік, — паспрабуем адшукаць патрэбны нам пень. Для гэтага будзем прыкладваць да кожнага пня наш кавалак з літарамі. Калі сустрэнем падобны, абкапаем яго з усіх бакоў.

— А на якую глыбіню? — пацікавіўся Васілёк.

— Мне здаецца, што трэба капаць чым глыбей, — выказаў думку Жэнька, — хоць на метр.

Дзіўны чалавек гэты Жэнька: толькі што ныў, гатовы быў усё кінуць і дадому ісці, а тут раптам сур'ёзна разважае, як лепш весці пошукі. І нічога быццам такога не здарылася, каб змяніцца яго настрою.

— А я думаю, — запярэчыў Толік, — хопіць і на паўметра, бо ранены або хворы чалавек не мог глыбока закапаць.

— Калі ж мы пачнем шукаць? — спытаў Васілёк.

— Зараз жа і пачнем, — адказаў Толік.

Лясная паляна жыла сваім жыццём. Няспынна, быццам маленькія казачныя матацыклы, стракаталі конікі. Абганяючы адзін аднаго, то ўзнімаючыся ўгору, то імкліва падаючы ўніз, ляталі рознакаляровыя матылі. Тук-тук-тук! — біў сваёй моцнай дзюбай у сухое дрэва дзяцел. З густой зялёнай травы выглядвалі сінія, жоўтыя і чырвоныя галоўкі кветак і рабілі паляну падобнай на вялізны прыгожы дыван. Тонкая сухаватая трава, аб якую лёгка можна было парэзаць руку, густа кусцілася каля старых пнёў.

З хваляваннем падышлі хлопчыкі да першага пня, які па дыяметры падыходзіў да кавалка бервяна з літарамі. Прыклаўшы адпілаваны кружок да пня, яны ўбачылі, што ён мае зусім іншую форму. Падышлі да другога — зноў не той, які патрэбны. На агледжаных пнях Жэнька ставіў вугалем крыжык, каб больш да іх не варочацца. Трэці пень прымусіў хлопчыкаў задумацца: ён як быццам падыходзіў. Вырашылі абкапаць яго. За работу ўзяліся шчыра. Васілёк рыдлёўкай спрытна падкапваў дзёран каля пня і адкідаў убок. Толік абкапваў пень глыбей. Спачатку ішла шэрая сухая зямля, а потым паказаўся вільготны жоўты жвір. Пракапалі больш як на паўметра, але нічога не знайшлі.

Хлопцы пастаялі, падумалі, капаць далей ці не. Жэнька ўзяў дрот і пачаў ім поркаць зямлю каля пня. Дрот уваходзіў у зямлю лёгка, ні ў што не ўпіраўся. Пакінулі гэты і пайшлі да наступнага. Пні ўвесь час трапляліся то занадта тонкія, то занадта тоўстыя. Але вось хлопчыкі натрапілі, як ім здалося, якраз на той пень, які быў патрэбен. Пачалі абкапваць яго. Аднак вынік атрымаўся той жа. Абкапалі яшчэ некалькі. З кожным новым пнём работа ішла ўсё марудней і марудней. Васілёк ужо з цяжкасцю адрываў дзёран. Ён усё часцей пачаў паглядаць на свае рукі, на якіх з'явіліся вадзяністыя пухіры. Жэньку прыйшлося аддаць Васільку дрот, а самому ўзяцца за рыдлёўку. Нарэшце стаміўся і Жэнька. Толькі адзін Толік не адчуваў стомленасці, працаваў лёгка і, як здавалася, без усякага напружання. І пухіроў на руках у яго не было.

«Гэта таму, што ён займаецца спортам, — з зайздрасцю падумаў Васілёк, — і ўвесь час прападае ў калгасным садзе: разам з дзедам Анупрэем перакапаў усю зямлю вакол дрэў».

Толік заўважыў, што яго сябры стаміліся, і падаў каманду адпачываць. Хлопчыкі агледзелі сваю работу: каля паўтара дзесятка абкапаных пнёў — і ніякіх вынікаў.

Было нявесела. Нават гаваркі Васілёк змоўк. Ён з асалодай выцягнуўся ва ўвесь рост на духмянай траве пад размашыстай ялінай, не маючы сілы нават падняцца і прыняць шышку, якая муляла плячо. Прылёг і Жэнька. Толік жа ўзяў кацялок і некуды пайшоў. Доўга ён хадзіў ці не — ні Жэнька, ні Васілёк не ведалі. Васілёк прачнуўся ад таго, што яму ў твар пырскаў дождж. Ён падхапіўся і пачаў углядацца. Неба было чыстае, па-ранейшаму ярка свяціла сонца. Але тут ён убачыў «хмару». Гэта Толік абмакваў галінку ў кацялок з вадой і пырскаў цяпер на Жэньку.

— Вас ніяк не разбудзіць, — смяяўся Толік, — прыйшлося вадой ажыўляць.

— А дзе ты ваду знайшоў? — спытаў Жэнька.

