Хто больш браў удзел у гэтым паказе і ці Сцяцко ставіў іншыя п’есы -- я не памятаю. Ніна Сыантовіч пасля вайны выйшла замуж за сваяка Сяргея Хмары — Нікіціна і апынулася каля ці ў самім Беластоку, малодшы Санюк сам застрэліўся ў пачатку 1944-га года, а Сцяцко пасля вайны жыў і памёр у Амерыцы.
З тае пары яшчэ памятаю, што на Вялікдзень 1942 года моладзь, перад традыцыйным святочным ігрышчам, ставіла ў школьнай класавай зале “Мікітаў лапаць” і галоўную ролю ў гэтай п’есе вельмі ўдала выканаў мой брат па дзядзьку Хведар Данілюк. Пазней яго забралі на фронт і ён загінуў у Польшчы ці ў Нямеччыне.
Былі, без сумневу, пры немцах драматычныя гурткі ды паказы і ў іншых мястэчках, а таксама ў вялікіх вёсках Слонімскай акругі, але без мясцовай газеты пра гэта мала хто ведаў.
Яшчэ ўспомнілася, што перад вайною, у 1938-м годзе, Слонімская дабравольная дружына пажарнай аховы пад камандай і рэжысурай дзяка (імя не памятаю) Дэжуры ставіла ў школьнай зале на польскай мове беларускія аднаактоўкі “Мікітаў лапаць” М.Чарота і “Чорт і баба” Ф.Аляхновіча.
Акрамя мясцовых сілаў на сцэне Слонімскага Народнага дому пры немцах выступалі і госці. Першым з іх быў беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Вельмі паспяховы канцэрт якога адбыўся вясною, ці ў пачатку лета 1942 года. Гэтым разам зала не пуставала, як пры Польшчы, а ў ёй нават не хапала месцаў.
Следам за Забэйдам-Суміцкім летам 1942-га і 1943-га гадоў прыязджаў Мінскі беларускі тэатр. Яны паказалі дзве праграмы: драматычную і канцэртную. У першай, як памятаю, ставілі “Каварства і каханне” Шылера, “На Антокалі” Аляхновіча і “Паўлінку” Янкі Купалы. Нашай публіцы вельмі падабаўся галоўны артыст-прыгажун з гэтага тэатра Пальчэўскі.
У канцэртнай праграме выступалі, між іншым, акардэаніст-віртуоз Савіцкі і выканаўца народных песень Барбара Вяржбаловіч, ды маладзенькая прыгажуня Стэфа Лыскавец. Беларуская народная песня “Ой, ты хлопец кучаравы...” і нямецкая “Lili Marlein” выклікалі нязмоўклыя апладысменты з боку беларускай і нямецкай публікі. Шкада, што мінскае савецкае падполле арганізавала забойствы Савіцкага і Стэфы Лыскавец — яны загінулі пад коламі накладных самаходаў-грузавікоў. Барбара Вяржбаловіч таксама памерла ад самаходавага наезду, але ўжо пасля вайны ў Мюнхене.
Апрача Мінскага прафесійнага тэатра ў нашым Народным доме вясною 1943 года гасціў і вельмі добры Баранавіцкі аматарскі тэатр. Галоўнымі артыстамі ў ім былі — сын святара Расціслаў Раждзественскі і ягоная пазнейшая жонка Вера (дзявочага прозвішча не памятаю), а таксама мае школьныя калегі: Чэсь Чарняўскі і Сцяпан Якімчык. Якія п’есы яны ставілі — я ўжо забыўся, але памятаю толькі “Пана Міністра” Францішка Аляхновіча, у якой галоўную ролю іграў Чэсь Чарняўскі.
Расціслаў і Вера Раждзественскія жылі пасля вайны ў Мюнхене ў Нямеччыне, а потым у Амерыцы, дзе ён выкладаў рускую мову ў нейкім каледжы, але маладым памёр. Што сталася з Чэсям Чарняўскім і Сцёпкам Якімчыкам – я не памятаю.
Пад канец нямецкай акупацыі ўзровень паказаў у Народным доме ўпаў, бо іхняй арганізацыяй нейкім чынам займаўся Аляксандр Асіпчык, які ставіў на сцэне і тое, што было вартае ўвагі, і тое, на што не было чаго глядзець. Апрача гэтага на сцэне Народнага дому час ад часу пачалі выступаць эвакуіраваныя з усходу расійскія трупы. Вось гэта і ўсё, што я магу ўспомніць пра Слонімскі Народны дом, якога так шкада, што няма”.
Пасля вайны Беларускі Народны дом стаў называцца раённым Домам культуры (РДК). У 1948 годзе тут пачаў працаваць новы драмгурток, які ўзначальваў Аляксандр Бялоў. Пасля Бялова гурток ужо стаў народным тэатрам і ім кіраваў Міхаіл Фрыдман. У 1968 годзе народны тэатр пры Слонімскім РДК узначаліў Мікалай Варвашэвіч. З 1990 года народны тэатр пад яго кіраўніцтвам стаў Слонімскім беларускім драматычным тэатрам. Акрамя тэатральнага гуртка ў старым будынку РДК актыўна працавалі аркестр народных інструментаў (кіраўнік Марат Малікаў), кінастудыя і іншыя гурткі і калектывы.