— Тут непадалёк азярцо ёсць.

— Не шкодзіла б і асвяжыцца, — сказаў Жэнька.

— Не, не будзем траціць часу… Давайце перакусім і будзем капаць далей.

Пасля адпачынку рыдлёўкі здаліся яшчэ цяжэйшымі. Ныла ўсё цела, рукі не слухаліся, а спіна балела яшчэ горш. Праўда, так працавалі нядоўга. Праз колькі часу ў руках зноў з'явілася сіла, і работа пайшла шпарчэй.

За другую палавіну дня абкапалі яшчэ дзесяць пнёў, а вынікі былі ўсё тыя ж самыя.

Хлопчыкі задумаліся. Што рабіць? Можа, яны дарэмна трацяць сілы і час? Можа, хвоя з літарамі была спілена не на дзялянцы, а дзе-небудзь у іншым месцы, бо, ідучы сюды, яны сустрэлі па дарозе шмат адзіночных пнёў? Нарэшце Толік рашуча заявіў:

— Я лічу, што на паўдарозе нельга спыняцца. Мы абкапаем усе падобныя пні і калі нічога не знойдзем, то так і скажам: зрабілі ўсё, што маглі… А цяпер пайшлі купацца.

Толік пабег першы, за ім кінуліся Васілёк і Жэнька.

Азярцо было невялікае, але глыбокае.

Хлопчыкі раздзеліся і адзін за адным скочылі Ў ваду.

— Ану, хто мяне абгоніць? — крыкнуў Толік.

Жэнька і Васілёк, пырскаючыся і аддуваючыся, паплылі за Толікам. Хутка Толік пачуў знаёмае пф-пф-ф-ф: яго даганяў Васілёк.

Халодная вада як рукой зняла стомленасць. Вярнуліся вясёлыя і бадзёрыя. На вячэру вырашылі нічога не гатаваць, перакусіць хлебам з салам і запіць гарачым чаем.

Пакуль павячэралі — зусім сцямнела. На палянцы зрабілася вельмі ціха, толькі стракаталі неўгамонныя конікі. Паветра павільготнела, і на тонкіх сцяблінках травы, на вострых кончыках лісцяў пачалі з'яўляцца кропелькі расы.

— Ну, спаць, — сказаў Толік, — заўтра ўстанем разам з сонцам.

Усе трое залезлі ў будан і з асалодай разлегліся на пахучых яловых лапках. Жэнька і Васілёк заснулі адразу. Толік яшчэ доўга ляжаў, прыслухоўваючыся да начнога жыцця лесу.

А лес і сапраўды, быццам зрабіўшы перапынак на вячэру, зноў пачаў ажываць. «Кр-кр-кр! кр-р-р!» — недзе зусім блізка хрыпатым голасам закаркала варона. З супрацьлеглага канца ёй адгукнулася другая. «Ку-гу! ку-гу! ку-гу!» — раптам разнеслася па лесе. Толік ажно падхапіўся. Хто гэта? Але адразу супакоіўся, успомніўшы, што так крычыць пугач. Над самым буданом пачуліся цяжкія з прысвістам узмахі крылаў. «Напэўна сава вылецела на паляванне, — падумаў хлопчык. — На каго яна больш за ўсё любіць паляваць? Ага, на зайцоў.» І сапраўды, ці гэтай, ці другой саве трапілася здабыча, бо ў наступны момант пачуўся нейчы жудасны крык і трапятанне крылаў. Потым зноў надышла цішыня.

Хоць Толік быў і не палахлівы, але ўсё гэта адганяла сон. Турбавала і другое. А што, калі ўсе іх дамаганні знайсці паперы доктара акажуцца дарэмнымі? Маглі ж гэтыя паперы струхлець ці згінуць, так што ад іх і следу не засталося. Ва ўсякім выпадку першыя пошукі ў іх нешта няўдалыя. А Толіку так хацелася знайсці працу доктара. Ён успомніў сумны твар Ані, якая сядзела на возе, ад'язджаючы ў бальніцу, і сам сабе запярэчыў: «Не, калі іх хавалі ў зямлю, то, напэўна, добра запакавалі. Трэба шукаць». Падумаўшы так, Толік супакоіўся і хутка заснуў.

Настойлівасць перамагла

Назаўтра раніцай, як толькі праменні сонца асвяцілі верхавіны дрэў, Толік быў ужо на нагах. Сон прыемна асвяжыў хлопчыка, настрой быў бадзёры.

— Го-го-го! — гукнуў ён на ўвесь голас. — Пад'ём!

З шалаша высунулася чорная калматая галава Жэнькі. Ён вылез, пацягнуўся і адразу з кулакамі палез на Толіка.

— Чаго спаць не даеш? Раскрычаўся… Выбраўшы роўнае месца, яны схапіліся борацца. Ні адзін не ўступаў другому ні ў сіле, ні ў спрыце. Мінут пяць качаліся яны па траве, але пераможца так і не вызначыўся.